Крэўскі замак
Замак | |
Крэўскі замак | |
---|---|
![]() Крэўскі замак у 2020 г. | |
54°18′36″ пн. ш. 26°17′02″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Месцазнаходжанне | Крэва |
Заснавальнік | Гедымін |
Будаўніцтва | канец XIII — XIV ст. |
Статус |
![]() |
![]() |
Крэўскі замак — комплекс абарончых збудаванняў тыпу кастэль каля вёскі Крэва Смаргонскага раёна.
Будаўніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Пэўны час пабудовы замка застаецца дыскусійным. Класічная версія — пабудова замка Альгердам пасля 1338 года (да 1345 года) як сваёй рэзідэнцыі. У 1980—1990-я гады пашырылася версія пра пачатак будаўніцтва Крэўскага замка ў канцы XIII — пачатку XIV стагоддзяў, якую актыўна падтрымалі беларускія археолагі Міхась Ткачоў, Алег Трусаў, Ігар Чарняўскі. Як аргументы прыводзяцца некаторыя асаблівасці будаўнічай тэхнікі, а таксама характарыстыкі цэглы муроў. Юрый Бохан падтрымлівае думку, што будаўніцтва замка пачалося на мяжы XIII — пачатку XIV стагоддзяў, але завяршылася ўжо ў часы кіравання Гедыміна[1].
З іншага боку, пісьмовыя крыніцы даюць падставы аднесці будаўніцтва Крэўскага замка да 1370—1380-х гадоў[2]. Украінскі археолаг Сяргей Панышка таксама на аснове паралеляў паміж мураванымі замкамі Валыні адстойвае датаванне другой паловай XIV стагоддзя, калі Альгерд быў ужо вялікім князем[3].
Як падсумоўвае Алег Дзярновіч:
Найбольш жа абгрунтаваным застаецца традыцыйнае датаванне — 1320—1330-я. Ва ўсялякім выпадку, Крэўскі замак стаў адным з першым цалкам мураваных замкаў Вялікага Княства Літоўскага, дзе да той пары, як і на беларускіх землях увогуле, не існавала традыцый мураванага дойлідства аб’ектаў такога маштабу. Узводзіўся замак, як нам бачыцца, пры ўдзеле ганзейскіх майстроў[4].
Адна з першых мураваных кастэляў Вялікага княства Літоўскага пабудавана каля сутокаў Краўлянкі і Шляхцянкі. Асноўная частка збудаванняў размешчана на балоцістым поплаве, палова абарончых муроў узведзена на штучна расшыранай пясчанай дзюне.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]
Крэўскі замак быў месцам многіх гістарычных падзей. Ужо неўзабаве па будаўніцтве ён абстраляны каменнымі ядрамі (іх знайшлі падчас раскопак ля заходняй сцяны) і спалена баявая галерэя.
У XIV стагоддзі Крэўскі замак быў адной з дынастычных рэзідэнцый Гедымінавічаў (Альгерда, а потым Ягайлы) і пастаянна згадваецца ў падарожжах Ягайлы як прамежкавы пункт паездак і месца сустрэч[4].
У 1382 годзе загадам вялікага князя літоўскага Ягайлы ў замку задушаны яго дзядзька вялікі князь Кейстут — сапернік за велікакняжацкі сталец. Паводле Супрасльскага летапісу:
Князя великого Кестутия… оковав ко Криеву послали и всадили во вежю… И так во Криеве пятой нощи князя великого Кестутия удавили коморники князя великого Ягайлавы[5].
Такі самы мог чакаць Вітаўт, сына Кейстута, які «седель во Криеве за твердою сторожею в комнате», але ён здолеў уцячы, пераапрануты ў жаночую вопратку кампаньёнкі сваёй жонкі[6].
У 1385 годзе ў замку выпрацоўваліся ўмовы Крэўскай уніі — аб’яднання Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы пад уладай вялікага князя Ягайлы. У 1433 годзе Крэўскім замкам авалодаў вялікі князь Свідрыгайла, скінуты з велікакняжацкага стальца («взяша Криево мурованны и сожже»).
У 1503—1506 гадах замак неаднойчы асаджалі і значна пашкодзілі перакопскія татары, але хутка ён быў адбудаваны. У 1519 годзе ў глыбокім рэйдзе на Вялікае Княства Літоўскае Крэва захапілі маскоўскія ваяводы. У другой палове XVI стагоддзя ў Крэўскім замку жыў беглы рускі князь Андрэй Курбскі, які атрымаў урад крэўскага старосты і захоўваў яго да 1571 года.[7]
Паступова замак губляў абарончае значэнне.

Яшчэ ў XVIII стагоддзі Крэўскі замак быў у добрым стане. Пазней пачалося яго разбурэнне, якое давяршыла Першая сусветная вайна, калі праз Крэва праходзіла лінія фронту і больш як 3 гады вяліся пазіцыйныя баі. Замак апынуўся на тэрыторыі, захопленай немцамі, тут былі збудаваны сховішчы і назіральныя пункты. Падчас абстрэлаў асабліва моцна пацярпела Княжацкая вежа і сцены ў паўднёвай частцы замка. Да нашых дзён захаваліся толькі замкавыя руіны[8].
