Беларускія нацыянальныя галаўныя ўборы
Галаўныя ўборы — састаўная частка адзення беларусаў. У мінулым адлюстроўвалі сацыяльнае, а жаночыя — і сямейнае становішча чалавека. Паводле археалагічных знаходак найбольш раннія галаўныя ўборы вядомы з эпохі неаліту — скураныя ці футравыя шапачкі, часам упрыгожаныя бурштынавымі гузікамі. У раннім жалезным веку насілі шапачкі са спірале- ці акулярападобнымі падвескамі. Галаўныя ўборы плямён зарубінецкай і мілаградскай культур нагадвалі скіфскія і сармацкія (у жанчын — чапец і пакрывала, расшытае пацеркамі). У IX — XIII ст. дзяўчаты насілі вянкі з бяросты ці лубу, абшытыя скурай або тканінай (б. в. Аўсянікі Магілёўскага раёна), часам з шаўковай тасьмой, металічнымі венчыкамі. Упрыгожвалі іх вышыўкай ніткамі, шклянымі пацеркамі, зрэдку залачонымі бляшкамі (г. Навагрудак, вёскі Камена Вілейскага, Жукавец Бярэзінскага раёнаў). Вясельныя галаўныя ўборы выяўлены каля царквы XII ст. ў Мінску: вянок з кветак, з расшытым ачэллем на бяросце, рэшткамі лёгкай тканіны. Жанчыны на сколатыя валасы надзявалі чапец, шапачку, кіку, аснову якіх рабілі з бяросты ці лубу, абцягвалі тканінай ці скурай (вёскі Узноснае Талачынскага, Дзям’янкі Добрушскага раёнаў), расшывалі, як і дзявочыя вянкі. Да галаўных убораў жанчын і дзяўчат прымацоўвалі скроневыя кольцы. Для балцкіх плямён VII — XIII ст. характэрны жаночы галаўны вянок-упрыгажэнне — вайнага. 3 іх найбольш пашыраныя лентападобныя з 3—6 радоў бронзавых спіралек уперамежку з бронзавымі пласцінамі, нанізанымі на тонкія жгуты з лыка. У XI — XII ст. вянкі дапаўняліся трапецападобнымі падвескамі і званочкамі.
На паўночным захадзе Беларусі жанчыны насілі шапачкі, упрыгожаныя спераду металічнымі пласідінамі (вёскі Апонаўцы і Пузелі Воранаўскага, Вензаўшчына Шчучынскага раёнаў), наміткі (зашпільвалі булаўкамі), павой, убрус (накшталт сучасных шаляў), якія выраблялі з розных тканін белага ці чырвонага колераў, упрыгожвалі вышыўкай, нашывалі металічныя бляшкі рознай формы (в. Казлоўцы Міёрскага раёна). Гараджанкі насілі ачэлле з 2 сагнутых драўляных валікаў, абшытых тканінай, на якой замацоўвалі да 20 металічных дужак, заможныя на шалі надзявалі шапкі, аздобленыя футрам. Мужчыны насілі суконныя ці лямцавыя каўпакі з нізкім паўкруглым, конусападобным верхам, з аколышам, часта абшытыя футрам (гарады Брэст, Полацк).
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дучыц, Л. У. Галаўныя ўборы / Л. У. Дучыц // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [складальнік Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А — К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 211. — ISBN 978-985-11-0354-2.