Лідскі замак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Замак
Лідскі замак
Лідскі замак (2006)
Лідскі замак (2006)
53°53′13,91″ пн. ш. 25°18′10,2″ у. д.HGЯO
Краіна Рэспубліка Беларусь
Горад Ліда Горад Ліда, вуліца Замкавая, 1
Дата заснавання 1330
Дата пабудовы 1330-я
Матэрыял бутавы камень і цэгла

Лідскі замак — замак у горадзе Ліда, пабудаваны ў 1330-я гады паводле даручэння князя Гедзіміна. Уваходзіў у лінію процікрыжацкай абароны Навагрудак — Крэва — Меднікі — Трокі.

Археалагічныя даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

Археалагічныя даследаванні Лідскага замка праводзілі М. А. Ткачоў (1970), А. А. Трусаў (1977—1978, 1980, 1985), А. К. Краўцэвіч (1986—1987). Ускрыта каля 3260 м2 плошчы замкавага двара. Культурны пласт 0,4—0,8 м у цэнтры двара і каля 2 м паблізу паўночнай сцяны. Знойдзены металічныя вырабы (салдацкія абцасныя і конскія падковы, нажы, крэсівы, нажніцы, ключы, замкі, наканечнікі стрэл і арбалетныя балты), шкляны, керамічны посуд (рынкі, гаршкі, збаны, глякі, куфлі, чаркі, кубкі, галеркі і інш.), пакрыты зялёнай палівай або тэракотавы; каменныя ядры ад каменямётаў, вырабы з косці. Трапляюцца заходнееўрапейскія керамічныя вырабы. Сабрана вялікая калекцыя гаршковай (XIVXVI стст.) і каробчатай кафлі (большасць пакрыта зялёнай палівай) з вонкавымі пласцінамі, аздобленымі раслінным, геаметрычным і сюжэтным арнаментам. Знойдзены сярэбраныя і медныя манеты, у т.л. манеты XIV ст. князёў Кейстута і Вітаўта, грошы XIV ст., соліды XIV ст. і інш.

Архітэктура і планіроўка[правіць | правіць зыходнік]

За аснову замка ўзяты тып абарончага збудавання, вядомага пад назвай кастэль. Замак быў збудаваны з бутавага каменю і цэглы, меў у плане форму няправільнага чатырохвугольніка (нагадвае трапецыю, 93,5х83,5х80х84 м) з дзвюмя вуглавымі вежамі, і быў пастаўлены на насыпным пясчаным узгорку (вышыня 5—6 м), абкружаным балоцістымі берагамі рэк Лідзея і Каменка, з поўначы — ровам шырынёй каля 20 м, які злучаў гэтыя рэкі і аддзяляў замак ад горада. Пазней (верагодна, у XVIXVII стст.) у сістэму перадзамкавых умацаванняў з усходу было ўключана штучнае возера. Асноўнае абарончае значэнне мелі пастаўленыя на невысокім падмурку (70—80 см) сцены вышынёй 12 м, таўшчынёй 1,5—2 м. Уверсе яны пераходзілі ў баявую галерэю, сценка якой была складзена з цэглы (таўшчыня 7 см), мела адзін рад байніц, размешчаных на адлегласці 2,4 м адна на адной. Памост галерэі апіраўся на драўлныя бэлькі. На паўднёвых і ўсходніх сценах замка на каменных фігурных кансолях стаялі 2 цагляныя прыбіральні — «каморкі патрэбныя».

Ад паўднёва-заходняя вежа (пабудавана ў 1-й палове XIV ст.) захаваліся толькі фрагменты падмуркаў, якія зроблены без перавязкі з замкавымі сценамі, але на адным узроўні з падмуркамі апошніх. Вежа была ў плане квадратная (11,3х11,3 м), падмуркі (шырыня каля 3 м, глыбіня да 70 см) складзены з вялікіх і сярэдніх камянёў, ніжнія рады якіх перасыпаны чырванаватай глінай, верхнія — на вапнавай рошчыне. Паўночна-ўсходняя вежа (узведзена ў канец XIVXV стст.) мела выгляд крыху перакошанага рознабаковага чатырохвугольніка (12х12,5х12,3х12,15 м) і была прыбудавана да замкавых муроў без перавязкі. Таўшчыня яе сцен з боку двара дасягала 3 м, дакладка да сцен замка — 83 см. Мела аздоблены фігурнай цэглай арачны ўваход з боку двара і лесвіцу ў тоўшчы заходняй сцяны шырынёй 1 м з драўлянымі прыступкамі на цаглянай аснове. У паўночнай, усходняй і паўднёывй сценах захаваліся пячныя нішы. Першы паверх быў перакрыты крыжовым скляпеннем. Прасочаны рэшткі драўлянай падлогі. Абедзве вежы былі накрыты шатровымі дахамі і не выступалі за перыметр сцен.

У замак вялі 3 уваходы, 2 з іх — ва ўсходняй сцяне. Меншая брама шырынёй 2,5 м і вышынёй 3 м завяршалася стральчатай аркай і служыла для штодзённага карыстання; большая шырыня каля 4,5 м і вышыня да 6 м выконвала ролю параднай брамы. Над яе паўцыркульнай аркай размяшчаўся ляпны картуш з выявай дзяржаўнага герба ВКЛ «Пагоня». Большы ўваход меў разгрузачную спічастую нішу, прарэзаную ўваходным праёмам меншых памераў. Магчыма, тут быў пад’ёмны мост. Паўднёвая сцяна замка прарэзана на вышыні каля 2 м ад зямлі скразным праёмам з паўцыркульнай аркай — запасным ходам для раптоўных вылазак гарнізона або скрытага выхаду ў крытычныя моманты абароны.

