Прэзідэнт Бразіліі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Прэзідэнт Бразіліі
парт.: Presidente do Brasil
Сцяг прэзідэнта Бразіліі
Сцяг прэзідэнта Бразіліі

Пасаду займае
Луіс Інасіу Лула да Сілва‎
з 1 студзеня 2023
Узначальвае
Афіцыйная рэзідэнцыя Палац Алварада
Тэрмін паўнамоцтваў 4 гады, не больш за 2 тэрміны
Пасада з’явілася 1891
Першы на пасадзе Дэадору да Фансека
Сайт planalto.gov.br

Прэзідэнт Бразіліі (афіцыйна Прэзідэнт Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія або проста Прэзідэнт Рэспублікі) — глава дзяржавы ў Бразіліі, глава выканаўчай улады і галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Бразіліі. Пасада ўведзена ў 1891 годзе пасля прыняцця першай рэспубліканскай канстытуцыі. Першым прэзідэнтам Бразіліі стаў Дэадору да Фансека.

Дзеючы прэзідэнт Бразіліі — Луіс Інасіу Лула да Сілва‎. Гэта 39-ы прэзідэнт Бразіліі.

Выбары і інаўгурацыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле дзеючай канстытуцыі прэзідэнт Бразіліі не павінен быць маладзейшым за 35 гадоў. Ён выбіраецца на прамых усеагульных выбарах з ліку кандыдатаў, высунутых афіцыйна зарэгістраванымі палітычнымі партыямі і кааліцыямі. Выбары прэзідэнта Бразіліі праводзяцца за дзевяноста дзён да заканчэння паўнамоцтваў дзеючага прэзідэнта. Калі ніводны кандыдат не атрымаў абсалютную большасць галасоў, праводзіцца другі тур галасавання.

Прэзідэнт Бразіліі ўступае на пасаду на пасяджэнні Нацыянальнага кангрэса, дзе прымае прысягу выконваць і абараняць канстытуцыю краіны, выконваць законы, спрыяць агульнаму дабрабыту бразільскага народа, падтрымліваць адзінства, цэласнасць і незалежнасць Бразіліі[1]. Тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта пачынаецца з 1 студзеня года, наступнага за выбарамі.

У 1997 годзе ў Канстытуцыю Бразіліі была ўнесена папраўка, якая дазваляе перавыбранне прэзідэнта на другі тэрмін.

Паўнамоцтвы[правіць | правіць зыходнік]

У кампетэнцыю прэзідэнта Бразіліі ўваходзіць падпісанне і публікацыя законаў і часовых актаў, усталяванне дыпламатычных адносін з дзяржавамі і падпісанне міжнародных дагавораў. Прэзідэнт накіроўвае на разгляд кангрэса планы развіцця і праекты бюджэту. Таксама прэзідэнт з'яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі і мае права ўводзіць надзвычайнае і аблогавае становішчы, аб'яўляць вайну, амніставаць, змякчаць прысуды.

Прэзідэнт не можа пакідаць краіну на тэрмін большы за 15 дзён без дазволу Нацыянальнага кангрэса, у адваротным выпадку ён можа быць зняты з пасады[1].

Парадак замяшчэння[правіць | правіць зыходнік]

У выпадку немагчымасці выканання прэзідэнтам сваіх абавязкаў іх выконвае віцэ-прэзідэнт. Калі маюцца перашкоды для выканання абавязкаў віцэ-прэзідэнтам, то далейшы парадак замяшчэння такі:

  • Старшыня Палаты дэпутатаў
  • Старшыня Федэральнага сената
  • Старшыня Федэральнага вярхоўнага суда

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]