Курух

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Курух
(कुड़ुख, Kuṛuḵẖ)
Агульная колькасць 4 678 000 (2019 г.)
Рэгіёны пражывання  Індыя — 4519 тыс.

 Бутан — 10 тыс.
 Непал — 37 тыс.
 Бангладэш — 112 тыс.

Мова курух
Рэлігія сарнаізм, індуізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы кісан, малер, брагуі

Курух (саманазва: कुड़ुख, Kuṛuḵẖ), ораан (хіндзі: उराँव) — народ на ўсходзе паўвострава Індастан. Жывуць пераважна ў Індыі і Бангладэш, таксама ў Бутане і Непале. Нашчадкі курух складаюць пэўную частку індыйскіх абшчын у Гаяне і Маўрыкіі. Агульная колькасць (2019 г.) - 4 678 тысяч чал.[1]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Да канца XVIII ст. курух жылі пераважна на плато Чхота-Нагпур, адкуль пачалі рассяляцца ў суседнюю Бенгалію ў пошуках працы. Лінгвісты лічаць, што продкі курух мігрыравалі на ўсход Індыі з заходняга ўзбярэжжа. Самі курух апавядаюць, што былі выгнаны з роднай зямлі заваёўнікамі. Сучасныя даследаванні паказваюць, што перасяленне продкаў курух на ўсход адбылося вельмі даўно, каля I ст. да н. э.

У адрозненні ад суседдзей-мунда курух размаўляюць на дравідыйскай мове. Мунда называюць іх ораан («вандроўныя»). Саманазва курух паходзіць ад імя міфічнага старажытнага валадара.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Землі, населеныя курух, з'яўляюцца ўкрапваннямі ў тэрыторыі іншых народаў. Асабліва доўга курух жылі сярод мунда. Этнатэрытарыяльныя аб'яднанні звычайна называюць плямёнамі. На самой справе, яны ўяўляюць сабою шэраг вёсак на чале выбранага правадыра парха раджа. Жыхары некаторых ізаляваных аб'яднанняў маюць сваё тэрытарыяльнае найменне. Найважнейшае сацыяльнае аб'яднанне — патрылакальны род. Усяго іх налічваецца 14. Прадстаўнікі родаў могуць насяляць розныя вёскі, але звычайна ў кожнай вёсцы дамінуе адзін род. На ўскраінах вёсак селяцца прадстаўнікі іншых народаў і каст, якія ўцягнуты ў абслугоўванне абшчыннай гаспадаркі. Вясковым жыццём кіруюць мужчынскія рады, што выбіраюць старасту. Адзін з іх можа стаць парха раджа. Нават у нашы дні большасць сем'яў пашыраныя. Маладыя людзі ўступаюць у шлюб вельмі рана. Распаўсюджаны шлюбныя дамовы паміж сем'ямі. Пасагі і выкупы нявест не практыкуюцца. Дазволены разводы і паўторныя шлюбы.

Традыцыйнымі гаспадарчымі заняткамі курух з'яўляюцца паляванне і збіральніцтва. Аднак у нашы дні большасць займаецца сельскай гаспадаркай. Дарослыя мужчыны і жанчыны часцяком працуюць адыходнікамі на гарадскіх прадпрыемствах, камерцыйных чайных плантацыях, руднях і г. д. Некаторыя групы курух прадуць бавоўну, займаюцца пляценнем, наймаюцца цеслярамі і будаўнікамі. Курух не падзяляюцца на касты, ужываюць у ежу мяса, трымаюць свінняў і курэй. Любімы алкагольны напойпіва, што вараць з рысу. Яго ўжываюць падчас святочных дзён. Мужчыны жуюць тытунь, мужчыны і жанчыны таксама паляць самаробныя цыгары або трубкі. Узровень адукацыі ў курух вышэйшы, чым у суседніх племянных супольнасцях.

Вёскі складаюцца з хацін асобных сем'яў. Пашырана ўзвядзенне каркасных жытлаў з глінянымі сценамі і чарапічнымі дахамі. У старых хацінах няма вокнаў. Унутраная прастора падзелена на два пакоі. Адзін выкарыстоўваецца для гаспадарчых патрэб, у ім трымаюць курэй. Другі — для адпачынку. Для іншай свойскай жывёлы ўзводзяць асобныя будынкі. Юнакі селяцца ў абшчынных інтэрнатах дхумкурыя.

Традыцыйная мужчынская вопратка складаецца з баваўнянага саронга з чырвонымі краямі, галаўных караляў з латуні ці срэбра, у святочныя дні — цюрбана. Вельмі папулярны розныя ўпрыгожванні: пацеркі, завушніцы, кольцы, бомы, птушынае пер'е. Жанчыны апранаюць сары, металічныя ўпрыгожванні, робяць татуіроўкі на ілбе і скронях.

У курух няма пісьмовай культуры. Народны фальклор уключае генеалагічныя паданні родаў і раннюю гісторыю ўсяго народа. Развіта спеўнае і танцавальнае мастацтва. Пасярод вёсак звычайна ладзяць спецыяльныя пляцоўкі для танцаў ахра, дзе арганізуюцца супольныя сустрэчы джатра. У джатрах могуць прымаць удзел прадстаўнікі розных вёсак. Распаўсюджаны цырыманіяльныя шэсці падчас свята дрэў Сархул, рытуальныя жаночыя паляванні, магічныя абрады ў гонар Чанды, багіні лесу.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова курух адносіцца да паўночна-усходняй групы дравідыйскай моўнай сям'і. Да нядаўняй пары яна была наогул непісьменнай. У нашы дні няма адзінай сістэмы пісьма. Большасць маладых курух атрымоўваюць адукацыю на іншых мовах, ужываюць іх у прафесійных мэтах або падчас кантактаў з іншымі народамі. Такім чынам складаецца сітуацыя, калі ў малых абшчынах або сярод гарадскіх жыхароў родная гаворка хутка губляецца.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная рэлігія курух зведала моцны ўплыў з боку вераванняў суседніх народаў. Звычайна яе адносяць да сарнаізму або індуізму, хаця мясцовыя вернікі шануюць іншы пантэон багоў. Галоўным богам лічыцца Дхарм, які ўвасабляе сонца і разглядаецца як гаспадар сусвету. Сярод простых абшчыннікаў папулярны багіня палявання Чанды, богі-апекуны дэота і вясковыя духі бхут. Курух не будуюць храмы, хаця сустракаюцца падстрэшкі над месцам шанавання запазычанай індуісцкай багіне мацярынства Дэва-Май. Арганізацыяй абрадаў займаецца вясковы святар пахан. Ён таксама павінен выганяць чужых духоў, што могуць прынесці шкоду вяскоўцам, практыкаваць ахоўную магію. Курух вераць у чарадзейства, злых ведзьмаў, сурокі. У мінулым існавалі чалавечыя ахвярапрынашэнні. У нашы дні ў якасці ахвяр выкарыстоўваюць свойскую жывёлу. Трупы памерлых спальваюць.

З 1858 г. распаўсюджваецца хрысціянства, пераважна пратэстантызм. Аднак хрысціянская абшчына адносна невялікая. Здараюцца канфлікты паміж традыцыйнымі вернікамі і хрысціянамі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]