Замкавыя і вежавыя муры складзены ў асноўным з палявых камянёў. Вонкавыя паверхі зроблены з вялікіх валуноў, пакладзеных гарызантальнымі радамі. Прамежкі паміж валунамі запоўнены каменнымі асколкамі на вапнавай рошчыне (цагляныя кліны сустракаюцца вельмі рэдка). У якасці арматуры выкарыстоўвалі драўляныя бэлькі. Цэглу ўжывалі толькі для асноўных элементаў канструкцыі і архітэктурных дэталей. 3 яе выкладзены вуглы замкавых і вежавых муроў дэкаратыўньш паясы на фасадах сцен, аркі, скпяпенні, сценкі байніц. Цагляныя паясы на знешняй паверхні замкавых сцен выкананы ў тэхніцы балтыйскай, або вендскай, муроўкі (чаргаванне 2 лажкоў і тычка).

На замкавым двары размяшчаліся праваслаўная царква (у 1533 г. перанесена ў горад), жылыя і гаспадарчыя пабудовы, у т.л. дом каменданта замка, казармы, склады, калодзежы, з 1568 — суд, архіў, астрог. Жылыя памяшканні былі на верхніх паверхах вежаў.

Аблогі і бітвы[правіць | правіць зыходнік]

Лідскі замак зведаў шмат аблог і штурмаў. У 1384 г. пасля штурму замак узялі крыжакі і часткова разбурылі. У 1392 г. атрады нямецкіх і англійскіх рыцараў і войскі іх тагачаснага саюзніка князя Вітаўта аблажылі і ўзялі замак.

Замак неаднаразова быў абаронены ад нападаў: у 1394 г. — ад атрадаў англійскіх і французскіх рыцараў, у 1406 г. — ад атрадаў смаленскага князя Юрыя Святаславіча, у 1433 г. — ад войскаў князя Свідрыгайлы, у 1506 г. — ад загонаў крымскіх татар.

Улетку 1659 г. замак штурмам захапіла рускае войска. Падчас Паўночнай вайны (1700-21) замак быў двойчы разбураны шведамі, якія ўзарвалі яго вежы. Апошняя бітва тут адбылася ў 1794 г. паміж паўстанцамі Касцюшкі, якія бараніліся ў руінах замка, і царскімі войскамі.

Разбурэнне[правіць | правіць зыходнік]

У 1891 г. Ліда згарэла, прычым агонь спляжыў яе цэнтр, лучна з будынкам ратушы XVIII ст. Гарадскія ўлады пачалі разборку і распродаж замкавых муроў, выкарыстоўваючы іх для адбудовы горада. 3 адхонаў замкавага пагорка сталі браць пясок. Тады былі амаль цалкам знішчаны рэшткі паўднёва-заходняй вежы і разабрана частка заходняй сцяны. Толькі ўмяшанне археалагічнай імператарскай камісіі з Пецярбурга спыніла гэты вандалізм. Вывучэннем і кансервацыяй замка займаўся рускі архітэктар-рэстаўратар У. В. Суслаў[1].

У 1920-я гг., замкавыя муры былі крыху падноўлены польскімі рэстаўратарамі. На месцы парушанага паўночна-заходняга вугла з'явіліся драўляныя вароты, праз якія можна было трапіць на замкавы падворак. Улетку тут часта спыняўся вандроўны цырк альбо звярынец, а зімой пасярэдзіне двара ставілі ёлку і залівалі коўзанку.

Летам 1929 г. замак вывучаў вядомы беларускі мастак Язэп Драздовіч і прысвяціў яму альбом замалёвак.

У 1953 г. Лідскі замак увайшоў у спіс помнікаў, узятых пад дзяржаўную ахову, хоць гэта і не спыніла яго разбурэння. У наступныя дзесяцігоддзі на тэрыторыі замка існаваў невялікі стадыён, часта спыняўся перасоўны звярынец.

Аднаўленне[правіць | правіць зыходнік]

Сучасны выгляд замка

У 1-й чвэрці XX ст. зроблена частковая кансервацыя. У 1982 г. зроблена поўная кансервацыя Лідскага замка. Затым два дзесяцігоддзі вяліся (з перапынкамі) рэстаўрацыйныя работы. Маштабная рэстаўрацыя замку праведзена ў 2010 г.

Замак стаў цэнтрам рыцарскіх фэстаў. Тут плануецца размяшчэнне музейнай экспазіцыі.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

У філатэліі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 290. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Багласов, С. Г., Трусов, О. А. Историко-архитектурные исследрвания и реставрация Лидского замка // Вопросы архитектуры Литовской ССР = LIETUVOS TSR ARCHITEKTUROS KLAUSIMAI / Литов. НИИ строительства и архитектуры. Т. 7. Вып. 2. — Вильнюс: Мокслас, 1981. — 126, [2] c.: ил.
  • Ткачоў, М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. / М. А. Ткачоў; АН БССР, Ін-т гісторыі; [рэд. П. А. Раппапорт]. — Мн.: Навука і тэхніка, 1978. — 141, [1] с.
  • Трусаў, А. А. Архітэктурна-археалагічнае даследаванне Лідскага замка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1979. — № 4. — С.
  • Трусаў, А. А. Лідскі замак / А. А. Трусаў // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 15—16. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  • Трусаў, А. А. Старадаўніх муроў адраджэнне = Древних стен возрождение: мінулае і сучаснасць Лідскага замка / А. А. Трусаў; [пер. на рус. Л. В. Пятровіч]. — Мн.: Полымя, 1990. — 78, [1] с.: іл. — (Помнікі беларускага дойлідства). — ISBN 5-345-00307-6.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]