Перайсці да зместу

Касцёл Святога апостала Андрэя (Слонім)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Слонімскі Андрэеўскі касцёл)
Фарны касцёл
Касцёл Святога Андрэя
Фарны касцёл Св. Андрэя
Фарны касцёл Св. Андрэя
53°05′51″ пн. ш. 25°19′48″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Слонім
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктурны стыль позняе барока, ракако
Будаўніцтва 1770-я1775
Асноўныя даты

1775пабудаваны
1918зруйнаваны

1918адноўлены
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святога Андрэя  — фарны касцёл Св. Андрэя Апостала, помнік архітэктуры позняга барока і ракако ў горадзе Слонім, Беларусь. Храм знаходзіцца ў зарэчнай, усходняй частцы горада (Замосце), на пл. Сапегі. Касцёл удзельнічае ў фарміраванні панарамы горада і знаходзіцца ў прасторава-планіровачнай сувязі з комплексам гістарычнага цэнтра[1].

  • 1490 — па ініцыятыве караля Казіміра IV Ягелончыка ў горадзе пачата будаўніцтва драўлянага храма. Яна стала першай значнай фундацыяй у горадзе.
  • 1493 — храм асвяцілі.
  • 1593 — праз 100 гадоў па фундацыі слонімскага старосты Льва Сапегі парафія атрымала зямлі, дзе размясцілі шпіталь, школу, плябанію і могілкі.
  • У гады вайны з Масковіяй (16551661) касцёл разбураны, набажэнства адбываліся ў старой капліцы.
  • 1775 — цяперашні касцёл створаны па ініцыятыве ксяндза Францыска Анцуты і віленскага біскупа Гедройца.
  • У гады Першай сусветнай вайны (19141918) касцёл быў разбураны і быў адноўлены ў пасляваенныя гады. Пасля вайны 1941—1945 гг тэрыторыя адышла да СССР і касцёл зачынілі. Пазней выкарыстоўваўся як саляны склад.
  • 1990 — распачата рэстаўрацыя касцёла, які вярнулі рэлігійнай абшчыне. Рэстаўрыраваны па праекце архітэктара В. Атас пры ўдзеле мастакоў М. Залатухі і У. Ракіцкага.
  • 1993 — касцёл асвечаны.
Галоўны фасад
План касцёла Св. Андрэя

Манументальны касцёл Св. Андрэя аднанефны, прамавугольны ў плане храм, дах трохсхільны чарапічны. У кампазіцыі пануюць дзве ярусныя вежы з фігурнымі шатрамі і высокім фігурным шчытом, які плаўна пераходзіць у бакавыя валюты каля асновы. Плоскасць галоўнага фасада ўвагнута-выпуклая: лінія сцяны выгінаецца ў пяці заломах, абазначаных пілястрамі. Бакавыя вежы пастаўлены над вуглом да лініі фасада. Тэктанічная структура фасада мае ярка выяўлены ярусны характар, што дасягаецца выразнымі гарызантальнымі і вертыкальнымі чляненнямі, узмоцненай крапоўкай контурных ліній. Верхні ярус моцна расчлянёны шмат’ярусным карнізам і завершаны характэрнымі для архітэктуры ракако ліхтарамі на фігурных галоўках. Пазбаўленыя крапоўкі плоскасці фасада разыграны нішамі з манументальнымi скульптурамі евангелістаў Пятра і Паўла ў дынамічных разваротах. Партал галоўнага ўвахода, вокны і фігурны шчыт маюць акруглы абрыс. Дэкаратыўны арсенал фасада ўключае профілі і ляпніну. Бакавыя фасады ў прасценках чляняцца плоскімі адзінарнымі пілястрамі. Уражанне руху ліній і форм дасягаецца частымі раскрапоўкамі, шматразовым драбленнем антаблементаў.

У інтэр’еры высокі неф (14,1 м) перакрыты цыліндрычным скляпеннем на папружных арках з люнетамі. Прэсбітэрый аддзелены ад яго бакавымі ляпнымі алтарамі і парталам. Да алтарнай часткі прымыкаюць бакавыя квадратныя ў плане сакрысціі. Прастора інтэр’ера асвятляецца высокімі арачнымі аконнымі праёмамі. У паўночнай частцы храма на трохарках з гранёнымі бочкападобнымі апорамі і крыжовых скляпеннях умацаваны хоры, кулісы якіх маюць ілюзорны перспектыўны роспіс у тэхніцы грызайль.

Алтар

У інтэр’еры касцёла асноўны дэкаратыўны акцэнт зроблены на алтаpax, трактаваных у стылі ракако, амбоне і хорах, а таксама фрэскавым роспісе скляпенняў. Галоўны пластычна-дэкаратыўны элемент інтэр’ера — цэнтральны алтар. Ён створаны ў выглядзе магутнага порціка са здвоенымі карынфскімі калонамі, якія нясуць трохвугольны раскрапаваны франтон з крыжам на сферы. Уздоўж схілаў франтона размешчаны дзве стукавыя скульптуры анёлаў. Поле інтэркалумнія раскрапавана арачнай нішай, у якой размяшчаўся алтарны абраз, які да нашых часоў не захаваўся. Барочнымі шчытамі на валютах і раскрапоўкай карнізамі, пучкамі пілястраў таксама завяршаюцца і бакавыя алтары храма. Дэкаратыўнае вырашэнне алтароў заснавана на тэхніцы стука, якая імітуе чырвона-карычневы і светла-жоўты мармур. На бакавых сценах прэсбітэрыя дзве прамавугольныя фрэскавыя карціны (3х2 м) на біблейскія сюжэты. На ўсходняй сцяне алтара часткова захаваўся амбон у традыцыйнай для ракако форме ладдзі пад ветразем.

Унутранае ўбранне касцёла дапаўняюць дэкаратыўны роспіс сцен і арнаментальная ляпніна. Падоўжныя сцены аздоблены роспісам у спалучэнні з ілюзорна-прасторавымі архітэктурнымі формамі: пілястры з пышным арнаментальным убраннем, магутная каланада на заходняй сцяне, карніз і фрыз, мноства арнаментальных уставак, медальёнаў, картушаў, ракавін, разетак і інш., якія размешчаны на плоскасцях пілястраў і паміж імі, на аконных адкосах і ў прасценках паміж вокнамі, а таксама ўпрыгожваюць алтары. Дэкаратыўны роспіс выкананы ў стрыманых танах: ружовы, некалькі пацямнелы фон, на якім блакітна-белым і шэрым колерамі нанесены прыгожы малюнак.

На ўсходняй сцяне алтара быў размешчаны амбон у форме чаўна пад ветразем. Пад алтаром знаходзіцца крыпта.

Плябанія, што стаяла пры касцёле, не захавалася. Была вырашаная па тыпу старапольскай шляхецкай сядзібы — аднапавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак з мансардай пасярод высокага даха з заломам. Цэнтральны ўваходны рызаліт завяршаўся ампірным атыкам з люкарнай па цэнтры.

Зноскі