Завіруха

Завіру́ха, заве́я, мяце́ліца — паземны перанос снегу ветрам. У метэаралогіі адрозніваюць агульную, нізавую завіруху і замець.
Замець — перанос снегу ветрам непасрэдна над паверхняй снегавога покрыва.
Нізавая завіруха — перанос ветрам снегу, паднятага з паверхні снегавога покрыва на вышыню некалькіх метраў. Суправаджаецца пагаршэннем гарызантальнай атмасфернай бачнасці, але стан неба можна вызначыць.
Агульная завіруха — хаатычны рух часціц снегу, пры гэтым цяжка вызначыць, пераносіцца снег, які выпадае з воблакаў, або зрываецца з паверхні снегавога покрыва; бачнасць пагоршана.
Найбольш часта завірухі пачынаюцца з набліжэннем цёплага атмасфернага фронту ў тылавой частцы цыклону і на другасных халодных франтах (снежныя зарады).

Завірухі наносяць значны эканамічны ўрон. Яны парушаюць раўнамернае размеркаванне снегавога покрыва на палях: агаляюць узвышаныя месцы і ўтвараюць сумёты ў нізінах. У выніку нераўнамернага залягання снегу азімыя пасевы і шматгадовыя травы на ўзвышшах могуць вымерзнуць, а ў нізкіх месцах пацярпець ад выправання і вымакання.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Валабуева Г. В. Мяцеліца // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984. — 588 с., іл. — 10 000 экз.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- ЗАВІРУХА на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларуская энцыклапедыя»