Капыльска-Клецкі строй

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Капыльска-Клецкі строй на паштовай марцы Беларусі

Капыльска-Клецкі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення Цэнтральнай Беларусі. Бытаваў у XIX — пачатку XX стст. Пераважна ў Капыльскім, Клецкім, Уздзенскім, Нясвіжскім раёнах. Вызначаўся багаццем кампазіцыйных вырашэнняў, класічнасцю арнаменту вышывак і натыкання.

Жаночы гарнітур[правіць | правіць зыходнік]

Аснову летняга жаночага гарнітура складалі кашуля, спадніца (андарак), фартух, гарсэт. Кашулю шылі з кужэльнага палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з падточкай грубага палатна (радзей з гесткай), з адкладным шырокім каўняром, з глыбокім разрэзам пазухі. Чырвоны або чырвона-чорны геаметрычны (радзей раслінны і з выявамі птушак, фігураў людзей) арнамент размяшчаўся на рукавах (гарызантальнымі і вертыкальнымі палосамі ў шахматным парадку) і на каўняры. Андaрак шылі з 4 (кроеных па аснове) або 2 (кроеных па ўтку) полак паўсуконніка, вытканага ў 4 ніты ўзорам папярочных разнаколерных пасак або клетак на белым, чорным, зялёным, блакітным, бурачковым фоне.

Па ніжнім краі праходзіў шырокі маляўнічы шляк з пярэстымі паскамі або з геаметрычным арнаментам. Крой і мастацкае аздабленне льняной спадніцы і андарака падобныя. Андарак і спадніцу прасавалі ў буйныя і частыя складкі, што стварала пэўныя танальныя пералівы і падкрэслівала прыгажосць каларыстычнай гамы. Фартух кроілі з 1-2 полак белага палатна, цёмна-сіняй, малінавай шарсцянкі ці паркалю, да пояса ззаду часта прышывалі дэкаратыўныя клінкі-лапаткі. Аздаблялі вышыўкай, узорыстым ткацтвам, вязаннем, фалдаваннем, складкамі. Гарсэт шылі з сініх, зялёных, блакітных, малінавых крамных тканінаў (шарсцянка, сацін, шоўк), кароткім (вышэй лініі таліі, часцей без баскі) з глыбокім выразам на грудзях. Спераду аздаблялі нашыўкамі разнаколерных тасёмак, стужак, гузікаў. Галаўныя ўборы жанчынаў — шоўкавыя ці атласныя каптуры са стракатымі нашыўкамі спераду тасьмы, галуна, разнаколерных стужак; наміткі, хусткі. Нагруднымі і шыйнымі ўпрыгожаннямі былі пацеркі, тасёмкі, абразкі.

Мужчынскі гарнітур[правіць | правіць зыходнік]

Мужчынскі гарнітур складалі кашуля, аздобленая вышыўкай чырвонага геаметрычнага арнаменту на адкладным каўняры, плечавых устаўках, падоле (насілі навыпуск, падпярэзвалі шырокім узорыстым поясам з кутасам) і нагавіцы. Паверх кашулі апраналі камізэльку. Галаўныя ўборы — саламяныя капелюшы (брылі), картузы, кучомкі, аблавухі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]