Серана

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Серана
(Taaqtam)
Фота 1915 г.
Агульная колькасць 1000 (2018 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова серана
Рэлігія татэмізм, каталіцызм
Блізкія этнічныя групы хопі, тонгва, мона

Серана (саманазва: Taaqtam, англ.: Serrano) — індзейскі народ на поўдні Каліфорніі (ЗША). Агульная колькасць (2018 г.) - 1 000 чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Агульныя продкі серана і тонгва перасяліліся з усходу ў Каліфорнію каля 3500 - 2500 гадоў таму[2]. Па мове і культуры яны былі блізкімі да паютэ і шашонаў Вялікага Басейна.

З 1769 г. іспанцы, а потым мексіканцы адчынялі на тэрыторыі мона каталіцкія місіі, куды сілком перасялялі індзейцаў. Менавіта іспанцы сталі называць мясцовае насельніцтва серана (ад ісп.: sierra "горны хрыбет"). Адмоўнымі бакамі кантактаў былі згуба традыцыйнай культуры і эпідэміі, прынесеныя еўрапейцамі. У 1813 г. серана разам з саюзнікамі арганізоўвалі паўстанне супраць місіянераў.

У 1848 г. Каліфорнія была далучана да ЗША. Адносіны серана з амерыканскімі перасяленцамі былі напружанымі. У 1867 г. пасля нападу паўднёвых паютэ на каліфарнійскія жывёлагадоўчыя гаспадаркі добраахвотнікі-перасяленцы ўчынілі ў адказ напад на серана і знішчылі 2 паселішчы разам з тубыльцамі. Рэшткі серана былі вымушаны адступіць.

Толькі ў 1891 г. для серана была вылучана асобная рэзервацыя. У нашы дні асновай яе эканомікі з’яўляецца казіно, адчыненае ў 1994 г.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнымі заняткамі серана здаўна з’яўляліся збіральніцтва, паляванне і рыбалоўства. Узімку яны жылі ў даліне і перадгор'ях, дзе збіралі жалуды, хваёвыя арэхі, спаржавыя, плады кактусаў. Улетку перамяшчаліся ў высакагор'і для палявання на птушак, трусоў, аленяў, баранаў і г. д. Серана карысталіся каменнымі нажамі, драўлянымі булавамі, дзідамі, лукамі і стрэламі. Распаўсюджанымі рамёствамі былі пляценне кашоў і ганчарства.

Вопратка залежала ад сезона. У прахалоднае надвор'е апраналі адзенне з футра жывёл. У спякоту хадзілі голымі або насілі плеценыя саронгі. Папулярны галаўны ўбор выглядаў як ланцуг, сплецены вакол галавы, упрыгожаны футрам і пер'ем. Жанчыны ўпрыгожвалі сваю вопратку арнаментам, ракавінамі і пер'ем.

Серана падзяляліся на 2 фратрыяльныя групы, які мелі як татэмы дзікіх катоў і каётаў. На чале фратрыі стаяў правадыр kika, што судзіў, арганізоўваў рэлігійныя рытуалы, упарадкаваў паўсядзённае жыццё. Яго ўлада перадавалася па спадчыне. Пасля смерці kika ўладу на некаторы час магла атрымаць яго жонка. У цырымоніях правадырам дапамагалі paxa.

Кожная фратрыя мела некалькі сезонных вёсак. Звычайна яны будаваліся каля водных крыніц і складаліся з 10 - 30 сямейных канічных вікіяпаў Kiich. Каркас для жытла рабілі з вярбовых бэлек, потым пакрывалі трыснягом. Найбуйнейшы вікіяп заўсёды належаў правадыру.

Святы мелі рэлігійны характар і суправаджаліся танцамі. У якасці музычных інструментаў выкарыстоўвалі барабаны і бразготкі з гарбузоў.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова серана належыць да паўночнай групы юта-ацтэкскіх моў. У нашы дні знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

У выніку хрысціянізацыі ў канцы XVIII - сярэдзіне XIX ст. большасць серана прынялі каталіцызм. Да нашага часу захаваліся толькі некаторыя элементы традыцыйнай рэлігіі. У яе аснове палягаў татэмізм. Серана шанавалі грызлі, што ўяўляліся духамі продкаў, дзікіх катоў і каётаў. Хвоі атаясняліся з падарункамі памерлага стваральніка сусвету.

Пасля смерці цела чалавека і яго маёмасць спальвалі. На месцах для пахавальных рытуалаў знаходзяць петрогліфы і рэчы, што прыносіліся ў ахвяру памерламу.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]