Князі тураўскія

Князі тураўскія — кіраўнікі Тураўскага княства з канца Х да ХІV стагоддзя. За выключэннем першага летапіснага (легендарнага) князя Тура, належалі да розных галінаў роду Рурыкавічаў.
Першыя князі (980—1019)[правіць | правіць зыходнік]
Першым па летапісах князем тураўскім і легендарным заснавальнікам горада Турава быў Тур. У «Аповесці мінулых гадоў» (ХІІ ст.) ён памянёны пад 980 годам. Ва Усцюжскім летапісным зборы (XVI ст.) Тур названы братам князя полацкага Рагвалода, гэтай думкі прытрымліваюцца і некаторыя даследчыкі (М. Гаусман[1], У. Ігнатоўскі[2], М. Ермаловіч[3]).
Першым дакладна вядомым князем Турава быў Святаполк Уладзіміравіч. Ён атрымаў княства ў 988—989 гг. ад свайго бацькі (або айчыма) — вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча. Але, у адрозненне ад іншага сына Уладзіміра — князя полацкага Ізяслава Уладзіміравіча, які быў адасланы ў Полацкую зямлю крыху раней, — Святаполк не зрабіўся заснавальнікам мясцовай княжацкай галіны.
У 1015 годзе Святаполк заняў кіеўскі прастол, але ў далейшым пацярпеў паражэнне ў барацьбе з князем наўгародскім Яраславам Уладзіміравічам, і сканаў у Польшчы ці Чэхіі ў 1019 годзе. Відавочна, Святаполк не пакінуў нашчадкаў.
Пытанне аб тураўскай княжацкай дынастыі да 1158 г.[правіць | правіць зыходнік]

Да 1052 г. Тураўскім княствам правіў непасрэдна вялікі князь кіеўскі Яраслаў Уладзіміравіч.
Наступным князем тут становіцца другі сын Яраслава — Ізяслаў Яраславіч. Затым у Тураве княжаць яго малодшыя браты — Святаслаў Яраславіч і Усевалад Яраславіч. А далей тураўскі прастол паслядоўна займаюць сыны Ізяслава Яраславіча — Яраполк Ізяславіч і Святаполк Ізяславіч.

