Перайсці да зместу

Ізаглоса кентум-сатэм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Кентум-сатэм)
Прыблізная дыяхранічная карта, што адлюстроўвае арэалы моў кентум і сатэм. Гіпатэтычная тэрыторыя ўзнікнення сатэмізацыі паказана цёмна-чырвоным, што адпавядае Сінташта-Пятроўскай, Абашаўскай археалагічным культурам і зрубнай культурна-гістарычнай супольнасці. Дакладнасць асобных дэталей карты залежыць ад таго, які перыяд разглядаецца.

Ізагло́са ке́нтум-сатэм — адна з ізаглос індаеўрапейскай моўнай сям'і, якая ўзнікла ў выніку рознай эвалюцыі трох радоў сярэднеязычных зычных у розных індаеўрапейскіх мовах[1]:

*, *, *gʷʰ (лабіявелярныя)
*k, *g, * (велярныя)
*, *ǵ, *ǵʰ (палатавелярныя)

Тэрмін кентум-сатэм паходзіць ад традыцыйнага прыкладу эвалюцыі гэтых зычных у розных індаеўрапейскіх мовах на ўзоры праіндаеўрапейскага слова для лічэбніка сто ў лацінскай мове (пераход у /k/: centum) і авестыйскай[заўв 1] (пераход у фрыкатыў: satəm).

Мовы кентум уключаюць у сябе італійскую, кельцкую, германскую, грэчаскую і тахарскую галіны індаеўрапейскай моўнай сям'і. У мовах кентум звычайныя і палатальныя велярныя зычныя праіндаеўрапейскай мовы зліліся ў звычайныя велярныя, аднак захаваўся трэці рад з лабіявелярных зычных[1]. Тахарскія мовы шмат у чым адлюстроўваюць пераход усіх трох згаданых радоў, а таксама ўсіх звонкіх або аспіраваных зычных у адну фанему — /k/, што падштурхоўвае некаторых лінгвістаў да меркавання, што тахарскія мовы не ўпісваюцца ў канцэпцыю кентум-сатэм[2]. Нягледзячы на гэта, некаторыя праіндаеўрапейскія лабіявелярныя ў тахарскіх мовах гістарычна перайшлі ў лабіявелярападобны /ku/; разам з іншымі доказамі гэтыя абставіны сведчаць пра адрозненне лабіявелярных у пратахарскай мове і толькі пазнейшае зліццё гэтых гукаў з велярнымі, і таму тахарская з'яўляецца яўна кентумнай мовай[3].

Да моў сатэм прынята адносіць мовы, у якіх адбыўся пераход трох узгаданых серый зычных у сібілянты (свісцячыя зычныя). Падобны пераход уласцівы мовам індаіранскай, балцкай, славянскай галін, а таксама армянскай мове, якая мае асобнае месца сярод індаеўрапейскіх моў. Гэтыя мовы, як правіла, страцілі агубленае вымаўленне праіндаеўрапейскіх лабіявелярных, з-за чаго яны аб'ядналіся з велярнымі, у той час як палатальныя захаваліся[1]. Балта-славянскія ў асноўным з'яўляюцца сатэмнымі мовамі, але некаторыя словы маюць кентумныя рысы, з-за чаго сатэмізацыя ў гэтых мовах магла стаць няпоўнай.

Адны з апошніх звестак, атрыманых пры даследаваннях лувійскай мовы, сведчаць пра адрозненне ўсіх трох радоў зычных у праанаталійскай мове (продак т.зв. анаталійскіх моў — вымерлых індаеўрапейскіх моў цэнтральнай Турцыі)[3][4]. Нягледзячы на гэта, у хецкай мове, найвядомейшай з анаталійскіх моў, была кентумізацыя, якая з'явілася ў мове пасля распаду агульнаанаталійскай мовы[3].

Паняцце ізаглосы кентум-сатэм ужываецца толькі адносна бацькоўскай мовы, у якой быў поўны набор заднеязычных зычных. Пазнейшыя гукавыя змены ў асобных галінах індаеўрапейскай сям'і, падобныя да змен кентум ці сатэм, з гэтага паняцця звычайна выключаюцца. Напрыклад, у паняцце ізаглосы кентум-сатэм не ўваходзіць пераход лацінскага k у s у некаторых раманскіх або зліццё *kʷ з *k у гайдэльскіх мовах.

