Карачаеўцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карачаеўцы
(къарачайлыла)
Фота 1917 г.
Агульная колькасць 229400 тыс. (2017 г.)
Рэгіёны пражывання  Расія — 225000

 Кыргызстан — 2700
 Казахстан — 1700

Мова карачаеўска-балкарская
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы балкарцы, кумыкі, крымскія татары

Карача́еўцы (саманазва: къарачайлыла) — народ, карэнныя жыхары Паўночнага Каўказа. Адзін з асноўных этнасаў Карачаева-Чаркесіі. Агульная колькасць - 229 400 чал.[1]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Саманазва карачаеўцаў къарачайлыла перакладаецца як "чорная рака". Згодна карачаеўскім паданням, Карча — імя іх правадыра, які ў XIV ст. разам з прыхільнікамі перасяліўся на Паўночны Каўказ з Крыма[2]. Мяркуецца, што першай пісьмовай узгадкай пра карачаеўцаў з’яўляецца рукапіс 1404 г. дамініканца Яна дэ Галаніфантыбуса, дзе ўзгадваліся карачаркесы.

Большасць даследчыкаў атаясняюць продкаў карачаеўцаў з горцамі Паўночнага Каўказа, аднак прызнаюць важнасць у іх этнагенезе аланаў, булгараў і асабліва цюркаў-куманаў. Генетычныя даследаванні карачаеўцаў[3] паказваюць, што іх паходжанне сапраўды звязана з суседнімі горскімі народамі, чые далёкія продкі прыйшлі на Паўночны Каўказ з Пярэдняй Азіі. Болей за траціну балкарцаў маюць індаеўрапейскія карані, блізкія да старажытных народаў Сярэдняй Азіі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Згодна паданням карачаеўцаў, на ранніх этапах сваёй гісторыі яны ваявалі за незалежнасць супраць кабардзінцаў. У XVII - XVIII стст. тэрыторыя, населеная карачаеўцамі, трапіла ў залежнасць ад Крымскага ханства. Апошні паход крымскіх татар на землі захаду Паўночнага Каўказа адбыўся ў 1707 г. З уплывам крымскіх татар звязана распаўсюджанне іслама.

У 1826 г. падчас Каўказскай вайнаы карачаеўцы заключылі дагавор з расійскімі войскамі аб захаванні нейтралітэту. Аднак у 1828 г. у сувязі з магчымым удзелам карачаеўцаў у нападах на расійскія ўмацаванні іх землі былі акупаваны і ў выніку ўключаны ў склад Расіі. У 1855 г. карачаеўцы падтрымалі мусульманскае паўстанне горцаў Паўночнага Каўказа супраць Расіі. У 1920 г. і 1930 г. адбываліся ўзброеныя паўстанні карачаеўцаў супраць савецкіх улад. У 1926 г. у складзе РСФСР была створана Карачаеўская аўтаномная вобласць.

12 кастрычніка 1943 г. выйшла пастанова аб дэпартацыі карачаеўцаў, якая абвінавачавала прадстаўнікоў гэтага народа ў супрацоўніцтве з нацысцкімі акупантамі. Дэпартацыя адбылася на працягу 2 лістапада5 лістапада 1943 г. 68 614 чалавек былі прымусова выселены ў Казахстан і Кіргізію. Карачаеўская аўтаномная вобласць ліквідавалася.

