Рэжым Вішы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Урад Вішы)
Калабарацыянісцкі ўрад
Урад у выгнанні (1944—1945)
Французская дзяржава
État français
Герб Францыі Сцяг Францыі
Герб Францыі Сцяг Францыі
Дэвіз: «Праца, сям'я, Айчына
фр.: Travail, famille, patrie»
Гімн: «Маршал, мы тут!»
фр.: «Maréchal, nous voilà!»
Цёмна-сіні: тэрыторыя рэжыму Вішы дэ-факта Бірузовы: тэрыторыі, акупаваныя краінамі Восі Блакітны: мандаты, пратэктараты і калоніі пад кіраваннем рэжыму Вішы Светла-блакітны: мандаты, пратэктараты і калоніі, якія не кантраляваліся рэжымам Вішы
Цёмна-сіні: тэрыторыя рэжыму Вішы дэ-факта
Бірузовы: тэрыторыі, акупаваныя краінамі Восі
Блакітны: мандаты, пратэктараты і калоніі пад кіраваннем рэжыму Вішы
Светла-блакітны: мандаты, пратэктараты і калоніі, якія не кантраляваліся рэжымам Вішы
< 
 >

Сталіца Вішы (дэ-факта)
Парыж (дэ-юрэ)
Зігмарынген (1944—1945)
Мова(ы) французская
Афіцыйная мова французская
Рэлігія каталіцтва
Грашовая адзінка франк
Форма кіравання аўтарытарная дыктатура
Кіраўнікі дзяржавы
Кіраўнік Французскай дзяржавы
 • 1940—1944 Анры Філіп Петэн
Прэм'ер-міністр
 • 1940—1942 Анры Філіп Петэн
 • 1942—1944 П’ер Лаваль
 • 1944—1945 Фернан дэ Брынон
Гісторыя
 • 22 чэрвеня 1940 Другое камп’енскае перамір’е
 • 10 ліпеня 1940 Усталяванне рэжыму
 • 11 лістапада 1942 Поўная акупацыя Францыі Германіяй
 • 25 жніўня 1944 Вызваленне Парыжа
 • 22 красавіка 1945 Спыненне існавання
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Рэжым Вішы́ (фр.: le régime de Vichy), або Вішысцкая Францыя, афіцыйная назва Французская дзяржава (фр.: l'État français) — калабарацыянісцкі рэжым у Паўднёвай Францыі часоў акупацыі Паўночнай Францыі нацысцкай Германіяй пасля паражэння Францыі напачатку Другой сусветнай вайны і падзення Парыжа ў 1940 годзе. Існаваў з 10 ліпеня 1940 да 22 красавіка 1945 (дэ-факта да 25 жніўня 1944). Афіцыйна трымаўся палітыкі нейтралітэту, але фактычна праводзіў палітыку ў інтарэсах краін «восі».

Назва — ад курортнага горада Вішы, дзе ў ліпені 1940 года сабраўся Нацыянальны сход, які пастанавіў перадаць дыктатарскую ўладу маршалу Анры Філіпу Петэну; гэта адзначыла канец Трэцяй рэспублікі. Урад Петэна і ў далейшым знаходзіўся ў Вішы, у той час як паўночная частка Францыі з Парыжам была акупавана нямецкімі войскамі. У лістападзе 1942 года Германія акупавала ўсю тэрыторыю Францыі, з гэтага моманту ўлада ўрада стала чыста намінальнай. Пасля вызвалення Парыжа ў канцы жніўня 1944, урад быў эвакуіраваны і існаваў у выгнанні аж да канца красавіка 1945.

Супрацоўніцтва з акупантамі[правіць | правіць зыходнік]

У кастрычніку 1940 пасля асабістай сустрэчы з Гітлерам Петэн заклікаў Францыю «супрацоўнічаць» (фр.: collaborer) з нацыстамі.

Рэжым Вішы дзейнічаў у агульным рэчышчы германскай палітыкі, праводзячы рэпрэсіі супраць яўрэяў, цыган, камуністаў, масонаў; на тэрыторыі Францыі дзейнічалі як германскія часці СС і гестапа, так і ўласная рэпрэсіўная арганізацыя — «Міліцыя» (з 1943).

