Юравічы (Калінкавіцкі раён)
Аграгарадок
Юравічы
| ||||||||||||||||||||||||||
Ю́равічы — аграгарадок (колішняе мястэчка) у Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Адміністрацыйны цэнтр Юравіцкага сельсавета.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Знаходзіцца за 32 км ад горада Калінкавічы, за 2 км на захад ад шашы Р35. Каля вёскі — найвышэйшы пункт раёна (167,5 м над узроўнем мора)[2]. У напрамку на захад ад аграгарадка возера Ліцвін.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Выяўленыя археолагамі гарадзішча Х—ХІ стст. (на градзе вышынёй 30 м), якое складаецца з дзядзінца (плошча каля 1 га) і вакольнага гораду (плошча каля 6 га) і курганны могільнік — складаўся з 14 насыпаў (на поўдзень ад гарадзішча), паселішчы позняга палеаліту (у цэнтры вёскі), эпохі мезаліту (за 1—1,5 км на паўднёвы захад ад цэнтру вёскі) і эпохі неаліту (1 км на захад ад вёскі) сведчаць пра засяленне гэтай мясцовасці ў глыбокай старажытнасці. Паводле легенды тут (прыкладна ў 1170 годзе) існаваў горад Міжмосце, але войны і набегі татараў яго ўшчэнт зруйнавалі. Згодна з іншымі звесткамі, тут існаваў замак Відолічы, які ў 1240 годзе спалілі татары.
Першы пісьмовы ўспамін пра Юравічы датуецца 1430—1432 гадамі. У 1510 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў «на вечнасць» сяло Багдану Сербіну. Пад 1552 годам Юравічы згадваюцца ў інвентары Мазырскага замка. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Мазырскага павета.
У 2-й палове XVII стагоддзя ў Юравічах з’явіліся прадстаўнікі каталіцкага ордэна езуітаў, з дзейнасцю якіх звязваюць з’яўленне цудоўнага абраза Маці Божай і ўзвядзенне тут сакральнага комплексу. 8 верасня 1673 года адбылося асвячэнне капліцы, у якую ўрачыста ўнеслі цудоўны абраз. У 1683 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі выдаў прывілей, паводле якога паселішча атрымала статус мястэчка.
Паводле адных звестак, мураваны касцёл у Юравічах пачалі ўзводзіць у 1701 годзе і завяршылі да 1715 года, згодна з другімі — яго заклалі ў 1717 годзе і будавалі амаль 40 гадоў. 27 красавіка 1727 года кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў мястэчку прывілей на штотыднёвыя таргі ў панядзелкі, а таксама рэгулярныя 4 кірмашы: першы на святога Юр’я рускага ўвесну, другі — на святога Юр’я ўвосень, трэці — на нараджэнне Дзевы Марыі свята рымскага, а чацверты — на Пакровы рускія. У 1742 годзе ў Познані выйшла кніга «Крыніца ласкаў духоўных Дзевы Марыі з гораў Юравіцкіх». У 1756 годзе тут адкрылася школа, пераўтвораная ў 1778 годзе ў калегіум. 5 верасня 1758 года абраз Божай Маці перанеслі з драўлянага касцёла ў мураваны. У 1778 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі наноў перавёў сяло ў шэрагі мястэчак.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Юравічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Рэчыцкім павеце Мінскай губерні. Па ліквідацыі ордэна езуітаў у 1820 годзе кляштар перайшоў да мазырскіх бернардзінцаў. У 1836 годзе ў мястэчку збудавалі драўляную царкву Святой Багародзіцы.
Па здушэнні вызваленчага паўстання расійскія ўлады зачынілі Юравіцкі кляштар, аднак у 1841 годзе[3] будынкі вярнулі каталікам. Станам на 1834 год існавалі аднайменныя мястэчка (51 двор) і сяло (66 двароў), на 1848 год — 115 двароў, на 1866 год — 134. У 1865 годзе адкрылася народнае вучылішча (у 1885 годзе — 45 навучэнцаў), у 1875 годзе — жаночая (у 1885 годзе — 28 навучэнак). Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1866 годзе расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі касцёл на царкву. Цягам 1873—1876 гадоў у межах палітыкі русіфікацыі Беларусі на бажніцу надбудавалі 12 купалоў-цыбулінаў. Паводле вынікаў перапісу (1897) існавалі аднайменныя мястэчка (201 двор, царква, капліца, 2 малітоўныя школы, 40 крамаў, 4 майстэрні апрацоўкі скуры, 2 карчмы), сяло (108 двароў; капліца, 2 народныя вучылішча, паштова-тэлеграфная кантора, аптэка, хлебозапасны магазін, 2 вятракі, конны млын, карчма) і фальварак. У пачатку XX стагоддзя працавалі школа і аптэка, станам на 1901 год з мясцовай прыстані адправілі 501 тыс. пудоў грузаў (лес, сельскагаспадарчыя прадукты) і разгрузілі 4 тыс. пудоў[4].