Карачаеўцы атрымалі магчымасць вяртацца на Паўночны Каўказ толькі з 1956 г. У 1957 г. была створана Карачаева-Чаркеская аўтаномная вобласць у складзе Стаўрапольскага края. М. С. Гарбачоў, які назіраў за вяртаннем карачаеўцаў на радзіму, паведамляў, што на месцах для перасяленцаў былі створаны льготныя ўмовы, але ў далейшым любы прыгнёт успрымаўся імі вельмі хваравіта[4]. У 19891991 гг. працэс рэабілітацыі карачаеўцаў быў канчаткова завершаны. У 1990 г. была абвешчана аўтаномная рэспубліка Карачаева-Чаркесія.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Доўгі час асновай традыцыйнай гаспадаркі карачаеўцаў з’яўлялася адгонная жывёлагадоўля. Трымалі коз, авечак, кароў, канёў. Улетку іх трымалі на горных пашах, а ўзімку адганялі на паўднёвыя схілы гор, лясныя паляны, раўніны. Пляцы для пакосаў былі малымі, таму жывёла на працягу года знаходзілася на падножным корму. На летнія пашы зыходзіла палова насельніцтва, у тым ліку жанчыны і дзеці. Часцяком пастухі аб’ядноўваліся ў къош нёеерлик, калі дробныя гаспадары аб’ядноўвалі свае статкі са стакам багатага гаспадара. Прадукты жывёлагадоўлі перапрацоўваліся пераважна жанчынамі. Яны апрацоўвалі лямец, скуры, тканіны, шылі вопратку.

Земляробства не атрымала шырокага распаўсюджання з-за недахопу годнай зямлі. Найбольш багатыя карачаеўцы куплялі або арандавалі зямлю для земляробства і пакосаў на раўнінах. Вырошвалі збожжавыя культуры. Аралі драўляным плугам з жалезным лемяшом сабан агъач або къаладжюк. У 1920-я гг. савецкія ўлады садзейнічалі перасяленню карачаеўцаў-земляробаў на новыя землі.

Для паселішчаў характэрна розная планіроўка. Горныя паселішчы скучаныя, адаптаваныя да рэльефа мяцовасці. Паселішчы на раўнінах маюць вулічную планіроўку. Жылыя і гаспадарчыя будынкі складалі комплекс зачыненага двара арбаз. Жытло ўяўляла сабою прамавугольную зрубную пабудову з земляным дахам. Знутры каля сцяны ладзілі агмень оджакъ з адкрытым комінам. Звычай гасціннасці патрабаваў мець асобную гасцёўню або нават цэлую хаціну для госцяў. Высакародныя сем'і таксама будавалі ўмацаваныя драўляныя вежы къала. У мірны час яны выкарыстоўваліся як жытлы.

Мужчынская народная вопратка ўключае кашулю, порткі, футра, бурку, бешмет і г. д. Жаночая вопратка надзвычай разнастайная, залежыць ад узросту і сацыяльнага становішча, звычайна складаецца з доўгай кашулі з выразам у грудзях і зашпількай на каўняры і нагавіц, падкнутых у боты.

Народная кухня карачаеўцаў багата на мясныя стравы, супы на поліўцы з мясной асновай, сыры. З мукі пякуць прэсныя аладкі гырджыны і піражкі з начыннем хычыны. Традыцыйныя малочныя напоі — айран і кефір гыпы айран.

Асноўнай грамадскай адзінкай доўгі час заставаўся род тукъум, які складаўся з пашыраных і малых нуклеарных сем'яў. Члены аднаго тукъум мелі адзінае прозвішча, жылі ў сваёй родавай частцы паселішча. Род валодаў пэўнымі землямі, у тым ліку пашамі, могілкамі, часам нават мячэцямі, сімвалам тамга. Забараняліся шлюбы знутры роду або з чальцамі іншых родаў, што паходзілі ад аднаго з легендарных продкаў—мігрантаў з Крыма. Часам у склад роду прымалі несваякоў. Пры гэтым новы член праходзіў абрад праходу пад кіям. У выніку сваяцтва з ім вызначалася "па кію". Кроўнае сваяцтва звалася сваяцтвам "па агменю". Адданасць роду віталася, на чальцоў клаўся абавязак узаемнай дапамогі. Існаванне вялікіх пашыраных сем'яў юйюр тлумачыцца прыроднымі асаблівасцямі карачаеўскіх тэрыторый. Яны адрозніваюцца недахопам ворыўных зямель, а часам — і пашы. Вялікія сем'і не падзялялі зямлю паміж сваякамі, працягвалі весці агульную гаспадарку і выплочвалі адзіны падатак. Увядзенне царскімі ўладамі падушнага падатку ў другой палове XIX ст. прывяло да хуткага разбурэння юйюр на малыя нуклеарныя.

