Прэзідэнцкія выбары ў Сірыі (2021)
26 мая 2021 | |||
---|---|---|---|
Яўка: | 78.64% | ||
Кандыдат: | Башар Асад | Махмуд Ахмад Марэй | Абдула Салум Абдула |
Партыя: | Баас | ДАСС | СЮ |
Галасоў: | 13 540 860 (95,1%) |
470 276 (3,3%) |
213 968 (1,5%) |
Прэзідэнцкія выбары 2021 года ў Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы праведзены 26 мая, пасля прызначэння гэтай даты Народным саветам[1]. Яны сталі другімі прэзідэнцкімі выбарамі з моманту пачатку ў краіне грамадзянскай вайны.
Абстаноўка
[правіць | правіць зыходнік]У 2011 годзе паміж урадам, падтрыманым Іранам і Расіяй, і разнамаснай сірыйскай апазіцыяй, якая карыстаецца дапамогай заходніх краін і некаторых дзяржаў арабскага свету, пачалася грамадзянская вайна. Па стане на вясну 2021 года Узброеныя сілы Сірыі кантралявалі большую частку краіны. Апазіцыйныя групоўкі ўтрымлівалі толькі паўночныя раёны (сумесна з УС Турцыі) і невялікую вобласць на паўднёвым усходзе (сумесна з УС ЗША).
За гэты перыяд дзеючы прэзідэнт Башар Асад змог значна палепшыць свой рэйтынг нягледзячы на тое, што ўзровень жыцця насельніцтва знізіўся ў сувязі з баявымі дзеяннямі. Пандэмія COVID-19 таксама вельмі моцна ўдарыла па краіне, яе эканоміцы і сацыяльным сферам. Многія страцілі працу і сродкі да існавання, адчуваўся дэфіцыт тавараў першай неабходнасці і бензіну. Аднак Асад захаваў рычагі кіравання дзяржавай і працягваў карыстацца вялікім аўтарытэтам на кантраляваных уладамі тэрыторыях. Тым не менш варта адзначыць, што незалежных комплексных палявых даследаванняў палітычных пераваг грамадзян у Сірыі даўно не праводзілася[2].
Тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, згодна з канстытуцыяй 2012 года, складае сем гадоў. Папярэднія выбары адбыліся ў 2014 годзе, на іх Асад атрымаў падтрымку 88,7% выбаршчыкаў. Ён змяніў у 2000 годзе на пасадзе свайго бацьку — Хафеза Асада, які кіраваў на працягу трох дзесяцігоддзяў. У 2007 годзе Башар Асад быў абраны на другі прэзідэнцкі тэрмін па выніках рэферэндуму і прынёс прысягу перад дэпутатамі Народнага савета. Яго партыя Баас (партыя арабскага сацыялістычнага адраджэння, сірыйскае аддзяленне) знаходзіцца ва ўладзе з 1963 года[3].
Правядзенне
[правіць | правіць зыходнік]Рэгістрацыя кандыдатаў была праведзена 19—28 красавіка[4]. 19 красавіка пра сваё жаданне балатавацца на выбарах абвясцілі першыя два кандыдаты: былы міністр Абдала Салюм Абдала і незалежны актывіст Мухамед Фірас Ібн Ясін Раджух[4]. 21 красавіка заяўку падала беспартыйная Фатэн Алі Нахер — першая жанчына-кандыдат за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў у Сірыі[5]. Сваю заяўку таксама падаў прэзідэнт Асад[6][7].
3 мая Вышэйшы Канстытуцыйны суд краіны абвясціў аб прыняцці заяў 3 кандыдатаў: Абдалы Абдалы (Сацыялісты-юніяністы), Башара Асада (кіруючая партыя «Баас») і Махмуда Марэя (Дэмакратычны арабскі сацыялістычны саюз)[8].
З-за высокай яўкі прыйшлося падоўжыць працу ўчасткаў на пяць гадзін. Выбары прайшлі без здарэнняў. Тым не менш праціўнікі прэзідэнта Асада выйшлі на вуліцы з пратэстамі[9]. Галасаванне для грамадзян, якія знаходзіліся па-за межамі Сірыі, прайшло папярэдне на тэрыторыі дыпмісій 20 мая[1].