Праіндаеўрапейскія сярэднеязычныя

[правіць | правіць зыходнік]

Ізаглоса кентум-сатэм тлумачыць эвалюцыю трох радоў сярэднеязычных зычных, рэканструяваных для праіндаеўрапейскай мовы, *kʷ, *gʷ, *gʷʰ (лабіявелярныя), *k, *g, *gʰ (велярныя), і *ḱ, *ǵ, *ǵʰ (палатавелярныя) у даччыных мовах (мовах, што ўтварыліся ў выніку распаду праіндаеўрапейскай). Падзел на групы кентум і сатэм дае толькі прыблізнае ўяўленне пра бацькоўскую мову, у якой быў поўны набор сярэднеязычных.

Нямецкі лінгвіст А. Шляйхер у выдадзеным у 1871 годзе «Кампендыуме» меркаваў, што праіндаеўрапейская мова мела адзін велярны рад, k, g, gh. Іншы нямецкі лінгвіст, К. Бругман прызнаваў ужо два рады: «велярныя выбухныя» (q, g, gh) супраць «палаталізаваных выбухных» (, , g̑h). Бругман назваў мовы, вядомыя цяпер як мовы кентум, «мовамі з лабіялізацыяй», мовы сатэм, у сваю чаргу — як «мовы без лабіялізацыі». На думку Бругмана для слоў і груп слоў, якія не паўстаюць ні ў адной мове з лабіялізаваным велярным, нельга вызначыць наяўнасць калі-небудзь у мінулым «u̯-згортвання».

Між тым, у выданні гэтай працы ў 1897 годзе Бругман змяніў свае погляды, прыняўшы тэрміналогію кентум/сатэм, уведзеную нямецкім лінгвістам Петэрам фон Брадке ў 1890 годзе. Згодна з гэтым, ён пазначыў лабіявелярныя як qu̯, qu̯h, gu̯, gu̯h, увёўшы таксама безгалосныя аспіраты.

Дрэвападобная мадэль класіфікацыі індаеўрапейскіх моў. Злева — мовы кентум, справа — мовы сатэм.

Мовы сатэм адлюстроўваюць наяўнасць характэрных афрыкатных і фрыкатыўных зычных з артыкуляцыяй у пярэдняй частцы рота, якія ўзнікаюць у словах, паходжанне якіх прасочваецца ад праіндаеўрапейскіх лексічных адзінак. Напрыклад, праіндаеўрапейскае *(d)ḱm̥tóm («сто»), на якім звычайна ілюструецца сатэмны пераход, пераўтварылася ў авест. satəm, перс.: sad, санскр.: śatam, лат.: simts, літ.: šimtas, стар.-слав. sъto. Сярод іншых падобных прыкладаў адзначаецца стараславянская прыстаўка sъ(n)-з (параўн. з кентум. лац. co(n)-).

Крыніцы адметна сатэмных гукаў і шляхі іх узнікнення цягам многіх дзесяцігоддзяў абмяркоўваліся індаеўрапеістамі. Аўтар канцэпцыі, нямецкі лінгвіст Петэр фон Брадке, меркаваў пра наяўнасць у праіндаеўрапейскай мове двух радоў зычных: *k, *kʰ, *g, *gʰ і *ḱ, *ḱʰ, *ǵ, *ǵʰ. Так, *ḱ перайшло ў санскрыце ў ś [ɕ], у латышскай, авестыйскай, рускай і армянскай — у s, у літоўскай — у š [ʃ], у албанскай, за некаторымі выключэннямі, у th [θ]. Іншы нямецкі лінгвіст, Карл Бругман, дадаваў у канцэпцыю агублены рад *kʷ, *kʷʰ, *gʷ, *gʷʰ, але мяркуючы, што ў сатэмных мовах ён зліўся з першым радам фон Брадке (гл. вышэй). Такім чынам, незалежна ад паходжання сатэмных гукаў ад таго ці іншага з трох радоў зычных, усе словы з сучаснымі сатэмнымі гукамі на месцы ранейшых трох радоў зычных адносяцца да сатэмных слоў.

Сатэмныя рысы развіваліся і ў іншых індаеўрапейскіх мовах (напрыклад, фр.: cent, ісп.: ciento), у выніку чаго ў некаторых выпадках становіцца цяжкім вызначэнне моў з першапачатковымі сатэмнымі рысамі або моў, у якіх сатэмныя рысы ўзніклі ў выніку запазычванняў або ў выніку незалежных пераходаў. У той час як шырокая задакументаванасць лацінскай і старажытнашведскай моў паказваюць пра самастойны характар асібіляцыі[заўв 2] ў французскай і шведскай мовах адпаведна, то ў выпадку з маленькай колькасцю пісьмовых помнікаў дакійскай і фракійскай моў невядома пра запазычаны або ўласны характар гэтых гукаў. Сярод іншых прыкладаў падобных ускладненняў адзначаюцца запазычанні з індаіранскіх моў у армянскую, у выніку чаго абгрунтаванне прыналежнасці армянскай да сатэмных моў грунтуецца на досыць невялікай колькасці слоў.