На чале сям'і заўсёды быў мужчына. Большасць сямейнай маёмасці падзялялася паміж сынамі, аднак згодна шарыяту дачкі таксама мелі права на маёмасць. Шарыят таксама дазваляў палігінію, але яе распаўсюджанне стрымліваў звычай традыцыйна высокага выкупу за нявесту калым. Выбар партнёра па шлюбу залежаў ад бацькоў і часта супярэчыў жаданню не толькі нявесты, але і жаніха. Дамовы аб шлюбе паміж бацькамі маглі заключацца на будучыню, калі іх дзеці былі зусім малымі. Выйсцем са складанай сітуацыі з’яўляўся крадзеж нявесты. Карачаеўцы адрознівалі прымусовы крадзеж, крадзеж са сгоды дзяўчыны, крадзеж па дамоўленнасці паміж сем'ямі. Удаўцы часцяком жаніліся на сёстрах памерлай жонкі. Малодшы брат мог ажаніцца на ўдаве старэйшага брата.

Традыцыйнае грамадства карачаеўцаў не было сацыяльна аднастайным. Вылучаліся тры буйныя саслоўі. Вышэйшы стан займалі прадстаўнікі высакароднага саслоўя тау бий — нашчадкі ваенных правадыроў. Яны валодалі значнымі землямі і маёмасцю, на іх карысць працавалі абшчыннікі. Большасць карачаеўцаў належалі да саслоўя асабіста вольных къара ёзден. Яны падзяляліся на дробных сыйсыз ёзден і заможных сыйлы ёзден. На ніжэйшай сацыяльнай прыступцы стаялі нявольнікі къул. Частка з іх вяла сваю гаспадарку, арандавала зямлю і статкі ў тау бий, нават мела сваіх рабоў. Іншыя къул ня мелі маёмасці, працавалі за ежу. Рабства і прыгон былі адменены толькі ў 1864 г.

Традыцыйнае выяўленчае мастацтва мела прыкладны характар: выраб дыванаў, ўзорных лямцаў, аплікацыі. Карачаеўцы захавалі багаты спеўны фальклор. Мужчынскія песні джыр спяваліся групамі. Вызначаўся асобны вакаліст, астатнія спевакі зацягвалі акампанімент эжиу. Распаўсюджаны казкі, казанні, прымаўкі, загадкі. Папулярным героем-трыкстэрам з’яўляецца Насра Ходжа. Вядомы такія танцы, як карагод тёгерек, павольны парны тюз тебсеу, хуткі сандыракъ. Народныя музычныя інструменты: жалейка, скрыпка, бразготкі, гармонік.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Карачаеўцы размаўляюць на мове цюркскага паходжання, агульнай з балкарцамікарачаеўска-балкарскай. Да 1924 г. карысталіся арабскім алфавітам з дадатковымі цюркскімі літарамі. У 1924 — 1937 гг. распаўсюджана пісьмо на аснове лацінкі. З 1937 г. выкарыстоўваецца кірыліца.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

У XVIII ст. карачаеўцы прынялі іслам. Большасць сучасных вернікаў — мусульмане-суніты. Аднак пасля прыняцця іслама доўгі час захоўваліся старажытныя вераванні ў адзінага бога Тейри, заступнікаў паляўнічых Апсаты, авечак Аймуш, багіню рэк Су у анасы, шматлікіх духаў прыроды агъач киши, гаспадароў мясцін джер ийеси, хатніх заступніц юй ийеси, свяшчэнныя дрэвы і камяні.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]