Палац Тышкевічаў (Лагойск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Палац Тышкевічаў, Лагойск)
Перайсці да: рух, знайсці
Палацава-паркавы комплекс
Палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў
Лагойскі палац Тышкевічаў, малюнак 1-й пал. XIX ст.
Лагойскі палац Тышкевічаў, малюнак 1-й пал. XIX ст.
54°12′19″ пн. ш. 27°50′44″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Лагойск
Архітэктурны стыль ампір
Заснавальнік Пій Тышкевіч
Дата заснавання 1819
Будынкі:
палац • стайня • лядоўня • арачны мост • вартоўня • фабрыка • касцёл
Вядомыя жыхары Канстанцін Піевіч Тышкевіч

Яўстах Піевіч Тышкевіч

Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000230шыфр 613Г000230

Палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў (Мінская вобласць)
Палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў
Палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў

Лаго́йскі пала́ц Тышке́вічаў — палацава-паркавы комплекс графаў Тышкевічаў у Лагойску, збудаваны ў 1819 годзе. Утвараў развітую архітэктурную кампазіцыю, якая размяшчалася на ўзвышшы і скіроўвалася да ракі Гайна. Асноўная алея пейзажнага парку пачыналася ад палаца і вяла да галоўнай вуліцы паселішча.

Лагойскі палац Тышкевічаў — помнік архітэктуры позняга класіцызму[1] (ампіру) з выкарыстаннем элементаў дарычнага ордара. На сядзібным двары знаходзіліся «кухарня», лядоўня, стайня, вазоўня і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Большую частку палаца, а таксама гаспадарчыя збудаванні і капліцу знішчылі ў канцы Вялікай Айчыннай вайны. Захаваліся руіны сцяны бакавога крыла палаца і парк.

Узнікненне палаца[правіць | правіць зыходнік]

Лагойскі палацава-паркавы комплекс, малюнак Н. Орды

Яшчэ ў старажытнасці ў Лагойску, над ракой Гайнай, пры тракце, які вёў з Мінску ў Дынабург, знаходзілася гарадзішча. Пазней на ім узнік феадальны замак, сценам якога неаднойчы даводзілася трымаць аблогу.

У канцы XV ст. Лагойск атрымаў статус мястэчка, у цэнтры паселішча збудавалі ратушу з гадзіннікам на фасадзе.

У пачатку XVI ст. Тышкевічы мелі 2 палацы ў прадмесцях Лагойску — Луцаўшчыне і Заазер'і (на беразе заазерскага возера за 1,5 км на паўднёвы ўсход).

На месцы старажытнага замчышча і драўлянага замка Чартарыйскіх (які быў знішчаны крымскімі татарамі ў 1505), потым мураванага замка Тышкевічаў (разбуранага шведамі ў 1708 годзе) граф Пій Тышкевіч (1756—1858) У 18141819 гадах пабудаваў новы палац у стылі ампір.

Мастацкае афармленне[правіць | правіць зыходнік]

Лагойскі палац — твор архітэктуры класіцызму (ампіру) з выкарыстаннем элементаў дарычнага ордара. Манументальны будынак паставілі на высокі цокаль прамавугольнай формы (70 х 20 м). Аб'ёмна-прасторавую франтальна раскрытую кампазіцыю фарміравалі 3 злучаныя паміж сабой 1-павярховымі крыламі часткі: сярэдні 2-павярховы пяцівосевы корпус і 2 1-павярховыя аднавосевыя высунутыя рызалітамі бакавыя павільёны.

Алоўкавы малюнак палаца

Сярэдні корпус палаца на галоўным фасадзе вылучаў глыбокі 6-калонны порцік; яго патройныя калоны фланкіравалі шырокі праезд па цэнтры і бакавыя пандусныя пад'езды. Калоны неслі гладкі антаблемент з карнізам на дантыкулах і 2-ярусны прамавугольны атык з 3-кутным франтонам у завяршэнні — тыпова ампірная форма. Прасценкі прамавугольных у сціплых ліштвах акон рытмічна крапаваліся пілястрамі. Толькі ўваходныя дзверы былі аформлены чвэрцьлісцевымі начолкамі. Бакавыя крылы крапаваліся падвойнымі пілястрамі і завяршаліся трыгліфнымі фрызамі і трохвугольнымі франтонамі.