Праводзіліся акцыі супраць Супраціўлення, практыкаваліся расстрэлы закладнікаў. У 1944 годзе карнікі СС знішчылі паўднёвафранцузскі пасёлак Арадур (у першапачатковай зоне кантролю Вішы). Была створана сумесная франка-германская дывізія СС — «Шарлемань» (фр.: Charlemagne, названа ў гонар Карла Вялікага).

У Германію вывозіліся французскія рабочыя (у абмен на згоду адпусціць узятых напачатку войны французскіх ваеннапалонных). Аднак 27 лістапада 1942 г. асноўныя сілы французскага ваенна-марскога флоту (3 лінкоры, 7 крэйсераў, 15 эсмінцаў, 12 падводных лодак і 74 іншых карабля) з санкцыі ўрада Вішы былі затоплены ў Тулоне, каб яны не дасталіся ні краінам Восі, ні антыгітлераўскай кааліцыі.

У лютым 2009 года Адміністрацыйны суд Францыі прызнаў урад рэжыму Вішы адказным за дэпартацыю тысяч яўрэяў у нямецкія канцэнтрацыйныя лагеры падчас Другой сусветнай вайны. Паводле даных суду, падчас кіравання рэжыму Вішы з 1942 па 1944 гады ў лагеры было дэпартавана 76 000 яўрэяў. Вынесенае рашэнне стала афіцыйным прызнаннем дачынення французскага ўрада часоў Другой сусветнай вайны да Халакоста[1].

Рэжым Вішы, які праіснаваў са здачы Парыжа нямецкім войскам у 1940 годзе да вызвалення краіны саюзнікамі ў 1944 годзе, афіцыйна прытрымліваўся палітыкі нейтралітэту.

Унутраная палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Ідэалагічна рэжым Вішы арыентаваўся на традыцыйна-кансерватыўныя каштоўнасці, увасабленнем якіх у міжваенныя гады лічыўся Петэн. Лічылася, што са звяржэннем Французскай рэспублікі і ўсталяваннем саюза з Германіяй адбылася «Нацыянальная рэвалюцыя» (Révolution nationale). Дэвіз Французскай рэспублікі «Свабода, роўнасць, братэрства» быў заменены на «Travail, Famille, Patrie» («Праца, Сям’я, Айчына»). Гербам вішысцкага рэжыму была сярэднявечная сякерка-францыска. Гімнам афіцыйна заставалася «Марсельеза», аднак па патрабаванні немцаў яна была забаронена, і фактычным гімнам стала песня ў гонар Петэна «Маршал, мы тут!» (фр.: Maréchal, nous voilà !).

Петэн па асабістай ініцыятыве ўвёў на падкантрольнай яму тэрыторыі антысеміцкія законы, яўрэі былі перамешчаны ў лагеры, частка дэпартавана на тэрыторыю, занятую гітлераўцамі.

Шэраг дзеячаў рэжыму, у прыватнасці, былы прэм’ер П. Э. Фландэн, будучы прэзідэнт Францыі Ф. Мітэран, тайна дапамагалі Французскаму Супраціўленню.

Міжнароднае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Філіп Петэн на сустрэчы з Адольфам Гітлерам, 24 кастрычніка 1940 года

Міжнароднае становішча рэжыму Вішы было неадназначным. Краіны восі прызнавалі яго законным урадам. Паслом Германіі быў прызначаны Ота Абец. Дзяржавы, якія знаходзіліся ў стане вайны з Германіяй (перш за ўсё Вялікабрытанія) лічылі, пачынаючы з ліпеня 1940, законным прадстаўніцтвам Францыі ў свеце толькі рух па вызваленні Францыі, які ўзначальваў Шарль дэ Голь, а рэжым Вішы — нелегітымным урадам на чале са здраднікамі. Тым не менш ЗША і СССР першапачаткова прызналі рэжым Вішы і акрэдытавалі пры ім сваіх паслоў, так, паслом у ЗША стаў Эрык дэ Бішап. У 1941 годзе, стаўшы аб’ектам агрэсіі з боку Краін восі (СССР у чэрвені, а ЗША ў снежні), абедзве гэтыя дзяржавы перавялі сваіх паслоў з Вішы ў Лондан, прызнаўшы, такім чынам, урад дэ Голя. Рэжым быў прызнаны Канадай (да акупацыі паўднёвай Францыі) і Аўстраліяй (да канца вайны). Адны нейтральныя дзяржавы мелі дыпламатычныя адносіны з Вішы, іншыя — не.