Да кентумных моў адносяць індаеўрапейскія мовы, у якіх у спадчыну ад праіндаеўрапейскіх лексічных адзінак засталіся велярныя і лабіявелярныя зычныя, артыкуляцыя якіх адбываецца ў задняй частцы рота.

Як адзначана вышэй, назва «кентум» паходзіць ад лацінскага centum (вымаўл. як [kentum]) як аднаго з прыкладаў падобнага пераўтварэння. Лацінскае centum паходзіць ад праіндаеўрапейскага *ḱm̥tóm, у некаторых мовах іншых кентумных галін пераўтварэнне гэтага слова мае наступны выгляд: англ.: hund(red)-[заўв 3], грэч. (he)katon, тах. kante, вал.: cant. Лабіявелярныя зычныя (напрыклад, /kʷ/) у якасці адзінай фанемы маюць гістарычныя фіксацыі ў старажытнагрэчаскай, італійскіх, германскіх і кельцкіх мовах. Тым не менш, былі страчаны палатавелярныя зычныя, якія зліліся са звычайнымі (*k, *g, *gʰ).

Кентумныя мовы захавалі праіндаеўрапейскія лабіявелярныя (*kʷ, *gʷ, *gʷʰ) або іх гістарычныя рэфлексы адрознымі ад звычанйых велярных (напрыклад, PIE *k, але *kʷ > лац. c /k/, але qu /kʷ/; грэчаск. κ /k/, але π /p/[заўв 4]); гоцк. /h/, але /hʷ/ і г.д. Пэўныя прыклады няскончанай сатэмізацыі вядомыя і ў індаіранскіх мовах (санскр. guru < *gʷer-, kulam < *kʷel-, kuru < *kʷer-). Падобныя прыклады, аднак, вядомыя толькі ў пісьмовых дакументах паслярыгведнага перыяду. Тым не менш, усе падобныя прыклады кентумных моў даюць падставу меркаваць, што лабіявелярнасць гэтага рада магла быць таксама новай для моў кентум, прычынна звязанай з пераносам палатавелярных гукаў наперад.

Галоўны доказ на карысць такога падыходу даюць анаталійскія мовы, хоць іхняя фанетыка ў дэталях невядомая. Хеты і лувійцы выкарыстоўвалі для пазначэння лабіявелярных гукаў РІЕ не сімвалы серыі q- (якія існавалі ў клінапісным пісьме гэтых народаў і перадавалі безгалосны ўвулярны гук у не-індаеўрапейскай акадскай мове, з якой клінапіс быў пазычаны), а сімвалы тыпу ku. Меркаванні наконт гукавога значэння гэтага спалучэння разыходзяцца: паводле адных меркаванняў яны маглі абазначаць адзін гук, паводле іншых — два, /k/ і /w/.

Падабенства трох сярэднеязычных радоў аспрэчваецца таксама з тыпалагічных прычын. Тым не менш, гэты аргумент не з'яўляецца важкім, бо існуюць мовы з падобнай трохрадовай сістэмай (напрыклад, язгулямская мова — адна з памірскіх, але сістэма сярэднеязычных у гэтай мове не суадносіцца з фаналогіяй РІЕ). Падобныя мовы звычайна рэдкія, і адзін з трох радоў зычных звычайна не выкарыстоўваецца. Наогул, ні адна з індаеўрапейскіх моў не захавала трохрадовую сістэму ў поўным складзе, нават калі яна існавала ў прамове[заўв 5].

Рэшткі лабіявелярных элементаў захаваліся ў тым ліку і ў балта-славянскіх мовах, адных з моў сатэм (напрыклад, літ.: ungurys < *angʷi-, dygus < *dʰeigʷ-). Гэтыя фактары былі прыняты як доказ пранікнення ранняй сатэмічнай змены або як вынік запазычанняў пры ранніх кантактах протабалтаў і протагерманцаў.

З апошнім часам з'яўляліся паведамленні пра існаванне ў мове бангані (Індыя) прыкмет кентум, але яны не былі прызнаны.

Гістарычныя інтэрпрэтацыі

[правіць | правіць зыходнік]
Ізаглоса кентум-сатэм у параўнанні з іншымі ізаглосамі даччыных індаеўрапейскіх моў.      мовы кентум      мовы сатэм      мовы з наяўнасцю аўгмента      мовы з пераходам праіндаеўрапейскага *-tt- у -ss-      мовы з пераходам праіндаеўрапейскага *-tt- у -st-      мовы, у якіх канчаткі творнага, давальнага склонаў, а таксама аблатыва ў множным ліку маюць канчатак, які пачынаецца з зычнага -m-.

