Марочна (балота)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Марочна
Каардынаты: 51°51′ пн. ш. 26°37′ у. д.HGЯO
Вялікія балоты Беларусі

Балота Марочна — адно з трох буйнейшых верхавых балот, якія захаваліся ў натуральным стане на Палессі пасля асушальнай меліярацыі. Гэта самае старажытнае балота Беларусі — яго фарміраванне пачалося каля 10 тысяч гадоў назад[1]. Большасць балотных масіваў, якія знаходзяцца навокал яго, зараз асушана для здабычы торфу.

Агульнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

У балота не ўпадае ніводнай рэчкі, і воднае забеспячэнне ажыццяўляецца за кошт атмасферных ападкаў. Амаль з усіх бакоў балота абкружана лясамі. Па краях балота размешчана некалькі масіваў унікальных старых ельнікаў, яны ўяўляюць сабой астравы на значнай адлегласці ад мяжы суцэльнага распаўсюджання елкі. Ва ўсходняй і цэнтральнай частках балота знаходзіцца шэраг буйных парослых лесам мінеральных астравоў. Таўшчыня тарфяной залежы больш 2 метраў. Пераважаюць вярховы і пераходны тыпы балот.

На большай частцы балота гідралагічны рэжым блізкі да натуральнага. У пачатку 1950-х гадоў на балоце было пракопана некалькі асушальных каналаў агульнай даўжынёй каля 20 км, якія да нашага часу дрэнуюць балота. У паўночнай частцы балота гідралагічны рэжым цалкам парушаны ў выніку здабычы торфу.

Флора і фаўна[правіць | правіць зыходнік]

На балоце выяўлена 157 відаў наземных хрыбетных жывёл, сярод якіх 30 відаў млекакормячых, 112 відаў птушак (100 відаў гняздуюцца, 12 адзначаюцца пад час міграцыі), 7 — паўзуноў і 8 — земнаводных.

Прыродаахоўная каштоўнасць угоддзя вызначаецца, у першую чаргу, наяўнасцю на гнездаванні шэрагу рэдкіх і ахоўваемых відаў птушак, якія занесены ў нацыянальную Чырвоную кнігу і маюць высокі еўрапейскі ахоўны статус (SPEC): шэры журавель (Grus grus), чорны бусел (Ciconia nigra), палявы лунь (Circus cyaneus), арол-вужаед (Circaetus gallicus), сокал-пустальга (Falco tinnunculus), сокал-кабец (Falco subbuteo), вераценнік вялікі (Limosa limosa), вялікі кулон (Numenius arquata), беласпінны (Dendrocopos leucotos) і жоўтагаловы (Picoides tridactylus) дзятлы.

У межах балотнага масіву і па яго перыферыі адзначаны амаль усе буйныя абарыгенныя капытныя — лось (Alces alces), дзік (Sus scrofa) і казуля (Capreolus capreolus). Іх колькасць невысокая, што абумоўлена асаблівасцямі біяцэнатычнай структуры гэтай тэрыторыі. У ельніках, якія прымыкаюць да балота, адзначаны рэдкі для Палескага рэгіёна заяц-бяляк (Lepus timidus). Такім чынам, тэрыторыя з'яўляецца адным з самых паўднёвых участкаў распаўсюджання гэтага віду.

З ахоўваемых у Беларусі жывёл зарэгістраваны рысь звычайная (Felis linx), барсук (Meles meles), балотная чарапаха (Emys orbicularis) і мядзянка (Coronella austriaca). Даволі верагодным выглядае і пражыванне ў заказніку ахоўваемых відаў кажаноў, аднак даследаванні гэтай групы млекакормячых не праводзіліся.

У складзе флоры выяўлена 5 відаў дзеразы, 6 хвашчоў, 8 папаратнікаў, 3 голанасенных і 527 пакрытанасенных раслін. З іх 7 відаў занесены у нацыянальную Чырвоную кнігу — кадзіла сармацкае (Mellitis sarmatica), мнаганожка звычайная (Polypodium vulgare), дзярэзачка заліўная (Lycopodiella inundata), жаўтазель германскі (Genista germanica), расіца прамежкавая (Drosera intermedia), асака малакветкавая (Carex pauciflora), вярба чарнічная (Salix myrtilloides). востракільніца чарнеючая (Lembotropis nigricans), плывунец прамежкавы (Utricularia intermedia), чысцік прамы (Stachys recta), вярба лапландская (Salix lapponum) занесены ў Спіс прафілактычнай аховы Чырвонай кнігі РБ.

Вядзецца збор журавін.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял разнастайнасці /аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с. — Паводле эл. рэсурса ptushki.org
  • Абрамчук А. В., Левы С. В. Балота Марочна // ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»: Тэрыторыі важныя для птушак [Электронны рэсурс] — Рэжым доступу: http://iba.ptushki.org/ — Дата доступу: 13.08.2015