Амаль такі ж выгляд палац меў і з паркавага боку, але вылучаўся больш сціплай архітэктурна-пластычнай распрацоўкай. Порціку франтальнага фасада тут адпавядаў паўкруглы эркер з 6 прысценнымі калонамі і закругленым атыкам у завяршэнні. Вакол эркера, узнятага на высокі цокальны паўпаверх, праходзіла відавая тэраса са сходамі, з якой адкрываліся паркавыя краявіды. Палац накрывалі пакатыя двухсхільныя гонтавыя дахі над усімі яго часткамі. Яшчэ і ў наш час пад руінамі палаца праглядаюцца вялікія скляпеністыя сутарэнні.

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Парадныя апартаменты палаца больш нагадвалі музейную анфіладу. Тут, у 2 найбольшых працяглых залах, экспанаваліся рэчы багатых музейных збораў. Мастацкае афармленне інтэр'ераў было вырашана ў стылі ампір. Паводле адзінкавых успамінаў некаторых наведвальнікаў «музея» можна меркаваць, што працяглыя экспазіцыйныя залы знаходзіліся на 1 паверсе бакавых крылаў палаца. Пад музейную экспазіцыю адводзіліся і залы-ратонды абодвух паверхаў цэнтральнага акруглага эркера.

Парк[правіць | правіць зыходнік]

Палац Тышкевічаў у Лагойску, літаграфія з малюнка Н. Орды

«Англійскі» парк пейзажнага тыпу планавання быў высаджаны адначасна з будовай палаца Піем Тышкевічам ўздоўж правага берага ракі Гайна на плошчы 6,2—10 га. Фарміраванню парку ў духу рамантызму спрыялі гістарычныя асаблівасці яго тэрыторыі, што звязвалася з існаваннем тут умацаванага мураванага замка.

Праз парк працякаў ручай з перакінутым праз яго мураваным аркавым мостам. Перад ім, пры ўездзе ў парк, па правы бок ад палаца стаяла невялікая вартоўня.

Перад парадным фасадам палаца ўтвараўся роўны акруглай формы траўнік, абкружаны «жывой сценкай» нізка стрыжанага кустоўя вечназялёнага самшыта; унутры купамі раслі кусты, былі разбіты кветкавыя клумбы і рабаткі. Да партэру далучалася вялікая паляна (цяпер стадыён; па яе восі праходзіла адна з перспектываў на раку Гайна), фланкаваная масівамі дрэваў узлескі, аформленыя з аднаго боку магутнай групай таполі белай, з іншага — елкі. Каля берага Гайны сіметрычна размешчаныя 2 паўкруглыя шчыльныя групы ліпы, якія падкрэслівалі вось перспектывы і адначасова ўмацоўвалі бераг. Адна з іх служыла відавой «зялёнай» альтанкай.

Ад палаца ўздоўж берага праз атачаючыя паляну масівы праходзіў кальцавы прагулачны маршрут. Ён характарызаваўся разрэджаным дрэвастоем з мясцовых відаў, праз які добра праглядаліся зарэчныя левабярэжныя далі і люстэрка ракі. У паўднёва-ўсходняй частцы сцежка падводзіла да невялікага вадаёму каля ракі, які сілкаваўся ад несупынна пульсуючай крыніцы. Маршрут часткова праглядаецца і сёння, але густы падлесак закрыў перспектывы.

