Свята-Ушэсцеўская царква (Горкі)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Праваслаўны храм
Свята-Ушэсцеўская царква
Горкі. Краявіды (10).jpg
54°16′48,40″ пн. ш. 30°58′28,10″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Горкі
Канфесія Праваслаўе
Епархія Магілёўская і Мсціслаўская
Благачынне Горацкае
Архітэктурны стыль рэтраспектыўна-рускі
Будаўнік Пётр Саковіч
Архітэктар Анджэла Антонавіч Кампіёні[1]
Будаўніцтва 18451850 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000436шыфр 513Г000436
Стан дзейнічае

Свята-Ушэсцеўская царква — праваслаўны храм у горадзе Горках Магілёўскай вобласці. Знаходзіцца ў цэнтральнай частцы горада, на вул. Піянерскай, 29. Замыкае перспектыву вуліцы Кузняцова.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1841 годзе ў Горках ужо дзейнічала прыходская Ушэсцеўская царква. У траўні 1845 года замест спарахнелай пачалося ўзвядзенне мураванай царквы пры Горацкім земляробчым вучылішчы[заўв 1].

Архітэктарам храма стаў Анджэла Кампіёні[1][2] (па іншых звестках — епархіяльны архітэктар Шастакоў[3]), будаўніком — памешчык Клімавіцкага павета Пётр Саковіч.

Для царквы была выбрана роўная пляцоўка ў Казіміраўскай слабадзе, на паўвыспе паміж рэкамі Парасіцай і Проняй. Каштарыс на будаўніцтва, разам са званіцай і іканастасам, склаў 20 тысяч 343 рублёў 52 капейкі срэбрам[4]. Працы вяліся за кошт дзяржавы і былі скончаны 26 лістапада 1850 года, калі архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Анатоль асвяціў храм.

У 1937 годзе царква была зачынена, праз чатыры гады набажэнствы аднавіліся. Настаяцель прыхода ў цяперашні час — протаіерэй Андрэй Выгоўскі, прычт — святар Васіль Шапялевіч[5].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Царква ў пачатку XX стагоддзя

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Крыжова-купальны храм, кананічная чатырохчасткавая кампазіцыя якога складаецца з прамавугольных аб’ёмаў прытвора, трапезнай, малітоўнай залы з бакавымі прыдзеламі і апсіды. Сяродкрыжжа вянчае буйны цыліндрычны светлавы барабан з купальным пакрыццём. Другая вертыкальная дамінанта ў сілуэце будынка — 1-ярусная шатровая званіца, надбудавана над прытворам. Фасады завершаны закамарамі, крапаваны лапаткамі, арачнымі нішамі і круглымі разеткамі. Вузкія арачныя аконныя праёмы дэкарыраваны пластычнымі кілепадобнымі ліштвамі, падобнымі да рускіх какошнікаў. Уваход аформлены кілепадобным парталам.

У інтэр’еры пануе прастора сяродкрыжжа, павялічаная на вышыню барабана і сферычнага купала, абапёртых цераз ветразі на вуглавыя пілоны. Прыдзелы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках, асвятляюцца строенымі аконнымі праёмамі. Прамавугольная апсіда адкрыта шырокім арачным прасветам і вылучана трох’ярусным пазалочаным драўляным іканастасам, таксама выкананым у рэтраспектыўна-рускім стылі.

Вышыня царквы — 24 м, даўжыня — 27 м, шырыня — 24 м. На званіцы налічваецца шэсць званоў[3].

Рэліквіі[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова ў іканастасе, на сценах і ў рызніцы меліся старадаўнія абразы. У іканастасе знаходзіўся абраз Божай Маці з двух папярэдніх драўляных храмаў, які быў напісаны ў 1671 годзе і «выпраўлены прыхаджанамі». У царкоўныя святы ў Горках ладзіліся хрэсныя хады з малітвамі, у часе якіх насілі мясцовашанаваны абраз Маці Божай ў нізкапробнай срэбнай аправе, які захоўваўся ў царкве[3].

У іканастасе храма вылучаўся абраз Святога Духа, замацаваны да яго верхняга яруса, над царскімі варотамі[3].

У царкве захоўваліся напрастольнае Евангелле 1654 года, выкананае ў малым фармаце са срэбнымі абразамі і абкладзенае аксамітам, і Амфілагіён другой паловы XVII стагоддзя, надрукаваны ў архірэйскай Чарнігаўскай Лаўры[3].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. А. М. Кулагін у даведніках «Праваслаўныя храмы Беларусі» (2001, 2007), «Эклектыка. Архітэктура Беларусі другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзяў» (2000) памылкова адносіць ўзвядзенне царквы да 1863 года.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў, ф. 796.121.1406, лл. 12 аб.–13.
  2. Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 Слюнькова И. Н. Храмы и монастыри Беларуси XIX века в составе Российской империи. Пересоздание наследия. — М.: Прогресс-Традиция, 2009. — С. 182.
  4. Достопримечательности Горецкого района. — Могилёвский областной исполнительный комитет, 30 сакавіка 2018. (руск.) 
  5. Горецкое благочиние. Список приходов. — Могилёвская епархия Белорусской Православной Церкви. (руск.) 

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]