Сядзібна-паркавы ансамбль Мірскіх (Камянполле)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Сядзібна-паркавы ансамбль
Сядзібна-паркавы ансамбль Мірскіх
Сядзібны дом
Сядзібны дом
55°36′54,37″ пн. ш. 27°32′30,6″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Камянполле
Архітэктурны стыль класіцызм, неаготыка
Заснавальнік Віслаў Святаполк-Мірскі
Дата заснавання 1873
Будаўніцтва кан. XIX—пач. XX ст.
Будынкі:
сядзібны дом • стайня • парк • кузня • лядоўня • сад
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000558шыфр 213Г000558
Стан занядбаны

Сядзібна-паркавы ансамбль Мірскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ў вёсцы Камянполлі Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Пабудаваны ў канцы ХІХ — пачатку XX стагоддзя.

Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. Уключае сядзібны дом, парк і пладовы сад. Гаспадарчыя будынкі — кузня, лядоўня, стайня — страчаны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Да пачатаку XVII стагоддзя Камянполле ўваходзіла ў склад маёнтка з цэнтрам у Мёрах і належала Рылам гербу Вянява. У 1640 годзе Крыштаф Рыла прадаў маёнтак Камянполле Себасцьяну Мірскаму, які ў наступным годзе фундаваў у ім драўляны касцёл[1].

На пачатку XVIII стагоддзя маёнткам валодаў лоўчы браслаўскі Ян Станіслаў Святаполк-Мірскі (~1690—1761), які заснаваў «камянпольскую лінію» Святаполк-Мірскіх. Наступнымі ўладальнікамі сядзібы былі яго сын Антоні (1776— пасля 1778), унук Ян (?—пасля 1788), праўнук Іван (1795—1849). Потым маёнткам валодалі сын Івана Віслаў (1828—1885) і яго сын Іван (1869—1920). Апошнім уладальнікам Камянполля быў сын Івана Віслаў Святаполк-Мірскі (1896—1951)[1].

У 1811 годзе ў сядзібе пражывалі 250 чалавек. Па звестках 1883 года, налічвалася 2395 дзесяцін зямлі[2]. У 1931 годзе ў маёнтку насялялі 120 чалавек[3].

Пасля Другой сусветнай вайны ў сядзібе дзейнічала школа.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Зруйнаваны будынак стайні

Сядзібны дом[правіць | правіць зыходнік]

Пабудаваны ў 1873 годзе ў паўднёвай частцы парку, перабудаваны ў 1970-х гадах. Аднапавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак, накрыты двухсхільным дахам з мансардай у цэнтры. Пры ўваходзе шасцікалонны ганак. Планіроўка калідорная. У інтэр’еры зберагліся две кафляныя грубкі ХІХ стагоддзя ў стылі класіцызму, аздобленыя барэльефнымі медальёнамі.

Пры Мірскіх у будынку захоўваўся збор кніг і партрэтаў. Пасля вайны сядзібны дом выкарыстоўваўся як клуб і праўленне калгаса, у цяперашні час закінуты.

Стайня[правіць | правіць зыходнік]

Размяшчалася каля пад’язной дарогі, насупраць сядзібнага дома. Узведзена ў 1907 годзе ў стылі мадэрну з рысамі неаготыкі. Кампазіцыя яе галоўнага фасада сітметрычная, трохчасткавая. Праезд па цэнтральнай восі будынка і бакавыя часткі галоўнага фасада аформлены шчытамі.

У 1990-я гады былі спробы аднавіць будынак, аднак гэтага не адбылося. У канцы 2019 года мясцовы райаграсэрвіс знёс стайню з мэтай добраўпарадкавання тэрыторыі. Яна не была прызнана помнікам гісторыка-культурнай спадчыны, і па словах дэрыктара райаграсэрвіса «адслужыла свой тэрмін», з’яўлялася «спісаным, патэнцыйна небяспечным аб’ектам»[4].

Міністр культуры Беларусі Юрый Бондар заявіў, што разбурэнню стайні будзе дадзена прававая ацэнка[5].

Парк, 1919—1939 гады.

Парк[правіць | правіць зыходнік]

Невялікі парк рэгулярнага тыпу з сістэмай прамавугольных каналаў размешчаны на раўніннай тэрыторыі з паўночнага захаду ад сядзібнага дома. У цэнтры кампазіцыі парку прамавугольны партэр (плошча 1 га), абмежаваны па перыметры ліпавымі алеямі і абкружаны фруктовым садам. Баскетам замыкаецца кампазіцыйная вось парка, уздоўж якой высаджана доўгая алея з дуба.

Арыгінальнасць парка вызначаецца таксама наяўнасцю воднай сістэмы ў выглядзе вялікага вадаёма, вузкіх каналаў у баскеце і акружнога канала, які адводзіў лішак вады ў Асінаўскае возера. Як і ў іншых пейзажных парках, у Камянполлі насыпаны невялікі відавы ўзгорак[6].

Капліца[правіць | правіць зыходнік]

Капліца, да 1939 года.

Пабудавана ў пачатку XX стагоддзя з дрэва, верагодна, на месцы старога храма, узведзенага ў 1762—1777 гадах італьянскім архітэктарам Антоніем Паракам, і колішняга парафіяльнага касцёла 1641 года, заснаванага Себасцьянам Святаполк-Мірскім. Выгляд капліцы вядомы па фотаздымку Яна Балзункевіча. Не захавалася.

Твор народнага дойлідства. Была вырашана простым чатырохсценным зрубам пад двухсхільным гонтавым дахам, які над галоўным фасадам завяршаўся чатырохграннай шатровай вежай-званіцай. Уваход вылучалі двухслуповы ганак пад двухсхільным пакрыццём і лучковае акно хораў над ім. Памяшканне асвятлялася такімі ж двума бакавымі вокнамі ў простых ліштвах. Гарызантальна ашаляваныя фасады чляніліся брусамі-сцяжкамі[7].

Лядоўня[правіць | правіць зыходнік]

Лядоўня, да 1939 года.

Часам згадваецца як лямус. Знаходзілася цераз дарогу ад сядзібнага дома. Кампактны квадратны ў плане двух’ярусны будынак. Верхні ярус з галерэяй вертыкальна ашаляваны і аддзелены ад ніжняга карнізам. Дах чатырохсхільны, з заломам. Не захавалася.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław-Warszawa-Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1997. — Cz. 2. — T. 11. Województwo kijowskie oraz uzupełnienia do tomów 1-10. — 787 s. — S. 548—542
  2. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. — S.775
  3. Wykaz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. T. 1, Województwo wileńskie. T. 1. Warszawa: Główny Urząd Statystyczny, 1938, s. 8.
  4. Наталля Лубнеўская. «Якія турысты? Гэта ўжо спісаны аб’ект». Пад Мёрамі знеслі аўтэнтычную канюшню, пабудаваную 100 год таму. // Наша ніва, 24 сакавіка 2020. (бел.) 
  5. Андрэй Шчарбіцкі. Разбурэнню аўтэнтычнай стайні ў Мёрскім раёне будзе дадзена прававая ацэнка // Звязда, 26 сакавіка 2020. (бел.) 
  6. А. Т. Федорук. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Мн.: Ураджай, 1989. — 247 с. — С. 84
  7. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 422

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
  • Каменпольская усадьба // Белорусская ССР: Краткая энциклопедия. В 5-ти т. Т. 4. / Ред. колл.: П. У. Бровка и др.. — Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1981. — Т. 4. — 712 с. — 50 000 экз.
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1985,— 496 с., іл.
  • Каменпольская усадьба // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. — Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. — Кн. 1.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]