Руіны палаца Тышкевічаў

Паўднёва-ўсходнюю частку парку прадстаўляюць рэшткі замка. Добра захаваўся крапасны вал з крутымі схіламі, парослымі векавымі дрэвамі. Абкружны канал паўкругам ахопліваў замак на высокай тэрасе Гайны. Былы замкавы двор служыў садам, а з валоў адкрываліся краявіды на марэнныя маляўнічыя ўзгоркі Лагойшчыны. Пярэдні план перспектывы складала паўнаводная Гайна. У кампазіцыйнае вырашэнне парку ляжыць прынцып раскрыцця дальніх перспектываў на раку Гайна і выкарыстання рэшткаў замкавых умацаванняў з равамі, у планавальнае — трохпрамянёвая перспектыва ў бок ракі.

Парк не мае кампазіцыйна вызначанай планавальнай восі. Уязная алея праходзіла паміж садам, закладзеным на месцы былых сялянскіх сядзіб, і паркам, паўтараючы яго канфігурацыю па паўднёва-заходнім перыметры. Па падоўжнай восі палаца, праз паркавы гушчар быў пакінуты шырокі прасвет, праз які адкрываўся краявід на далёкую частку парку. Яшчэ прыгажэйшы краявід адкрываўся з тэрасы і акон тыльнага боку палаца, дзе тэрыторыя паніжалася пакатым схілам да маляўнічай сажалкі з цяністай «зялёнай» таполевай альтанкай каля яе (пасаджаныя кругам ліпы). Агляд працягваўся па рацэ, далей да цямнеючага за ёй лесу.

Дэндралагічную аснову парку складалі дрэвы мясцовых ліставых парод: акрамя ліпы звычайнай раслі ліпа грубаліставая, клён серабрысты і татарскі, ясень пенсільванскі, явар. Курціны фарміравалі таполя белая і дуб, з хваёвых мелася елка. На ўскрайку парку быў высаджаны пладовы сад.

Са зруйнаваннем палаца паступова гінуў і парк, ад якога ўцалелі толькі адзінкавыя фрагменты. Зараз гарадскі парк культуры і адпачынку. Распрацаваны праект аднаўлення парку.

Касцёл-пахавальня[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл Святога Казіміра ў Лагойску, малюнак 1-й пал. XIX ст.

Сярод парку стаяў фамільны касцёл-пахавальня. Храм узвялі ў 17871793 гадах практычна адначасна з палацам, пра што сведчыць агульная з ім ампірная мастацка-стылявая трактоўка. Прамавугольны 1-нефны корпус пад двухсхільным гонтавым дахам завяршаўся над алтаром гранёным шатровым ліхтарыкам. Корпус перакрыжоўваў аб'ём трансепта, аднавосевыя кароткія крылы якога выступалі на бакавых фасадах і завяршаліся 3-кутнымі тарцовымі франтонамі.

У адрозненне ад плоскасных, рытмічна падзеленых высокімі аркавымі вокнамі бакавых фасадаў, галоўны — атрымаў насычаную архітэктурна-пластычную распрацоўку. яго плоскасць завяршалася прамавугольным атыкам, над якім узвышаўся прамавугольны вертыкальна выцягнуты шчыт з гадзіннікам паміж 2 прысценных калон. Але асноўным пластычна-дэкаратыўным акцэнтам франтальнага фасада з'яўляўся ўзняты на высокія руставаныя ўстоі 4-калонны порцік з 3-кутным франтонам. Яго палярна пастаўленыя калоны фланкавалі прамавугольны ўваходны партал, над якім размяшчалася аркавае акно хораў. Акрамя гэтага, фасадная плоскасць па кутох фланкавалася адзіночнымі калонамі.

Пад будынкам мелася вялізная крыпта-пахавальня, асветленая паўкруглымі люкарнамі цокаля.

Музей[правіць | правіць зыходнік]

Літаграфія палаца, 1883

У 1842 у Лагойскім палацы браты Яўстах і Канстанцін Тышкевічы заснавалі першы на Беларусі музей старажытнасцей, у якім яны сабралі архіў старажытных рукапісаў, калекцыю мастацкіх твораў, унікальную бібліятэку (3 тыс. кніг), археалагічную калекцыю.