1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Юравічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Юравічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёна (з 8 ліпеня 1931 года ў Рэчыцкім раёне). Станам на 1930 год існавалі вёскі Юравічы-1, Юравічы-2 (разам 2300 двароў) і мястэчка (114 двароў). У 1936 годзе ўтварыўся народны хор, які неўзабаве атрымаў шырокую вядомасць. 27 верасня 1938 года статус паселішча панізілі да вёскі.
Паводле вынікаў перапісу (1959) у Юравічах існавалі цагельня, швацкая і шавецкая майстэрні, лясніцтва, тэхнікум, сярэдняя школа, школа-інтэрнат, дзіцячы сад, краязнаўчы музей, клуб, бібліятэка, бальніца, аптэка, ветэрынарны ўчастак, пошта, 5 крамаў. У 1958 годзе па загаду мясцовага старшыні калгаса касцёл пачалі разбіраць на цэглу. У наш час вядзецца аднаўленне бажніцы як уласнасці Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату. Станам на 2004 год у вёсцы было 333 гаспадаркі.
-
Панарама. Невядомы мастак, XIX ст.
-
Панарама. Літаграфія XIX ст.
-
Касцёл і калегіум езуітаў, абмеры 1865
-
Касцёл па перабудове на царкву-мураўёўку
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XVI стагоддзе: 1552 — 23 чал.
- XIX стагоддзе: 1897 — 1320 чал. у мястэчку Юравічы і 600 чал. у сяле Юравічы
- XX стагоддзе: 1930 — 1537 чал. у вёсках Юравічы-1 і Юравічы-2 і 463 чал. у мястэчку Юравічы; 1939 — 2546 чал.; 1959 — 1861 чал.
- XXI стагоддзе: 2004 — 743 чал.[2]
Забудова
[правіць | правіць зыходнік]Планіроўка Юравічаў складаецца з доўгай, дугападобнай вуліцы, блізкай да мерыдыянальнай арыентацыі, якая ў цэнтры перасякаецца амаль просталінейнай шыротнай вуліцай. Забудова двухбаковая, пераважна драўляная, сядзібнага тыпу.
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Існуе транспартнае злучэнне з шашой Р35 (Гомель — Лунінец), якая праходзіць за 2 км на ўсход ад вёскі.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Помнікі археалогіі: горад перыяду Сярэднявечча ва ўрочышчы Гарадок, на правабярэжнай тэрасе ракі Прыпяць; стаянкі перыяду верхняга палеаліту (менавіта тут 26 тыс. гадоў таму на рацэ Прыпяць размяшчалася стаянка першабытнага чалавека). Адкрыў стаянкі ў 1929 беларускі археолаг Юльян Попель.
- Касцёл і калегіум езуітаў (1710—1746)
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Капліца
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Меер Барысавіч Гардон (1917—1989) — савецкі інжынер.
- Анатоль Пятровіч Несянчук (1931—2014) — беларускі спецыяліст у галіне прамысловай цеплаэнергетыкі.
- Аляксандр Ханох .
Зноскі
- ↑ http://pop-stat.mashke.org/belarus-census/homielskaja.htm
- ↑ а б Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2004.
- ↑ Аляксандр Ярашэвіч. Пакуты Юравіцкага касцёла // «Наша Вера» № 2 (24), 2003.
- ↑ Юровичи // Юравічы (Калінкавіцкі раён) // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Руслан Гародка. Гісторыя цудадзенай іконы Маці Божай Юравіцкай // Наша Вера 2(24)/2003
- Ліст карты M-35-11. Выданне 1989 года. стан мясцовасці на 1986 год. (руск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Юравічы (Калінкавіцкі раён)
- мяст. Юравічы на Radzima.org
- Прагноз надвор’я ў в. Юравічы Архівавана 14 сакавіка 2016.