Кансервацыя рэшткаў замкавых муроў была зроблена ў 1929 годзе польскімі рэстаўратарамі пад кіраўніцтвам Станіслава Лорэнца.
У 1970 годзе замак даследавала экспедыцыя пад кіраўніцтвам М. А. Ткачова. У 1985 годзе — на чале з А. Трусавым і М. А. Ткачовым. У 1988 годзе — пад кіраўніцтвам І. М. Чарняўскага.

Замак знаходзіцца на мяжы разбурэння. Кансервацыя рэштак замка працягнулася ў 2004 годзе. Тады студэнты-валанцёры закансервавалі ўваход у Кейстутаву вежу. Пазней на сцяне замка была ўсталявана супрацьаварыйная канструкцыя, якая абараняе гэту частку сцяны ад уздзеяння ападкаў. У 2005 годзе быў створаны Мясцовы дабрачынны фонд «Крэўскі замак» (www.kreuskizamak.by), галоўнай мэтай якога было спрыянне захаванню Крэўскага замка. Фонд штогод ладзіў летнікі і культурныя мерапрыемствы ў Крэве і іншых населеных пунктах. 26 чэрвеня 2023 года Гродзенскі абласны суд прыняў рашэнне пра ліквідацыю фонду па іску Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама[9].
Сучасны стан і працы на замку
[правіць | правіць зыходнік]Замак — помнік архітэктуры і гісторыі, турыстычны аб’ект. Фрагменты замка маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння.
Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 года № 437 Крэўскі замак быў уключаны ў лік 27 аб’ектаў, выдаткі на захаванне якіх (у частцы капітальных выдаткаў) могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту[10].
Працы па кансервацыі з рэстаўрацыяй замка аднавілі восенню 2017 года. Калі ў рэстаўратараў скончыліся камяні для сцен, іх збіралі талакой праз сацыяльныя сеткі[11].
У 2017 годзе кошт прац у замку склаў 92 284 рублёў, у 2018 – 789 435 рублёў. У 2019 годзе быў перапынак праз брак сродкаў, у 2020 годзе працы працягнулі. У 2018−2019 гадах фонд «Крэўскі замак» і Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук арганізоўвалі археалагічныя раскопкі[12] на тэрыторыі гарадзішча пад кіраўніцтвам вядучага навуковага супрацоўніка інстытута Алега Дзярновіча.
Да пачатку 2020-х гадоў праведзены кансервацыя Княжацкай вежы, кансервацыя з рэстаўрацыяй паўночна-заходняй і паўночна-ўсходняй сцен. У 2022 годзе вялася кансервацыя паўднёва-заходняй сцяны. У 2022 годзе ўсталявалі браму. Зайсці ў двор стала магчыма, толькі папярэдне замовіўшы экскурсію[13]. Экскурсавод прыязджае са Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея. Летам 2022 года ў тоўшчы сцяны Малой вежы знайшлі ход з прыступкамі XIV ст.[14] Знаходка мусіць дапамагчы рэстаўратарам пры стварэнні праекта рэканструкцыі Княжацкай вежы. Восенню 2022 года побач з Крэўскім замкам, на Юравай гары збудавалі і адкрылі драўляную вежу-дазорцу[15]. На думку гісторыкаў, там магла размяшчацца вежа – частка сігнальнай сістэмы Вялікага Княства Літоўскага.
У 2023 годзе археолагі адкрылі падмуркі трэцяй вежы, невядомай раней ні на выявах, ні на планах, ні ў апісаннях. Падмурак мае шырыню каля 2 м[16]. Праўдападобна, што менавіта ў гэтым месцы войскі князя Свідрыгайлы ў 1433 годзе прарваліся на замак, мяркуе кіраўнік раскопак Алег Дзярновіч. Вежа была пашкоджана і больш не аднаўлялася. Знаходка змяніла ранейшае ўяўленне пра структуру замка. Пакуль раскоп вырашылі закансерваваць.
Праектам прадугледжваецца аднаўленне сцен, баявых галерэй i Княжацкай вежы, у якой плануецца размясціць музейную экспазіцыю.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Замак у плане няправільны чатырохвугольнік, абнесены мураванымі сценамі. Паўночная сцяна даўжынёй 85 м, усходняя — 108,5 м, паўднёвая — 71,55 м, заходняя — 97,2 м. Таўшчыня сцен 2,5—3 м, вышыня каля 12—13 м. Сцены да ўзроўню баявой галерэі вымураваны з палявога каменю, на вышыні каля 7 м ад паверхні сцены па вонкавым перыметры аблямаваны поясам каля 2 м з буйнапамернай цэглы. Замак па рагах меў 2 вежы. Паўночная, Княжацкая вежа, амаль квадратная ў плане (18,65 × 17 м) выступае за перыметр абарончых муроў. У вежы было не менш за 4 паверхі і склеп-турма ўнізе, пераходы паміж імі існавалі ў тоўшчы сцен. Па дыяганалі ад Княжацкай вежы знутры да замкавых муроў была прыбудавана Малая вежа памерамі 11 × 10,65 м. Сцены да вышыні 3 м вымураваны з камянёў, вышэй — з цэглы. Уязная брама знаходзілася ў паўднёва-ўсходняй сцяне. На замкавым двары размяшчалася кузня, жылыя пабудовы, мелася сажалка.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Бохан Ю. Мураваныя замкі ў Вялікім княстве Літоўскім // Спадчына. 2006. № 2. С. 33.