Пераход княжання ў спадчыну (ад Ізяслава Яраславіча да яго сыноў Яраполка і Святаполка) дае падставу меркаваць аб заснаванні тураўскай княжацкай дынастыі. У даследчыцкай літаратуры (перш за ўсё, у працах П. Ф. Лысенкі[4]) Ізяслаў Яраславіч падаецца як пачынальнік мясцовай княжацкай галіны. На гэтую думку наводзіць таксама той факт, што і сын Святаполка — князь уладзіміра-валынскі Яраслаў Святаполчыч — змагаўся за тураўскі прастол, але пацярпеў паражэнне ў барацьбе з вялікім князем кіеўскім Уладзімірам Усеваладавічам (Манамахам).
Шчыльныя сувязі самога Ізяслава Яраславіча, а таксама яго нашчадкаў з Кіевам, Ноўгарадам і Валынню прымушаюць некаторых даследчыкаў сумнявацца ў тым, што да сярэдзіны ХІІ ст. можа ісці гаворка пра існаванне адасобленай тураўскай дынастыі. У гэты час тут правяць і прадстаўнікі іншых ліній Рурыкавічаў, у 1113—1157 гг. тураўскім князем не быў ніводны нашчадак Ізяслава.
Разам з тым, у 1158 г. праўнук Ізяслава — Юрый Яраславіч (сын Яраслава Святаполчыча) заняў тураўскі прастол без згоды вялікага князя кіеўскага, і відавочна, абгрунтоўваў свае права на гэта прыналежнасцю да Ізяславічаў. Ён двойчы вытрымаў аблогу Турава войскамі вялікага князя кіеўскага, і надалей у Тураўскай зямлі княжылі толькі нашчадкі Юрыя.
Пытанне аб тураўскай княжацкай дынастыі непасрэдна знітавана з пытаннем аб статусе і ролі Тураўскага княства ў палітычнай гісторыі Русі.
Спіс князёў тураўскіх у Х—ХІІ стст.[правіць | правіць зыходнік]
- Тур (згадваецца пад 980)
Святаполк Уладзіміравіч: 988—1016, 1018—1019 (у 1015—1016 і 1018—1019 адначасова з княжаннем у Кіеве)
Яраслаў Уладзіміравіч: 1016—1018, 1019—1052 (адначасова з княжаннем у Кіеве)
Ізяслаў Яраславіч: 1052—1072, 1076—1078 (у 1054—1072 і 1076—1078 адначасова з княжаннем у Кіеве)
- Святаслаў Яраславіч: 1072—1076 (адначасова з княжаннем у Кіеве)
Усевалад Яраславіч: 1076 (адначасова з княжаннем у Кіеве)
- Яраполк Ізяславіч: 1079—1087
- Святаполк ІІ Ізяславіч: ~1087—1113 (у 1093—1113 адначасова з княжаннем у Кіеве[5])
- Уладзімір Усеваладавіч (Манамах): 1113—1125 (адначасова з княжаннем у Кіеве)
- Вячаслаў Уладзіміравіч: 1125—1132, 1134—1136, 1136—1142, 1146 (пасля 1139 адначасова з княжаннем у Кіеве)
- Ізяслаў Мсціславіч: 1132—1134, 1136
- Святаслаў Усеваладавіч: 1142, 1154
- Яраслаў Ізяславіч: 1146—1148
- Андрэй Юр'евіч (Багалюбскі): 1150
- Барыс Юр'евіч: 1155—1158
- Юрый Яраславіч: 1158—1162
Пасля падзелу княства на ўдзелы:
- Святаполк ІІІ Юр’евіч: згадваецца ў 1162—1190
- Іван Юр'евіч: зг. у 1167—1183
- Глеб Юр'евіч: зг. у 1195
Княжацкі сталец за Юрыем Яраславічам і яго сынамі[правіць | правіць зыходнік]
Пытанне аб тым, якім чынам Тураўскае княства наследвалі сыны Юрыя Яраславіча, заблытанае з прычыны супярэчлівых звестак летапісаў. Розныя даследчыкі вырашаюць яго па-рознаму. Вышэй пададзены звесткі на падставе прац Л. Вайтовіча[6] і П. Лысенкі.
Адназначна можна сцвярджаць, што Юрый памёр паміж 1162 і 1170 г. У 1174 г. у летапісах упамінаюцца «тураўскія і пінскія князі», гэта значыць фіксуецца падзел зямлі на асобныя воласці. Такім чынам, Юрый падзяліў сваю спадчыну паміж сынамі. У далейшым яны чаргуюцца на галоўным (тураўскім) стальцы.
Тураўскія князі ХІІІ—ХІV стст.[правіць | правіць зыходнік]
Пасля 1196 г. пэўныя звесткі пра ўласна Тураўскае княства амаль знікаюць. На першы план вылучаецца Пінскае княства (пад 1246 г. названае «Пінскай зямлёй»). Існуюць спробы рэканструкцыі наследвання тураўскага стальца ў гэты час, якія, аднак, застаюцца гіпатэтычнымі.
Зноскі
- ↑ Гаусман, М. Исторический очерк местечка Турова, прежней столицы удельного Туровского княжества. — Мн., 1877. — С. 3. (руск.)
- ↑ Ігнатоўскі, У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5-е выд. — Мінск: Беларусь, 1992. — С. 40.
- ↑ Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. — Мінск: Маст. літ-ра, 1990. — С. 72.
- ↑ Напр.: Лысенко, П. Ф. Древний Туров. — Минск, 2004. — С. 174—175. (руск.)
- ↑ З 1093, відаць, кіраваў Туравам праз пасаднікаў, многія даследчыкі лічаць, што тут мог сядзець нехта з яго сыноў.
- ↑ Войтович, Л. В. Княжа доба на Русі: портрети еліти. — Біла Церква: Вид. О. В. Пшонківський, 2006. — С. 353—366. (укр.)
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Войтович, Л. В. Княжа доба на Русі: портрети еліти. — Біла Церква: Вид. О. В. Пшонківський, 2006. (укр.)
- Гаусман, М. Исторический очерк местечка Турова, прежней столицы удельного Туровского княжества. — Мн., 1877. (руск.)
- Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. — Мн.: Маст. літ-ра, 1990.
- Ігнатоўскі, У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5-е выд. — Мн.: Беларусь, 1992.
- Лысенко, П. Ф. Древний Туров. — Мн.: Белор. наука, 2004. (руск.)