Раніцай 27 мая было заяўлена аб лідарстве Башара Асада. Яго прыхільнікі пачалі адзначаць перамогу свайго кандыдата яшчэ да абвяшчэння вынікаў масавымі гуляннямі[2]. Вечарам спікер парламента Хамуда Сабаг заявіў, што прэзідэнт Асад перамог на выбарах з вынікам 95,1% галасоў[10].
Рэакцыя
[правіць | правіць зыходнік]Яшчэ да пачатку галасавання кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў такіх краін як ЗША, Францыя, ФРГ, Італія і Вялікабрытанія заявілі, што не лічаць гэтыя выбары сумленнымі і свабоднымі[9]. Пазней і Еўрасаюз не прызнаў вынікі галасавання.
28 мая прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін павіншаваў Асада з перамогай на выбарах. У віншавальнай тэлеграме адзначалася, што «вынікі галасавання ў поўнай меры пацвердзілі высокі палітычны аўтарытэт, давер суграмадзян да курсу, які праводзіцца пад яго кіраўніцтвам, на больш хуткую стабілізацыю сітуацыі ў Сірыі і ўмацаванне яе дзяржаўных інстытутаў». Расійскі бок заяўвіў пра намер надалей аказваць усямерную падтрымку сірыйскім партнёрам у барацьбе з сіламі тэрарызму і экстрэмізму, а таксама ў прасоўванні працэсу палітычнага ўрэгулявання і постканфліктнага аднаўлення краіны[3].
Сваі віншаванні таксама накіравалі прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка[11], прэзідэнт Абхазіі Аслан Бжанія[12], прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура[13], прэзідэнт Ірана Хасан Рухані[14], лідар КНДР Кім Чэн Ын[12], прэзідэнт Лівана Мішэль Аун[12], прэзідэнт Палесціны Махмуд Абас[12], афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Чжао Ліцзянь[15] і ліванская партыя Хезбала[13].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ а б Выборы президента Сирии назначили на 26 мая (руск.). РИА Новости (18 красавіка 2021). Праверана 21 красавіка 2021.
- ↑ а б Выборы в Сирии: Асад побеждает, но что будет после Асада?
- ↑ а б Путин поздравил Асада с победой на выборах президента Сирии
- ↑ а б В Сирии объявили имена первых двух кандидатов на президентских выборах (руск.). tass.ru. Праверана 21 красавіка 2021.
- ↑ Женщина впервые примет участие в борьбе за пост президента Сирии (руск.). Interfax.ru. Праверана 21 красавіка 2021.
- ↑ Председатель НС САР объявил о приеме трех новых заявлений от кандидатов на пост президента . Сирийское арабское информационное агентство. Праверана 21 красавіка 2021.
- ↑ Асад подал заявку на регистрацию кандидатом на президентских выборах в Сирии . ТАСС. Праверана 21 красавіка 2021.
- ↑ Высший конституционный суд САР принял три заявления о выдвижении кандидатур на пост президента (руск.)(недаступная спасылка). Сирийское арабское информационное агентство (3 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 6 мая 2021. Праверана 6 мая 2021.
- ↑ а б В Сирии подвели предварительные итоги президентских выборов: лидирует Башар Асад
- ↑ Асад победил на президентских выборах в Сирии, набрав 95,1% голосов
- ↑ Лукашенко поздравил Башара Асада с переизбранием на должность Президента Сирии // БелТА, 28 мая 2021
- ↑ а б в г Президент Аль-Асад принимает поздравления по случаю победы на президентских выборах . Sana (29 мая 2021).
- ↑ а б Ливанская «Хезболла» поздравила Асада с победой на выборах в Сирии (29 мая 2021).
- ↑ Президент Ирана поздравил Асада с победой на выборах главы государства в Сирии . ТАСС (28 мая 2021).
- ↑ Китай поздравил Асада с победой на выборах // 28 мая 2021