Нагайбакі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нагайбакі
(Нагайбәкләр)
Агульная колькасць 8148 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання  Расія 
Мова татарская мова
Рэлігія праваслаўе
Блізкія этнічныя групы татары

Нагайбакі (татар.: Нагайбәкләр) — цюркскі народ на поўдні Урала. Часам разглядаюцца як рэлігійная або этнаграфічная група татар. Кампактна жывуць на поўдні Чалябінскай вобласці Расіі. Агульная колькасць (2010 г.) - 8 148 чал.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Нагайбакі як самастойная група пачалі фарміравацца ў XVII ст. у сувязі з пабудовай Закамскай абарончай лініі Расіі на мяжы з качавымі народамі, куды перасялялі хрышчоных татар. Упершыню як "новахрышчоныя" ўзгадваюцца ў 1726 г. У першай чвэрці XVIII ст. налічвалася 25 населенымі імі вёсак. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што аснову нагайбакаў склалі нагайцы. Аналіз тапанімікі дазваляе меркаваць, што вызначальную ролю адыгралі казанскія татары. За вернасць царскай адміністрацыі пад час башкірскіх і татарскіх паўстанняў XVIII ст. набывалі статус казакаў.

Назва нагайбакаў паходзіць ад наймення крэпасці Нагайбак, што была заснавана ў 1736 г. на месцах качэўяў башкіра Нагайбака. Упершыню нагайбакі былі вылучаны як самастойная народнасць, адрозная ад татар і рускіх казакаў, падчас перапісаў 1920 г. і 1926 г. Аднак на афіцыйным узроўні атрымалі статус малога карэннага народа толькі ў 2000 г.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўным заняткам нагайбакаў здаўна было земляробства. Стэпавыя надзелы інтэнсіўна апрацоўвалі пакуль не пачыналася падзенне ўраджайнасці і засмечванне пустазеллем, потым пакідалі і зноў апрацоўвалі пасля натуральнага аднаўлення ўрадлівасці глебы. Вырошчвалі галоўным чынам збожжавыя культуры. Некаторыя багатыя гаспадаркі развівалі жывёлагадоўлю як самастойную галіну. Для гэтага арганізоўваліся сезонныя перакачоўкі кезлэў, або жывёла перадавалася на гадаванне казахам. Важнае месца ў гаспадарчым жыцці і ў ваеннай справе займаў конь.

Вёскі аул будавалі каля рэк. Для іх характэрна квартальная планіроўка. Хаты будавалі з дрэва зрубнага тыпу або каркасныя з самана. Сцены абмазваліся вапнай і глінай. Знутры жытлы падобныя на рускія. Пасцельную бялізну выраблялі з вярблюжай поўсці. Хату ўпрыгожвалі ручнікамі.

Мужчынская вопратка мала адрознівалася ад вопраткі іншых казакаў. Жанчыны апраналі кашулю, нагавіцы, фартух, галаўны ўбор ак калфак. Жаночая вопратка аздаблялася аплікацыямі, вельмі папулярнымі былі нагруднікі з дробнымі лускавінамі і манетамі.

Традыцыйныя святы прымеркаваны да праваслаўнага календара. Вусны фальклор блізкі да татарскага.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Нагайбакі карыстаюцца сярэднім дыялектам татарскай мовы.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць вернікаў — праваслаўныя.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]