Тамарынд індыйскі (лац.: Tamarindus indica), індыйскі фінік — расліна сямействабабовых (Fabaceae), адзіны прадстаўнік роду Тамарынд. Гэта трапічнае дрэва, радзімай якога з’яўляецца ўсходняя Афрыка, у тым ліку сухія ліставыя лясы Мадагаскару. У дзікім выглядзе ён расце ў Судане, але ў цяперашні час расліна распаўсюджаная на тэрыторыі большасці трапічных краінаў Азіі, а таксама ў Лацінскай Амерыцы і на Карыбах.
Дрэва можа дасягаць 20 метраў у вышыню і застаецца вечназялёным у рэгіёнах без сухіх сезонаў. Драўніна складаецца са шчыльнай цёмна-чырвонай сэрцавіны і мяккай жаўтаватай забалоні. Ліст складанае, складаецца з 10-40 тонкіх лісцікаў. Кветкі сабраныя у суквецці. Плод — карычневы струкападобны боб, які складаецца з мяккай пульпы і мноства шчыльных сямян. Насенне можа надразацца дзеля паскарэння прарастання.
Мякаць плада прыдатная да ежы і папулярная. Яна ўжываецца ў якасці закрасы як у азіяцкай, так і ў лацінаамерыканскай кухнях. Таксама з’яўляецца важным інгрэдыентам папулярных у Вялікабрытаніі вустэрскага соўсу і гароднінавага соўсу HP (HP sauce). Мякаць зялёнай садавіны вельмі кіслая на смак і ўжываецца ў прыгатаваньні вострых страваў. Спелыя плады больш салодкія і могуць ужывацца для прыгатаваньня дэсертаў, напояў, закусак.
Мякаць, лісце і кара ўжываюцца таксама і ў медыцыне. Напрыклад, на Філіпінах лісце традыцыйна выкарыстоўваецца для прыгатавання травяной гарбаты, якая здымае ліхаманку пры малярыі. Дзякуючы сваім гаючым уласцівасцям тамарынд ужываецца ў Аюрведзе для лячэння захворванняў апарату траўлення.