Слонімская сінагога

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Сінагога
Слонімская сінагога
Synagogue, Slonim.jpg
53°05′36,57″ пн. ш. 25°19′03,33″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Слонім
Канфесія іўдаізм
Тып будынка сінагога
Архітэктурны стыль барока
Дата заснавання 1642
Дата пабудовы 1642 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000502шыфр 413Г000502
Стан занядбана

Слонімская сінагога (Слонім)
Слонімская сінагога
Слонімская сінагога

Слонімская сінагога — помнік архітэктуры барока ў Слоніме па вул. Савецкая, 1.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вялікая сінагога ў Слоніме ўзведзена ў 1642 г. у гістарычным цэнтры горада ў сістэме яго абарончых збудаванняў.

У 1881 годзе сінагога моцна пацярпела ад вялікага пажару. Адразу пасля пажару на ахвяраванні прыхаджан дзейнасць сінагогі была ўзноўлена, хоць мясцовыя ўлады не давалі на гэта дазвол[1].

Пасля Другой сусветнай вайны выкарыстоўвалася пад склады.

У 2001 г. была перададзена ва ўласнасць Іўдзейскаму рэлігійнаму аб'яднанню ў Рэспубліцы Беларусь. Знаходзіцца на рэстаўрацыі, якая, зрэшты, практычна застапарылася.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Слонімская сінагога — магутнае збудаванне, абнесенае па перыметры радам нізкіх пазнейшых пабудоў, з'яўлялася галоўным аб'ектам старадаўняй плошчы, да якой сыходзіліся вуліцы. Манументальная плоскасць галоўнага фасада сінагогі з буйнамаштабнай пластыкай арыентавана на вуліцу Савецкую, заходні фасад — на Школьную. З вузкага праезду ад плошчы Леніна барочны франтон будынка ўспрымаецца ў моцным ракурсе. Радавая гістарычная навакольная забудова арганічна звязаная з сінагогай.

Бакавы фасад сінагогі

Слонімская сінагога ўяўляе сабой квадратны ў плане цагляны будынак пад высокім двухсхільным дахам, з цэнтрычнай дзевяціпольнай планіровачнай схемай, характэрнай дла сінагог XVII—XVIII стст.: канструкцыя перакрыцця вырашана дзевяццю скляпеністымі пралётамі. Цэнтрычнасць збудавання падкрэслена і двух'яруснымі фасадамі. Мэты бяспекі абумовілі абарончы характар архітэктуры збудавання: тоўстыя сцены, адсутнасць архітэктурнага дэкору і раскраповак, высока ўзнятыя арачныя аконныя праёмы. Асабліва манументальны ніжні ярус з радам нізкіх лучковых вокнаў-байніц і таўшчынёй сцен 1,7 м. Пластычны акцэнт у прыёмах барока створаны на галоўным усходнім фасадзе будынка — высокі фігурны шчыт на філёнгавым парапеце. Шчыт раскрапаваны здвоенымі пілястрамі, нішамі ў тонка прафіляваным абрамленні. У цэнтры размешчана круглае акно-разетка.

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр'ер сінагогі
Роспіс купала бімы

Своеасаблівасць вырашэння інтэр'ера сінагогі абумоўлена характарам культавага рытуалу. У цэнтры шырокай залы ўсталявана біма. Навісь над бімай, паднятая на чатырох магутных слупах і аркадзе, уяўляе сабой паруснае скляпенне з ліхтаром. Купал бімы дэкарыраваны стукавым паліхромным арнаментам з лісцяў аканта і пальмет. Біма кампазіцыйна аб'ядноўвае прастору інтэр'ера і адначасова з'яўляецца цэнтральнай апорай крыжовых скляпенняў, якія перакрываюць малітоўную залу вышынёй 11,8 м. Пяты скляпенняў абапіраюцца на пілястры, філёнгі якіх распісаны фрэскамі першай палова XIX ст. з рамантычнымі пейзажамі з руінамі, вазонамі з кветкамі. Традыцыйная перагародка паміж мужчынскай і жаночай палавінамі сінагогі заменена металічнай галерэяй на чатырох тонкіх калонах у заходняй частцы храма.

Свяшчэнны каўчэг[правіць | правіць зыходнік]

Акно-разетка і алтарны картуш
Ляпны дэкор арон-кадэша

Арыгінальнасць і своеасаблівасць насычаных дэкаратыўна-арнаментальных матываў інтэр'ера сінагогі звязаны з культавай сімволікай: матывы з жывёльнага і расліннага свету, культавыя атрыбуты (карона, скрыжалі). У дэкаратыўным вырашэнні інтэр'ера выкарыстана тэхніка грызайлю. Кампазіцыйна-дэкаратыўным цэнтрам усходняй сцяны з'яўляецца арон-кадэш(руск.) бел. («свяшчэнны каўчэг» — ніша для захоўвання скрутку торы). Над ім размешчаны накладны фігурны картуш — ляпная кампазіцыя ў выглядзе дзвюх скрыжалей, якія падтрымліваюцца з абодвух бакоў ільвамі і ўвенчаны каронай. Усе элементы дэкаратыўнай ляпніны пакрыты пазалотай і паліхромнай афарбоўкай. Па баках алтарнага картуша — насценныя фрэскі з карынфскімі калонамі і антаблементам, на якім размешчаны выявы львоў, ваз, букетаў, драпіровак. Паміж ілюзорнымі калонамі — фрэскавыя выявы абрадавых (трубныя рогі, валторна, «арфа Давіда») і свецкіх (гітара, віяланчэль, кларнет і інш.) музычных інструментаў, драпіровак, букетаў кветак. Вось алтарнай сцяны завяршаецца ляпным балдахінам у выглядзе кароны з зоркай і спушчанымі драпіроўкамі.

Зноскі

  1. Слонімскія падмуркі : гісторыка-краязнаўчыя і літаратуразнаўчыя артыкулы / Сяргей Чыгрын. — Мінск : Кнігазбор, 2012. — 296 с. ISBN 978-985-7007-87-5.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Славутасці Слоніма