Перайсці да зместу

Лукаш Калюга

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Л. Калюга)
Лукаш Калюга
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 27 верасня 1909(1909-09-27)
Месца нараджэння
Дата смерці 5 кастрычніка 1937(1937-10-05) (28 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці перакладчык, пісьменнік
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах

Лукаш Калюга, сапр.: Канстанцін Пятровіч Вашына (27 верасня 1909, в. Скварцы Мінскага пав., цяпер Дзяржынскі раён, Мінская вобласць — 5 кастрычніка 1937, Чалябінская вобласць, НКУС; Псеўданімы: Кастусь Палявецкі;) — беларускі празаік, перакладчык.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Яшчэ ў школе захапляўся вельмі пашыранай у 1920-я г. краязнаўчай працай, запісваў народныя песні і іншыя фальклорныя творы сваёй мясцовасці, асабліва — словы і звароты народнае мовы. Сабраныя матэрыялы адсылаў у Мінск у Інбелкульт, дзе яны атрымалі высокую ацэнку, як лепшыя з прысланых. У 1925 скончыў сямігодку. У 1926 паступіў у Магілёўскі педтэхнікум, але вучыцца не стаў, вярнуўся дадому. З 1928 — студэнт мінскага Белпедтэхнікума. Адначасова з вучобай рэдагаваў і перакладаў розныя тэксты для Белдзяржвыдавецтва, шмат пісаў. З мая 1929 — член літаратурнага аб’яднання «Узвышша». У 1931 выключаны з тэхнікума як «узвышанскі лазутчык і пачынаючы нацдэм». Са студзеня і да сярэдзіны 1932 працаваў сакратаром часопіса «Книга массам», які выдаваўся пры Белдзяржвыдавецтве, потым стыль-рэдактарам у Навукова-даследчым інстытуце прамысловасці ВСНГ (да канца 1932), на Беларускім радыё.

Арыштаваны ДПУ БССР 24.2.1933 у Мінску па адрасе: вул. Берасцянская, д. 4, кв. 1. Асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР 4.11.1933 як «член контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі» да 5 гадоў ППК (заменена ссылкай на 5 гадоў). Этапаваны на Урал, адбываў ссылку ў Ірбіце (цяпер Краснаярскі край). Зноў арыштаваны 6.11.1935, паўторна асуджаны 22.2.1936 да 5 гадоў пазбаўлення волі. Расстраляны паводле прысуда Чалябінскага суда. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага Суда БССР 24.8.1956. Асабовая справа Л. Калюгі № 14618-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Дэбютаваў апавяданнем «Вясна», якое К. Чорны ў чэрв. 1927 змясціў у часопісе «Чырвоны сейбіт» (творы Л. Калюгі, надрукаваныя пад псеўданімам Кастуся Палявецкага, не знойдзены). Псеўданім Лукаш Калюга, верагодна, узяты ад вёскі ва Уздзенскім раёне Мінскай вобласці. У 1928 часопіс «Узвышша» змясціў аповесць «Ні госць, ні гаспадар», пасля якой пачынаючага пісьменніка прыкмеціў М. Гарэцкі. У 1929 часопіс «Узвышша» надрукаваў шэраг апавяданняў Л. Калюгі. У часопісе «Полымя» за 1931 надрукавана першая частка аповесці «Нядоля Заблоцкіх» — «Прыгоды і летуценні». У ссылцы працягваў пісаць; частка рукапісаў той пары захавалася (у іх ліку незавершаны раман «Пустадомкі», апубл. 1990; аповесці «Дзе косці мелюць», «Зоры Вам Вядомага горада», «Утрапенне», апубл. 1989). У 1974 выйшаў зборнік апавяданняў і аповесцей «Ні госць, ні гаспадар». Падборку апавяданняў змясціў часопіс «Полымя» ў 1988.

Пераклаў аповесць П. Панча «Блакітныя эшалоны» (з К. Чорным, 1930), раман Ю. Алешы «Зайздрасць» (1931), раман Я. Гашака «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» (ч. 4, 1932).

  • Ні госць ні гаспадар. Мн., 1974;
  • Творы. Мн., 1992;
  • Творы. Мн., 2011.

Зноскі