Перайсці да зместу

Канічы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Канічы
Зруйнаваны бровар Цеханавецкіх (1914 г.)
Зруйнаваны бровар Цеханавецкіх (1914 г.)
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1511 г.
Вышыня цэнтра
163 м
Насельніцтва
195[1] чалавек (2018)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2245
Паштовыя індэксы
213657 і 213685
Аўтамабільны код
6
Канічы на карце Беларусі ±
Канічы (Беларусь)
Канічы
Канічы (Магілёўская вобласць)
Канічы

Ка́нічы[2] (трансліт.: Kaničy, руск.: Каничи) — вёска ў Касцюковіцкім раёнё Магілёўскай вобласці Беларусі, пры сутоцы Беседзі з Суравам[3]. Уваходзіць у склад Новасаматэвіцкага сельсавета.

Канічы — даўняе мястэчка гістарчынай Мсціслаўшчыны, колішняе ўладанне Цеханавецкіх. Знаходзіцца за 15 км на паўднёвы ўсход ад Касцюковічаў, за 9 км ад чыгуначнай станцыі Бялынкавічы (лінія КрычаўСураж). Насельніцтва на 2018 год — 195 чалавек[1].

Каля паўднёва-ўсходняй ускраіны вёскі знаходзіцца Каніцкае радовішча пяскоў. Лінзападобны паклад звязаны са старажытнаалювіяльнымі адкладамі надпоймавай тэрасы ракі Беседзь.

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]

Мясцовасць цяперашніх Канічаў была заселена яшчэ ў старажытныя часы, аб чым сведчыць гарадзішча XVIII ст. да н.э., размешчанае на правым беразе ракі Беседзь. Першая летапісная ўзгадка пра вёску адносіцца да 1511 года, дзе гэта паселішча пад назвай Конічы значыцца як месца гандлю конямі. На той час яно ўваходзіла ў склад Алучыкай воласці Мсціслаўскага княства[4].

У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў, вёска апынулася ў Крычаўскім павеце Мсціслаўскага ваяводства, дзе ў 1708 г. згадваецца пад сваёй сучаснай назвай. У пачатку XVIII стагоддзя Канічы з’яўляліся ўладаннем роду Цеханавецкіх. Вядома, што ў ходзе Крычаўскага паўстання хослаўскі староста, пан Цеханавецкі, «выганяў 300 людзей» з двара і вёскі Канічы ў дапамогу паўстанцам падчас штурма Крычаўскага замка[3].

У 1765 годзе Канічы ўпершыню апісваецца як мястэчка з вулічнай забудовай, у якой дамы стаялі па абодвух баках вуліцы. Мясцовая драўляная ўніяцкая царква была настолькі старой, што набажэнствы ў ёй спынілі[5].

Пад уладай Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай Канічы ўвайшлі ў склад Мсціслаўскай правінцыі, пазней — Касцюковіцкай воласці Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні, пры гэтым статус мястэчка панізілі да сяла[3].

У 1810 годзе памешчык І. Цеханавецкі заснаваў у Канічах суконную фабрыку (дзейнічала да 1832 г.). Сукно выраблялася з шэрсці іспанскіх авечак, якіх тут разводзілі. У час вайны 1812 г. фабрыка была разбурана і разрабавана французамі. У 1823 годзе на мануфактуры працавалі 137 прыгонных рабочых і вольнанаёмны майстар, у 1826 годзе меліся 10 ткацкіх і 10 сукнавальных станкоў, 6 прадзільных і 6 часальных машын, варсавальня і фарбавальня[6].

Уладальнік сяла, памешчык Уладзімір Цеханавецкі, у 1850 г. пабудаваў драўляны бровар (у 1900 г. працавалі 14 рабочых), на якім вырабляліся 120 704 вядры віна (даход 6705 руб.), а ў 1895 годзе пачала дзейнічаць парасілавая ўстаноўка. У сярэдзіне XIX ст. у Канічах быў касцёл і дзве праваслаўныя царквы, да маёнтка Цеханавецкіх адносіліся 13 вёсак, 6027 дзесяцін зямлі, 2 сукнавальні, 2 карчмы, 2 вадзяныя млыны, 94 лаўкі, вінакурны завод[3].

Станам на 1880 год, у сяле было 128 двароў, дзейнічалі царква (узведзена ў 1863 годзе) і каталіцкая капліца, 31 двор займаўся адыходным промыслам, прыбытак з якога складаў 20—40 рублёў. У 1886 годзе вёска значыцца ўжо як былое прыватнае ўладанне. Падчас сялянскіх хваляванняў 1893 года быў разгромлены панскі маёнтак. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, вёска налічвала 54 двары, царкву, царкоўна-прыходскую школу, хлебазапасную краму і карчму, вінакурны завод, вадзяны млын і сукнавальню[3].

Пад назвай Канічы ў канцы XIX ст. існавалі мястэчка, сяло і фальварак. Апошнім уладальнікам фальварка быў Сігізмунд Цеханавецкі, які меў 1320 дзесяцін зямлі. У ходзе рэвалюцыі 1905—1907 гадоў вяскоўцы зноў разбурылі маёнтак Платона Цеханавецкага, спалілі драўляны бровар[7]. Па інфармацыі 1909 года, у паселішчы дзейнічалі народнае вучылішча і царкоўнапрыходская школа, працавала казённая вінная лаўка, меліся 1302 дзесяціны зямлі. На рацэ Сураў, за 1.2 км на поўнач ад вусця, у канцы XIX ст. быў узведзены вадзяны млын, які спачатку належаў Цеханавецкім, а ў 1920-я гады перайшоў ва ўласнасць калгаса[8].

