Перайсці да зместу

Леніна (Слуцкі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Леніна
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1499
Ранейшыя назвы
Раманаў, Раманава
Насельніцтва
435 чалавек (2010)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1795
Паштовыя індэксы
223623
Аўтамабільны код
5
СААТА
6246863044
Леніна на карце Беларусі ±
Леніна (Слуцкі раён) (Беларусь)
Леніна (Слуцкі раён)
Леніна (Слуцкі раён) (Мінская вобласць)
Леніна (Слуцкі раён)

Ле́ніна[1] (трансліт.: Lienina, руск.: Ленино; да 1921 г. — Рама́нава[2][3]) — аграгарадок у Слуцкім раёне Мінскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Знаменскага сельсавета.

Месціцца за 24 км на паўночны захад ад Слуцка, 14 км ад чыгуначнай станцыі Цімкавічы на лініі СлуцкБаранавічы, 126 км ад Мінска. Рэльеф раўнінны, на захадзе цячэ рака Морач (прыток ракі Прыпяць). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы СлуцкБрэст.

Аснову гістарычнай планіровачнай структуры складаюць 2 вуліцы амаль мерыдыянальнай арыентацыі. Іх перакрыжоўваюць другарадныя вуліцы, утвараючы блізкую да прамавугольнай планіроўку. Забудова двухбаковая, пераважна драўляная, сядзібнага тыпу. Паралельна да асноўная праходзіць новая вуліца, забудаваная мураванымі 1-павярховымі дамамі тыпу катэджаў. Адміністрацыйна-грамадскі цэнтр — у паўночнай частцы вёскі. Гаспадарчы цэнтр — у паўднёвай частцы[2].

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню Раманаў згадваецца ў 1-й пал. ХVІ ст. як вёска Слуцкага княства, уладанне Алелькавічаў. У 16121618 гг. паселішчам валодалі Радзівілы.

У 1638 Раманаў атрымаў статус мястэчка. У гэты час тут было 247 двароў, дзейнічала царква, працавалі 2 шпіталі і карчма. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (16541667) у сярэдзіне 1650-х Раманаў зруйнавалі маскоўскія захопнікі. На 1665 г. засталося толькі 98 двароў. У 1718 г. мястэчка атрымала прывілей караля і вялікага князя Аўгуста Моцнага на штогадовы кірмаш.

Расійская імперыя

[правіць | правіць зыходнік]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Раманаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Слуцкага павета Мінскай губерні. У 1800 годзе 142 двары, 2 праваслаўныя царквы, касцёл, 4 карчмы. У Вайну 1812 года 2 ліпеня каля мястэчка адбыўся бой казацкага корпуса Платава з войскамі Жэрома Банапарта і князя Ю. Панятоўскага. 8 лістапада 1812 г. тут месцілася штаб-кватэра расійскіх войскаў.

У 1822 г. пабудавана драўляная царква. 3 1830-х Раманаў знаходзіўся ў валоданні Вітгенштэйнаў, з кан. XIX ст. — Гагенлоэ. На 1859 тут было 111 двароў[4], на 1888 — 130[5]. У 1866—1867 гг. на сродкі сялян пабудавана памяшканне для народнага вучылішча, якое ў 1876 пераўтворана ў 2-класнае (у 1901 г. у ім навучаліся 111 хлопчыкаў)[2].

Паводле вынікаў перапісу (1897) у Раманаве было 239 двароў, 2-класная вучэльня, жаночая школа, 2 царквы, 2 капліцы, 2 іўдзейскія малітоўныя дамы, 9 крам, карчма. На мяжы XIXXX стст. дзейнічалі 2 царквы, іўдзейскі малітоўны дом[6], 2-класнае вучылішча, царкоўна-прыходская жаночая школа, 9 крам, магазін, піцейны дом.

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Раманава абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З лютага да снежня акупавана польскім корпусам Доўбар-Мусніцкага, нямецкімі войскамі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 г. — ліпені 1920 г. і ў кастрычніку — лістападзе 1920 г. акупавана войскамі Польшчы.

У 1921 г. бальшавікі перайменавалі мястэчка ў Леніна. У 1921 г. адкрыты клуб, хата-чытальня, школа, рэарганізаваная ў 1922 г. у 7-гадовую, а ў 1938 г. — у 10-гадовую.

З 17 ліпеня 1924 г. у Слуцкіх раёне і акрузе. З 20 жніўня 1924 г. цэнтр сельсавета. У 1926 г. 257 двароў. З 9 чэрвеня 1927 г. да 26 ліпеня 1930 г. у Бабруйскай, з 21 ліпеня 1936 г. зноў у Слуцкай акрузе. З 20 лютага 1938 г. у Менскай вобласці.

У 1929 г. былі створаны малочная арцель, крэдытнае таварыства і калгас імя Леніна, які ў 1932 г. аб’ядноўваў 166 сямей, меў 740 дзесяцін ворыва, 210 дзесяцін сенажаці. Абслугоўвала калгас Слуцкая МТС. Працаваў маслазавод.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 г. да 30 чэрвеня 1944 г. акупаваная нямецкімі войскамі.

З 20 верасня 1944 г. да 8 студзеня 1954 г. у Бабруйскай вобласці. У 1968 г. савецкія ўлады зруйнавалі царкву Святога Юрыя. На 1972 у вёсцы было 230 двароў. У 1986 г. цэнтр калгаса імя Карла Маркса, 227 гаспадарак, 2 жывёлагадоўчыя фермы, піларама, кармацэх, млын, майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, дзіцячы сад, сярэдняя школа (14 настаўнікаў), клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аптэка, комплексны прыёмны пункт, АТС, аддзяленне сувязі і ашчаднага банка, 2 магазіны[2].

16 ліпеня 2003 г. калгас імя Карла Маркса быў рэарганізаваны ў ААТ «Раманава». У 2000-я паселішча атрымала афіцыйны статус аграгарадка.

Страчаная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]

Інфраструктура

[правіць | правіць зыходнік]

На 2013 г. — жывёлагадоўчыя комплекс і ферма, майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, дзіцячы сад, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, комплексны прыёмны пункт, аддзяленне сувязі, магазін[2].

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. а б в г д е Леніна // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 361—362. — 528 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
  3. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 290. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
  4. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 379.
  5. Jelski A. Romanów (2) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze (польск.). — Warszawa, 1888. S. 721.
  6. Леніна (Слуцкі раён) // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  7. Дзяржкартгеацнэтр(недаступная спасылка)