У нумізматычнай калекцыі Тышкевічаў налічвалася 1140 медалёў і манет. Сярод трох тысяч кніг, сабраных у бібліятэцы музея, было каля 500 старажытных помнікаў айчыннага кнігадрукавання. У бібліятэцы захоўваліся таксама рукапісы, старадаўнія геаграфічныя карты і граматы.

З унікальных мастацкіх вырабаў увагу спыняў вялікі крыж са срэбрам і золата, падараваны каралём і вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам у 1514 годзе касцёлу мястэчка Гайна, што за 10 км ад Лагойску. Былі яшчэ ў музеі два мячы з мініяцюрным партрэтам караля і вялікага князя Стэфана Баторыя (15331586) на эфесах, з подпісам і дэвізам. Апроч таго, тут былі шпага расійскага цара Пятра І, шведскія сцягі.

Лагойскі музей быў і своеасаблівым арсеналам з вялікім камплектам рознай зброі. Захоўваліся тут зброя, кальчугі, мундзіры часоў французска-расійскай вайны 1812 года.

Музей меў багатую калекцыю ручнікоў, сурвэтак, абрусаў, што ткалі на фабрыцы льняных і баваўняных вырабаў, заснаванай Канстанцінам Тышкевічам.

Значнае месца ў музеі займалі партрэты прадстаўнікоў 500-гадовага (12 пакаленняў) лагойскага роду Тышкевічаў. Амаль усе партрэты — у натуральную велічыню, па пояс альбо на ўвесь рост (партрэт Пія — бацькі Тышкевічаў — работы Дамеля, партрэт рэферэндара вялікага літоўскага Вінцэнта Тышкевіча, біскупа Антонія Тышкевіча).

«Вялікая» і «малая» залы палаца займалі творы майстроў Рыма, Фларэнцыі, Неапаля — 200 экспанатаў. Было тут 48 копій з замалёвак грэчаскага Парфенона, былі прадметы раскопак Пампеяў, рэчы, здабытыя ардынатарам Біржаў Міхалам Тышкевічам, таксама археолагам (18281897), у час яго раскопак у Егіпце[2].

У 1845 годзе Яўстах Тышкевіч перавёз частку лагойскай калекцыі ў Вільню пад выглядам выстаўкі, якую пасля ператварыў у прыватны музей, а потым, з дазволу ўладаў, — у музей, што размясціўся ў старажытнай залы Віленскага ўніверсітэта.

Заняпад[правіць | правіць зыходнік]

У 1920-я гады Лагойск атрымаў статус адміністрацыйнага цэнтра аднаго з памежных раёнаў Мінскай акругі БССР. Савецкія ўлады нацыяналізавалі маёнтак, а палац і іншыя пабудовы прыстасавалі для розных адміністрацыйна-гаспадарчых патрэб, таксама выкарыстоўвалі іх як жылыя памяшканні. Скляпенні палаца, паводле словаў мясцовых жыхароў, у 19201940-я гады выкарыстоўваліся ў якасці вязніцы — спачатку НКУС, а пазней немцамі. У канцы Другой сусветнай вайны палац падарвалі, захаваўся толькі невялікі фрагмент сцяны паўднёвага крыла будынка.

Парк пачынаючы з 1920-х гадоў паступова прыходзіў у заняпад. Пазней, у 19501980-я гады, неаднаразова падпадаў пад перапланаванне (у тым ліку стыхійнае)[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Ростислав Боровой. Исторический центр Логойска: хронология, планировочная структура и проблемы охраны // «Архитектура и строительство» №10 (197), 2008.
  2. Палац Тышкевічаў. «Віртуальны музей горада Лагойска» (1 студзеня 2011).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ростислав Боровой. Исторический центр Логойска: хронология, планировочная структура и проблемы охраны // «Архитектура и строительство» №10 (197), 2008.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]