У 1910 годзе было скончана будаўніцтва новага касцёла, а ў 1914 годзе аднавіў працу бровар, размешчаны ў цагляным неабарочным будынку.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Канічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад БССР. 16 студзеня вёска разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі апынулася ў складзе РСФСР, але ў 1924 годзе, у выніку першага ўзбуйнення БССР, Канічы вярнулі Беларусі. 20 жніўня таго ж года яны сталі цэнтрам Каніцкага сельсавета Бялынкавіцкага раёна Калінінскай акругі. 4 жніўня 1927 года Бялынкавіцкі раён быў скасаваны, сельсавет увайшоў у склад Касцюковіцкага раёна Магілёўскай акругі[3].

У 1920-х гадах быў створаны саўгас, які ўваходзіў у Аршанскі свінагадоўчы трэст. Працавалі кузня, вадзяны млын, цагельня, ваўначоска, вапнавы завод. У 1930 годзе ўтварыўся калгас «Чырвоны Кастрычнік».

Падчас нямецкай акупацыі Беларусі ў Канічах загінулі 145 вяскоўцаў, з іх ліку 12 мірных жыхароў былі расстраляны ў 1943 годзе нацыстамі. Пры адступленні вермахта таксама быў спалены вадзяны млын[8].

У пасляваенны час прыйшлі ў заняпад помнікі архітэктуры Канічаў: касцёл ператварыўся ў руіны, а колішнія бровар і царква выкарыстоўваліся як машынная станцыя і склад мінеральных угнаенняў адпаведна, пасля чаго канчаткова разбурыліся[9].

8 снежня 1959 года скасаваны Каніцкі сельсавет, Канічы ўвайшлі ў склад Бялынкавіцкага сельсавета[10].

Станам на 2011 год, у вёсцы размяшчаліся аддзяленне калгаса «Прагрэс», дзве крамы, аўтаматычная тэлефонная станцыя, аддзяленне сувязі, клуб, бібліятэка, школа, фельчарска-акушэрскі пункт[3].

  • XVIII стагоддзе: 1783 год — 86 чал.; 1799 год — 154 чал., 22 двары.
  • XIX стагоддзе: 1834 год — 206 чал. у мястэчку Канічах і 380 чал. у сяле Канічах; 1880 год — 902 чал., 128 двароў; 1886 год — 804 чал., 118 двароў; 1897 год — 419 чал. у мястэчку Канічах, 864 чал. у сяле Канічах і 32 чал. у маёнтку
  • XX стагоддзе: 1909 год — 1130 чал. (з фальваркам), 204 двары; 1959 год — 714 чал.; 1970 год — 513 чал.; 1986 год — 276 чал.
  • XXI стагоддзе: 2002 год — 441 чал.[11]; 2007 год — 366 чал.[12]; 2010 год — 274 чал.; 2018 год — 195 чал., 100 двароў[1].
  • Касцёл Святых Анёлаў-Ахоўнікаў (1900—1910 г., мураваны) — помнік архітэктуры неараманскага стылю.
  • Бровар Цеханавецкіх (1914 г., мураваны).
  • Гаспадарчыя пабудовы сядзібы Цеханавецкіх (XVIII—XIX ст., мураваныя).

Страчаная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]
  • Царква Раства Багародзіцы (1863 г., драўляная) — згарэла ў 2019 годзе.

Вядомыя ўраджэнцы

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в Новосамотевичский сельский Совет (руск.). Касцюковіцкі раённы выканаўчы камітэт (2018). Архівавана з першакрыніцы 11.04.2019. Праверана 25.06.2019.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  3. а б в г д е ё Паходжанне вёсак Касцюковіцкага раёна і іх гістарычная даведка (недаступная спасылка). Магілёўская абласная бібліятэка (2011). Архівавана з першакрыніцы 31 кастрычніка 2018. Праверана 25.06.2019.
  4. Города, местечки и замки Великого княжества Литовского: Энциклопедия. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — 312 с. — 3000 экз. — ISBN 978-985-11-0432-7
  5. ЭнцВКЛ 2010.
  6. Каніцкая суконная мануфактура // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7)., с.586
  7. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Касцюковіцкага р-на. — Мн.: Вышэйшая школа, 2000. — 524, [1] с. ISBN 985-06-0588-X., с.83
  8. а б Грамадскія і прамысловыя будынкі (недаступная спасылка). Магілёўская абласная бібліятэка (2011). Архівавана з першакрыніцы 28 чэрвеня 2019. Праверана 28.06.2019.
  9. Андрэй Скарабагатаў.. В поисках потерянных воспоминаний (руск.)(недаступная спасылка). Магілёўскія ведамасці (8 лістапада 2018). Архівавана з першакрыніцы 28 чэрвеня 2019. Праверана 27.06.2019.
  10. Рашэнне выканкома Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 8 снежня 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 18.
  11. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008. — 728 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0409-9., с. 677.
  12. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008. — 728 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0409-9., с. 676.