Касцёл Анёлаў-Ахоўнікаў (Канічы)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Каталіцкі храм
Касцёл Анёлаў Ахоўнікаў
Канічы. Касцёл (01).jpg
53°17′01,10″ пн. ш. 32°09′50,80″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Канічы
Канфесія Каталіцтва
Епархія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Касцюковіцкі дэканат
Тып будынка Касцёл
Архітэктурны стыль неараманскі
Першае згадванне 1825 г.
Будаўніцтва 19001910 гады
Стан зруйнаваны

Касцё́л Анё́лаў-Ахо́ўнікаў — мураваны каталіцкі храм у вёсцы Канічах Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці, помнік архітэктуры неараманскага стылю пачатку XX стагоддзя, зруйнаваны ў ходзе савецкай антырэлігійнай кампаніі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першая ўзгадка аб касцёле ў Канічах адносіцца да 1830-х гадоў (па іншых звестках — 1825 г.), калі ўладальніца вёскі Кардула Цеханавецкая заснавала капліцу, якая служыла сямейнай пахавальняй гэтага роду. Каталіцкі прыход таксама ўзгадваецца ў адным з рэвізскіх дакументаў 1841 года[1].

Будаўніцтва цаглянага касцёла распачалося ў 1900 годзе над магільным склепам Цеханавецкіх. Спачатку храм меркавалася ўзвесці ў іншай частцы вёскі, аднак на месцы планаванага будаўніцтва загінуў чалавек, што палічылі дрэнным знакам. Паводле ўзгадак вяскоўцаў, дзеля таго, каб даставіць гліняныя цагліны будаўнікам, людзі выбудоўваліся ў доўгую чаргу і перадавалі іх з рук у рукі, а ў сам раствор для трываласці дадавалі курыныя яйкі, тварог і вапну. Узвядзенне храма скончылася ў 1910 годзе. Дакладнае імя святога, у гонар якога быў асвячоны касцёл невядома, аднак прыход меў філіяльны статус[2].

Падчас Другой сусветнай вайны ў купал касцёла трапіў снарад, а з самога храма ў Германію былі вывезены інтэр’ер і арган. У пасляваенны час храм спрабавалі зруйнаваць, вырываючы кавалкі сценаў з дапамогай трактароў, але цалкам знішчыць будынак не атрымалася — разбуранымі апынуліся толькі дзве калоны пры ўваходзе[2]. У цяперашні час парафія адраджаецца пад найменнем Анёлаў-Ахоўнікаў[3].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Пабудаваны на ўсходняй ускраіне вёскі, помнік архітэктуры неараманскага стылю[4], паводле іншых крныіцаў — неабарока[5]. Двухвежавы прамавугольны ў плане будынак з вылучанай апсіднай часткай, звонку прамавугольнай, знутры паўкруглай, завершанай трохвугольным франтонам, раскрапаваным пілястрамі. Фасады неатынкаваны, апрацаваны пілястрамі і завершаны развітым антаблементам. Галоўны фасад трохчасткавы, фланкіраваны чатырохграннымі вежамі, расчлянёны паўкруглымі люкарнамі, арачнымі аконнымі праёмамі і падзелены антаблементам. Завяршэнне вежаў не захавалася. Высока размешчаны вокны з паўцыркульнымі імпастамі[5].

Дэкаратыўнае ўбранне інтэр’ера і большая частка перакрыццяў не захавалася. Унутры зала была перакрыта цыліндрычным скляпеннем, паўкруглая алтарная частка, накрытая двухсхільным дахам — паўсферычнай конхай. Атынкаваныя сцены крапаваны пілястрамі і апяразаны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. Пад апсідай захавалася скляпеністая крыпта[4].

Па ўспамінах старажылаў, касцёл славіўся сваім багатым інтэр’ерам на ўсё наваколле. Ён быў упрыгожаны фрэскамі і роспісамі, меў арган, які быў выраблены ў Германіі. Лаўкі для сядзення былі зроблены з моранага дубу. На вокнах меліся каляровыя вітражы. Прадметы інтэр’еру аздабляліся чырвоным аксамітам. У ходзе нямецкай акупацыі ўнутранае ўбранства было разрабавана[6].

Зноскі

  1. Андрэй Скарабагатаў. В поисках потерянных воспоминаний (руск.) . Магілёўскія ведамасці (8 лістапада 2018). Праверана 27 чэрвеня 2019.
  2. 2,0 2,1 Ёсць на Магілёўшчыне касцёл без імя… (бел.) . Магілёўскі і Бабруйскі дэканаты Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (8 мая 2014). Праверана 27 чэрвеня 2019.
  3. Канічы — парафія Анёлаў Ахоўнікаў (бел.) . Catholic.by. Праверана 27 чэрвеня 2019.
  4. 4,0 4,1 Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008.— 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5., с.171
  5. 5,0 5,1 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. 13. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1986.— 408 с., іл., с.217—218
  6. Край у складзе Расійскай імперыі (бел.) . Магілёўская абласная бібліятэка (2011). Праверана 27 чэрвеня 2019.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]