- ↑ Дзярновіч Алег. Крэўскі замак і старажытнае Крэва: праблемы датавання і культурныя асаблівасці // Беларускі гістарычны часопіс. — 2017. № 1. С. 5—16.
- ↑ Панышко Сергей. Кревский замок и волынские укрепления // Крэва. Гісторыя, археалогія, культурная спадчына. — Мінск: Беларуская навука, 2020. — С. 147—152.
- ↑ а б Дзярновіч Алег. Крэўскі замак: праблемы датавання і архітэктурныя асаблівасці (паводле найноўшых даследаванняў) // Крэва. Гісторыя, археалогія, культурная спадчына. Мінск: Беларуская навука, 2021. — С. 52—73.
- ↑ Супральская летопись // ПСРЛ. М.: Наука, 1980. Т. 35. С. 63.
- ↑ Мароз Валянціна. Крэва ў беларускім летапісанні // Крэва. Гісторыя, археалогія, культурная спадчына. — Мінск: Беларуская навука, 2021. — С. 46—51.
- ↑ Ерусалимский Константин. Князь Андрей Курбский — староста Кревский и Ковельский // Крэва. Гісторыя, археалогія, культурная спадчына. — Мінск: Беларуская навука, 2021. С. 210—232.
- ↑ Богданов Владимир. Замок на передовой: Крево в событиях Первой мировой войны. 1915—1918 гг. // Крэва. Гісторыя, археалогія, культурная спадчына. — Мінск: Беларуская навука, 2021. — С. 319—334.
- ↑ К, А.. Праз суд ліквідуюць фонд "Крэўскі замак". Ён 18 гадоў вывучаў і дапамагаў захоўваць спадчыну Крэва (абноўлена) . Hrodna.life (6 чэрвеня 2023). Праверана 17 студзеня 2024.
- ↑ Постановление Совета Министров от 03.06.2016 № 437 О некоторых вопросах обеспечения сохранности историко-культурных ценностей Архівавана 24 лютага 2020.
- ↑ Беларусы скінуліся на камяні для Крэўскага замку. Іх набылі за адзін дзень (недаступная спасылка). naviny.belsat.eu. Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2024. Праверана 17 студзеня 2024.
- ↑ К, А.. Гродненцев приглашают на археологические раскопки в Крево (руск.) . Hrodna.life - русская версия (12 ліпеня 2019). Праверана 17 студзеня 2024.
- ↑ Экскурсавод едзе 23 км дзеля 40 хвілін працы. У Крэве для турыстаў адкрылі адзін з найстарэйшых замкаў ВКЛ . Hrodna.life (2 ліпеня 2021). Праверана 17 студзеня 2024.
- ↑ У Крэўскім замку знайшлі тунэль XIV стагоддзя. Чым карысная гэтая знаходка? . Hrodna.life (28 чэрвеня 2022). Праверана 17 студзеня 2024.
- ↑ Гісторыя ажыла. У Крэве, на Юравай гары, адбылося ўрачыстае адкрыццё вежы-дазорцы (фотарэпартаж) . www.shliah.by. Праверана 17 студзеня 2024.
- ↑ К, А.. У Крэўскім замку раскапалі трэцюю вежу. Але не ўсе гісторыкі ўзрадаваліся (абноўлена) . Hrodna.life (24 ліпеня 2023). Праверана 17 студзеня 2024.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дзярновіч А. І. Заняпад ці трансфармацыя? Эвалюцыя статуса Крэўскага замка ў XIV—XVII ст. (па выніках гістарычна-археалагічных даследаванняў) / А. І. Дзярновіч // Замкі, палацы і сядзібы ў кантэксце еўрапейскай культуры: Зб. навук. арт. / Мін. культ. РБ, Замкавы комплекс «Мір». — Мінск : Медысонт, 2013. — С. 23—29.
- Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя і інш. Уклад. Габрусь Т. В. — Мн.: Полымя, 1998. — 351 с.: іл. — ISBN 985-07-0036-X — С. 14-17.
- Крэ́ўскі за́мак // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 406. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Крэўскі замак
- Загадка «егіпецкай сіняй» — нечаканыя знаходкі ў Крэўскім замку // nashaniva.by
- Алег Дзярновіч: Паводле археолагаў раскопкі Крэва перавяртаюць нашы ўяўленні пра ХІІІ ст. // nashaniva.by
- Крэўскі замак Архівавана 3 красавіка 2014. на афіцыйным сайце Рэспублікі Беларусь
- Афіцыйны сайт Мясцовага дабрачыннага фонду «Крэўскі замак» Архівавана 3 верасня 2011.
- Крэўскі замак быў расстраляны Архівавана 4 сакавіка 2016.
- Крэўскі замак на сайце «Архіварта»