Адносіны з Вялікабрытаніяй[правіць | правіць зыходнік]

Адносіны з былым саюзнікам у Францыі былі вельмі няпростымі, у французаў для гэтага былі сур’ёзныя падставы: разгром французскіх армій у Бельгіі быў пагоршаны спешным адыходам брытанскіх войск, падчас далейшай эвакуацыі з Дзюнкерка французскія ваеннаслужачыя склалі толькі 10 % агульнай колькасці эвакуіраваных морам[2].

3 ліпеня 1940 года брытанскія ваенна-марскія сілы і авіяцыя наносяць удар па французскіх караблях у Мерс-эль-Кебірэ[3]. У адказ ВПС Францыі бамбяць базу Вялікабрытаніі ў Гібралтары, па словах У. Чэрчыля — «без асаблівага запалу». У верасні 1940 года брытанская эскадра не здолела захапіць горад Дакар, з прычыны супраціву салдат дакарскага гарнізона і маракоў размешчаных там баявых караблёў. У 1941 годзе Вялікабрытанія пад фармальнай падставай акупавала Сірыю і Ліван, якімі Францыя валодала па мандаце Лігі Нацый. У 1942 годзе Вялікабрытанія заняла Мадагаскар пад прычынай магчымага выкарыстання немцамі вострава як базы для падводных лодак. Баі за Мадагаскар працягваліся паўгода і скончыліся капітуляцыяй сіл вішыстаў у лістападзе 1942 года. Тайныя перамовы з брытанцамі вялі, паралельна з дэ Голем, некаторыя дзеячы рэжыму Вішы — Ф. Дарлан, А. Жыро і інш.

Урады рэжыму Вішы[правіць | правіць зыходнік]

На працягу рэжыму Вішы кіраўніком французскай дзяржавы заставаўся Філіп Петэн (1856—1951). Пры ім змянілася чатыры кабінеты міністраў, якія ўзначальвалі П’ер Лаваль (1883—1945), Фландэн (1889—1958) і Дарлан (1881—1942).

Перыяд рэакцыйных рэваншыстаў (1940—1941)
Перыяд тэхнакратаў (1941—1942)
Перыяд прагматызму Лаваля (1942—1943) і перыяд ультра-калабарацыяністаў (1944)

Звяржэнне[правіць | правіць зыходнік]

25 жніўня 1944 года Парыж быў вызвалены. Петэн з кабінетам міністраў былі вывезены нямецкімі войскамі ў Германію, дзе Фернан дэ Брынон заснаваў урад у выгнанні ў горадзе Зігмарынген, які праіснаваў да 22 красавіка 1945 года. Петэн адмаўляўся ўдзельнічаць у новым урадзе  (фр.). У Зігмарынгене было ўласнае радыё (Radio-patrie), прэса (La France, Le Petit Parisien), а таксама пасольствы Германіі, Італіі і Японіі. Насельніцтва анклава налічвала 6 тыс. чалавек, уключаючы вядомых калабарацыянісцкіх журналістаў, пісьменнікаў (Луі-Фердынанд Селін, Люсьен Рэбатэ), акцёраў (Рабер Ле Віган).

Асноўныя кіраўнікі былі асуджаны за дзяржаўную здраду ў 19451946 гадах. Шматлікія дзеячы культуры, якія заплямілі сябе падтрымкай рэжыму, былі прысуджаны да «грамадскага зганьбавання».

Асобы[правіць | правіць зыходнік]

Вышэйшы ўрадавы савет[правіць | правіць зыходнік]

Ваенныя дзеячы[правіць | правіць зыходнік]

Іншыя[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Францыя прызнала сваё дачыненне да Халакоста
  2. Мемуары У. Чэрчыля «Другая сусветная вайна».
  3. Энциклопедия кораблей/Сражения/Вторая мировая война/Мерс-Эль-Кебире(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 верасня 2007. Праверана 7 студзеня 2014.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]