Беларуская газета (1941)
| «Беларуская газета» | |
|---|---|
| Тып | газета |
| Краіна | |
| Рэдактар | Аляксей Сянкевіч, Уладзіслаў Казлоўскі і Мікалай Восіпавіч Шкялёнак |
| Заснавана | 27 ліпеня 1941 |
| Спыненне публікацый | 28 чэрвеня 1944 |
| Мова | беларуская |
| Галоўны офіс | |
«Беларуская газэта» («Менская газэта» да 5 лютага 1942). Выдавалася з 27 ліпеня 1941 да 28 чэрвеня 1944 у Мінску на беларускай мове пад кантролем нямецкіх акупацыйных улад; самае буйное беларускае антысавецкае перыядычнае выданне ў перыяд Другой сусветнай вайны. Рэдактары А. Сянькевіч, У. Казлоўскі, А. Дземчанка, М. Шкялёнак. Мастаком да першай паловы 1942 года быў Уладзімір Леановіч, пасля Янка Кашкель[1].
Распаўсюджвалася на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь. «Беларуская газэта» мела на мэце кансалідацыю беларускага народа на антысавецкай платформе, барацьбу з бальшавізмам, ідэалагічную падтрымку акупацыйнага рэжыму. Вызначалася нацыяналізмам і шавінізмам, нянавісцю да рускіх, палякаў і яўрэяў, імкненнем да стварэння беларускай нацыянальнай ідэалогіі «ўзвышэнства», пошукамі «арыйскіх каранёў» беларускага народа, спробай даказаць яго нібыта гістарычна абумоўленую цягу да Германіі, атаясамліваннем марксізму і сіянізму і інш.

Сядзяць (злева направа): Уладзіслаў Казлоўскі, Наталля Арсеннева, Аляксей Сянкевіч.
Стаяць (злева направа): Уладзімір Кушаль, Антон Адамовіч, Караленка. Мінск, снежань 1942 г.
Друкавала прамовы і артыкулы кіраўнікоў нацысцкай Германіі, распараджэнні, звароты і аб'явы акупацыйных улад, агляды нацысцкай прэсы, асвятляла і каменціравала падзеі на франтах Другой сусветнай вайны, міжнароднага становішча, прапагандавала эканамічныя і палітычныя мерапрыемствы акупацыйнай адміністрацыі, усхваляла Трэці Рэйх як ідэальную дзяржаву. Інфармавала пра дзейнасць Беларускай народнай самапомачы, Беларускай краёвай абароны, Беларускай цэнтральнай рады, Саюза беларускай моладзі, ролю і значэнне якіх значна перабольшвала, а любыя іх акцыі з захапленнем каменціравала. Шмат увагі аддавала праблемам моўнай палітыкі, выкладання ў пачатковай школе, падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў, выхавання нацыянальнай самасвядомасці, арганізацыі культурнага жыцця на месцах.
Друкавала папулярныя нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, многія з якіх яўна палітызаваныя і блізкія да публіцыстыкі, матэрыялы па гісторыі беларускай эміграцыі, пра беларускія традыцыі і абрады, паходжанне беларускай сімволікі і інш. На старонках газеты змешчаны ўспаміны ўдзельнікаў грамадзянскай вайны, матэрыялы пра сталінскія злачынствы (артыкулы пра Катынскі расстрэл, лагеры НКУС, успаміны Ф. Аляхновіча «У кіпцюрах ГПУ», сведчанні былых вязняў і інш.), творы Н. Арсенневай, Л. Геніюш, М. Зарэцкага, М. Багдановіча, М. Загорскага, літаратурна-крытычныя артыкулы, рэцэнзіі і інш. Шэраг публікацый газеты канца 1943 — пачатку 1944 прасякнуты песімізмам, асуджанасцю, расчараваннем у выбраным шляху. Аднак гэтыя настроі не паўплывалі на антысавецкі кірунак выдання.
Выйшла 272 нумары.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Valodzin U. 2022, p. 356.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- С. У. Жумар. «Беларуская газэта» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 370.
- Valodzin U. Janka Kaškiel: An Accomplice in Crimes or the Victim of Two Dictatorships? The Fate of a Caricaturist in the Service of the Stalinist and Nazi Regimes // Dailės istorijos studijos. — 2022. — Т. 5. — P. 351–370. — DOI:10.53631/DIS/2012.5.18