Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (Новадзевяткавічы)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Каталіцкі храм
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла
Novadzieviatkavičy. Новадзевяткавічы (3.04.2011).jpg
52°54′57,80″ пн. ш. 25°10′05,90″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Аграгарадок Новадзевяткавічы
Канфесія Каталіцтва
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Дэканат Слонімскі
Архітэктурны стыль барока[1]
Архітэктар Антоніа Кжэкзоці
Заснавальнік Тадэвуш Слізень
Будаўніцтва 17861790 гады
Стан дзейнічае

Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла — мураваны каталіцкі храм у аграгарадку Новадзевяткавічах Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Помнік архітэктуры XVIII стагоддзя.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Фасад касцёла, 1805.

Храм пабудаваны ў 1786—1790 гадах па фундацыі Тадэвуша Слізеня і Сафіі Чацвярцінскай-Слізень. Утвараў адзіны архітэктурны ансамбль з палацам, быў злучаны з ім ліпавай алеяй[2].

Праект храма выканаў прыдворны архітэктар Антоніа Кжэкзоці, роспіс інтэр’ера ажыццявіў мастак Фелікс Кашубскі, а абразы для касцёла маляваў Павел Фрыкшодэр. Дата завяршэння будаўніцтва захавалася на камені каля званіцы: «Сафія Чацв. Падкаморніца Слонімская, 1790 г.»[2]

Пасля 1831 года — парафіяльны, у 1866 годзе, пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў, касцёл быў зачынены. Прычынай гэтага стала тое, што ксёндз Васілеўскі падтрымліваў паўстанцаў і «прымаў і адпраўляў банды мяцежнікаў»[2].

У 1869—1871 гадах храм быў нязначна перабудаваны па праекце Мікалая Ціхвінскага[3], і працягнуў функцыянаванне ў якасці праваслаўнай царквы. У 1867 годзе маёмасць касцёла была часткова перададзена ў ружанскі і косаўскі касцёлы.

Намаганні Альфрэда Слізеня ў канцы XIX стагоддзя вярнуць храм як родавую маёмасць «засталіся без увагі». У перыяд з 1921 да 1939 года, калі Новадзевяткавічы ўваходзілі ў склад міжваеннай Польшчы, храм быў вернуты каталіцкай царкве і рэканструяваны. На 1932 год налічваў 408 парафіян[1].

За савецкім часам, у 1939 годзе касцёл быў зачынены, у ліпені 1944 года згарэў, у 1950 годзе будынак храма быў прыстасаваны пад склад мінеральных угнаенняў, а пазней і зусім закінуты. Напрыканцы XX стагоддзя касцёл знаходзіўся ў вельмі дрэнным стане і меў патрэбу ў сур’ёзнай рэстаўрацыі.

У 1990 годзе будынак храма быў вернуты каталіцкай царкве. У рэстаўрацыі касцёла, якая распачалася ў 2001 годзе па праекце В. Ю. Атаф, прымалі ўдзел як праваслаўныя, так і каталікі[2]. Аднавіліся набажэнствы.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова касцёл быў пабудаваны ў пераходным стылі ад позняга барока да класіцызму, г. зв. «станіславаўскім класіцызму»[4][2].

Храм быў вырашаны 1-нефавым аб’ёмам з паўкруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. З перабудовай пад царкву яго архітэктура набыла рысы рэтраспэктыўна-рускага стылю. Над порцікам франтальнага 2-яруснага фасада ўзвышаўся шпіль званічкі, якая ў час перабудовы была заменена на 8-гранны барабан з цыбулепадобным купалам, а галоўны ўваход аформлены старажытна-рускім рундуком, вуглы плоскаснага фасада аформлены калонкамі-бочкамі. Над вальмавым чарапічным дахам быў узведзены 8-гранны барабан з цыбулепадобным купалам.

Малітоўная зала перакрыта цыліндрычным скляпеннем, над уваходам на 4 слупах навісалі хоры, 3 алтары былі счасаны, крыпта замуравана.

Званіца на фоне касцёла.

Званіца[правіць | правіць зыходнік]

Перад касцёлам размешчана брама-званіца, якая была пабудавана адначасова з самім храмам ў 1790 годзе. Твор барочна-класіцыстычнай архітэктуры. Уяўляе двухярусную пабудову: першы 4-гранны ярус руставаны, над прамавугольным праездам меў гербавы картуш з «Пагоняй». Другі ярус-звон меў у аснаванні валютныя сплывы і завяршаўся фігурным купалам з гадзіннікам-курантамі.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 258
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 Юрый Марціновіч. Аднаўленне святыні з’яднала католікаў і праваслаўных на Слонімшчыне (бел.) . Catholic.by (18 кастрычніка 2018). Праверана 5 мая 2020.
  3. Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 24. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2018. — С. 78—79
  4. Новадзевяткавічы (бел.) . Vedaj.by — Славутасці і выбітнасці Беларусі. Праверана 5 мая 2020.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]