Нівальны пояс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Нівальна-гляцыяльная зона)
Нівальна-гляцыяльная зона Вялікага Алечскага ледавіка ў швейцарскіх Альпах. На заднім плане — вяршыня Юнгфрау.

Нівальны пояс, нівальна-гляцыяльная зона — самы верхні прыродны вышынны пояс гор і палярных абласцей, размешчаны вышэй снегавой лініі. Тэрмін нівальны клімат прапанаваны нямецкім географам А. Пенкам.

Найбольшыя вышыні ніжняй мяжы пояса ў пустынных гарах Цэнтральнай Азіі і ў Андах (больш за 6500 м); у Антарктыдзе і Грэнландыі нярэдка апускаецца да ўзроўню мора. Для яго характэрны ледавікі і снежнікі, ледавіковыя формы рэльефу (кары, трогі, свежыя марэны і інш.), скалы і восыпы, нівальны клімат. Вялікія намнажэнні снегу пры шматгадовым захаванні паступова пераходзяць у фірн і глетчарны лёд. Інтэнсіўнасць раставання і выпарэння залежаць ад сонечнай радыяцыі і экспазіцыі схілу. На стромкіх схілах снег і лёд перыядычна сыходзяць уніз у выглядзе снежных лавін і ледавікоў. На паўднёвых схілах, дзе хутка ідзе раставанне снегу, агаляюцца горныя пароды і інтэнсіўна развіваюцца працэсы фізічнага (у асноўным марознага) выветрывання. Ідзе разбурэнне парод з утварэннем грубых абломкаў, якія намнажаюцца ў больш нізкіх месцах.

Раслінны і жывёльны свет бедны. Сярод раслін пераважаюць лішайнікі, што пакрываюць паверхню скал і валуноў, разбураюць іх і утвараюць прымітыўныя глебы. У ніжнія гарызонты пояса могуць пранікаць нізкарослыя экземпляры раслін з іншых паясоў. З вышэйшых жывёл трапляюцца залётныя птушкі. У высакагор’і нівальна-гляцыяльнага поясу можна сустрэць снежных барсаў (ірбісаў), мядзведзяў, горных бараноў — тэкё і г. д.[1]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]