Тамара Нікандраўна Кулакоўская

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тамара Нікандраўна Кулакоўская
Дата нараджэння 17 лютага 1919(1919-02-17)
Месца нараджэння
Дата смерці 15 лістапада 1986(1986-11-15) (67 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці дацэнт
Навуковая сфера аграхімія, глебазнаўства
Месца працы Беларускі навукова-даследчы інстытут глебазнаўства
Навуковая ступень доктар сельскагаспадарчых навук
Навуковае званне акадэмік УАСГНІЛ, член-карэспандэнт АН БССР, прафесар
Альма-матар Маскоўская сельскагаспадарчая акадэмія імя К. А. Ціміразева
Вядомыя вучні Іосіф Міхайлавіч Багдзевіч
Партыя
Узнагароды
Герой Сацыялістычнай Працы  — 1979
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга  — 1966 Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі — 1971 Ордэн Леніна  — 1979
Медаль «У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна»
Медаль «У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна»

Тамара Нікандраўна Кулакоўская (17 лютага 1919, Полацк, Віцебская вобласць — 15 лістапада 1986) — беларускі вучоны ў галіне аграхіміі і глебазнаўства. Член-карэспандэнт АН БССР (1969), акадэмік УАСГНІЛ (1975), доктар сельскагаспадарчых навук (1965), прафесар (1974). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1974). Герой Сацыялістычнай Працы (1979). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У 1936 г. паступіла на факультэт глебазнаўства і аграхіміі Маскоўскай ордэна У. І. Леніна сельскагаспадарчай акадэміі імя К. А. Ціміразева, дзе вучылася ў вядомых прафесараў — І. А. Каблукова, Н. Я. Дзям’янава, П. М. Жукоўскага, Д. Я. Пранішнікава, В. Р. Вільямса. Пасля заканчэння акадэміі ў 19411944 гг. працавала ў аграхімічнай лабараторыі, затым у аддзеле земляробства Чалябінскай дзяржаўнай селекцыйнай станцыі. У 1945 г. паступіла ў завочную аспірантуру Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута каўчуканосаў, дзе працавала над тэмай «Роля папярэднікаў кок-сагызу ў травяных севазваротах лесастэпавай зоны». У 1950 г. прысвоена ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук.

З 1949 працавала ў Беларускім навукова-даследчым інстытуце меліярацыі і воднай гаспадаркі АН БССР. У гэты перыяд ёю праведзены даследаванні па праблемах жыўлення раслін і ўжывання ўгнаенняў на тарфяна-балотных глебах.

У 1958 перайшла ў Беларускі навукова-даследчы інстытут глебазнаўства, дзе на працягу дзесяці гадоў праводзіла даследаванні па ацэнцы ўплыву аграхімічных уласцівасцяў глебаў і ўгнаенняў на прадукцыйнасць сельскагаспадарчых культур. Гэтыя даследаванні дазволілі Т. Н. Кулакоўскай зрабіць важныя тэарэтычныя высновы і ўзбагаціць аграхімічную навуку ў галіне пазнання ўзаемасувязі паміж біялагічнымі патрабаваннямі раслін і знешнімі ўмовамі іх росту і развіцця, далі магчымасць выявіць вядучыя фактары глебавага асяроддзя, якія істотна ўплываюць на жыўленне раслін, і даць іх колькасную ацэнку. Вынікі працы гэтага перыяду прадстаўлены ў доктарскай дысертацыі «Аграхімічныя ўласцівасці глеб БССР, іх значэнне ў прадукцыйнасці сельскагаспадарчых культур і рацыянальным прымяненні ўгнаенняў», якую Т. Н. Кулакоўская абараніла ў 1965 г.

У 1969 г. абрана членам-карэспандэнтам АН БССР і прызначана дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута глебазнаўства і аграхіміі. Пад кіраўніцтвам Т. Н. Кулакоўскай і пры яе непасрэдным удзеле калектывам інстытута былі праведзены працы па вывучэнні глебавага покрыва рэспублікі, распрацоўка прыёмаў рацыянальнага выкарыстання угнаенняў і абагульнены ў манаграфіі «Глебы Беларускай ССР». За цыкл работ па вывучэнні глебаў Беларускай ССР, апублікаваных ў 19681974 гг., калектыў супрацоўнікаў інстытута быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР.

У 1975 г. Т. Н. Кулакоўская абрана акадэмікам Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя. У. І. Леніна. За сукупнасць работ у галіне аграхімічных даследаванняў у 1977 г. ёй прысуджана прэмія Д. Н. Пранішнікава. У 1980 Т. Н. Кулакоўская была абрана акадэмікам-сакратаром Заходняга аддзялення УАСГНІЛ і ўзначальвала яго да апошніх дзён жыцця.

Навуковы і практычны ўклад[правіць | правіць зыходнік]

Распрацаваны метады прагнозу ўрадлівасці глебаў і ўраджаяў сельскагаспадарчых культур, ацэнкі эфектыўнасці мінеральных угнаенняў і комплекснай ацэнкі стану ўрадлівасці глеб. Даследавана дынаміка балансу пажыўных рэчываў у земляробстве рэспублікі; распрацаваны шэраг мадэляў — запатрабаванасці ва ўгнаеннях па палях і гаспадарках, размеркавання угнаенняў, эфектыўнасці іх дзеяння з улікам умоў надвор’я.

Аўтар больш за 340 навуковых прац, у тым ліку 67 манаграфій і зборнікаў, выдадзеных пад яе рэдакцыяй.

Стварыла вялікую навуковую школу. Пад яе кіраўніцтвам паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі 30 чалавек, у іх ліку акадэмік НАН Беларусі І. М. Багдзевіч.

Праводзіла вялікую працу па каардынацыі навуковых даследаванняў, выкананні комплексных распрацовак рознымі навуковымі ўстановамі. Пад яе кіраўнацтвам распрацоўваліся новыя напрамкі даследаванняў, праводзілася падрыхтоўка і публікацыя вынікаў комплексных распрацовак.

Развіла новы кірунак аграхімічнай навукі — аптымізацыю комплексу аграхімічных уласцівасцяў глебаў і кіраванне працэсамі фарміравання урадлівасці з мэтай стварэння глеб, здольных забяспечыць стабільна высокія ўраджаі пры добрай якасці прадукцыі. Гэты напрамак знайшоў практычнае адлюстраванне ў дзяржаўных праграмах павышэння ўрадлівасці глеб Беларусі на 1976—1980 гг. і 1981—1985 гг., падрыхтаваныя пад кіраўніцтвам Т. Н. Кулакоўскай. Упершыню ў рэспубліцы глебапаляпшальным работам атрымалася надаць сістэмны, планава-кіраваны характар.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966), Ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971), Ордэнам Леніна (1979), медалямі.

Асноўныя працы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Агрохимические свойства почв и их значение в использовании удобрений. Мн.: Урожай, 1965.
  2. Применение удобрений. Мн.: Урожай, 1970.
  3. Почвы Белорусской ССР. Мн., 1968—1974 (рэд.).
  4. Почвенно-агрохимические основы получения высоких урожаев. Мн.: Урожай, 1978.
  5. Оптимизация агрохимической системы почвенного питания растений. М.: Агропромиздат, 1990.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]