Пры першай публікацыі ўласных гіпотэз наконт гукавых змен у індаеўрапейскіх мовах нямецкі лінгвіст П. фон Брадке выказаў меркаванне, што падзел індаеўрапейскіх моў на мовы кентум і сатэм супадае з падзелам паміж «заходняй і ўсходняй культурнымі правінцыямі»[5]. Гэты варыянт падзелу, між тым, быў парушаны пры адкрыцці хецкай і тахарскіх моў, якія, нягледзячы на сваё ўсходняе геаграфічнае становішча, адносіліся да моў кентум[6]. Гіпотэзы П. фон Брадке сталі яшчэ слабейшымі пасля даследаванняў іншых індаеўрапейскіх ізаглос, многія з якіх мелі падобную або нават большую значнасць.

У ХІХ ст. часам лічылася, што ізаглоса кентум-сатэм служыла мяжою розных дыялектаў праіндаеўрапейскай мовы. Аднак ужо К. Бругман і часткова Ё. Шміт даказалі тэрытарыяльны характар ізаглосы.

На цяперашні час ізаглоса кентум-сатэм разглядаецца як адзін з храналагічных этапаў развіцця індаеўрапейскіх моў. Акрамя іншых рыс моў кентум і моў сатэм існуюць рэшткавыя сведчанні адрознення велярных і лабіявелярных у мовах сатэм, што раней існавала таксама і ў мовах кентум. Гэтая акалічнасць дае падставу некаторым лінгвістам лічыць працэс кентумізацыі ранейшым за сатэмізацыю, аднак звесткі, атрыманыя пры даследаваннях анаталійскіх моў не даюць падставы разглядаць кентумныя пераходы зычных як першапачатковы стан праіндаеўрапейскай мовы[3].

Іншыя погляды

[правіць | правіць зыходнік]

Наяўнасць трох радоў сярэднеязычных зычных у праіндаеўрапейскай мове з'яўляецца асноўнай гіпотэзай, прынятай у сучаснай індаеўрапеістыцы. Незважаючы на гэта, французскі лінгвіст Антуан Мее меркаваў, што ў праіндаеўрапейскай мове існавалі толькі лабіявелярныя і палатавелярныя, у той час як звычайныя велярныя з'яўляліся алафонамі палатавелярных[7]. Таксама, на думку Мее, канцэпцыі першапачатковых велярных або магчымасць запазычанняў у працэсе сатэмізацыі былі вынікам няправільнай этымалогіі. Венгерскі індаеўрапеіст Освальд Семерэньі выказваў здагадку, што індаеўрапейскія велярныя палаталізаваліся наступным галосным, страчаным пазней[8]. Іншыя даследчыкі прапаноўвалі гіпотэзы пра існаванне толькі двух радоў сярэднеязычных, сярод якіх Е. Курыловіч, У. П. Леман, Вудхаўз.

  1. Адна са старажытных індаіранскіх моў.
  2. Ператварэнне ў свісцячы або шыпячы гук.
  3. Першапачаткова — праз *k, якое перайшло ў /h/.
  4. Перайшло ў /t/ перад галоснымі пярэдняга рада.
  5. Пад тэрмінам «прамова» маецца на ўвазе мова-продак.
  1. а б в J.P. Mallory, D.Q. Adams. The Encyclopedia of Indo-European Culture. — 1997. — С. 461.
  2. Lyovin, Anatole. An introduction to the languages of the world. — New York: Oxford University Press, 1997.
  3. а б в г Fortson, Benjamin W. Indo-European Language and Culture: An Introduction // Blackwell Textbooks in Linguistics, 2-е выд.. — Chichester: Malden, MA: Wiley-Blackwell, 2010.
  4. Melchert, Craig. PIE velars in Luvian // Studies in Memory of Warren Cowgill. — 1987. — С. 182-204.
  5. von Bradke, Peter. Über Methode und Ergebnisse der arischen (indogermanischen) Alterthumswissenshaft. — Giessen: J. Ricker'che Buchhandlung, 1890.
  6. K Shields. A New Look at the Centum/Satem Isogloss. — Zeitschrift für vergleichende Sprachforschung. — 1981.
  7. Lehmann, Winfred Philipp. Theoretical Bases of Indo-European Linguistics. — Taylor & Francis Group, 1993.
  8. Szemerényi, Oswald J. L. Introduction to Indo-European Linguistics. — Oxford [u.a.]: Oxford University Press, 1990.
  • Solta, G. R. Palatalisierung und Labialisierung. — IF 70. — 1965. — С. 276-315.