Dzieciuki

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Dzieciuki
Канцэрт гурта «Dzieciuki» у Варшаве, 2015 год
Канцэрт гурта «Dzieciuki» у Варшаве, 2015 год
Асноўная інфармацыя
Жанр фолк-панк, кельцік-панк
Гады 2012-па сённяшні дзень
Краіна  Беларусь
Горад Гродна
Адкуль Гродна
Іншая назва Дзецюкі
Мова песень беларуская
Склад Дзяніс Жыгавец
Алесь Дзянісаў
Андрэй «Пітон»
Мікола «Калямба» Палякоў
Лёха Пудзін
Андрэй Пудзін
Саня «Сыр»
Былыя
ўдзельнікі
Паша «Трабл»
Іншыя
праекты
КальЯн, Людзі на балоце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Dzieciuki» (Дзецюкі) — беларускі фолк-панкавы гурт з Гродна. Заснаваны 10 красавіка 2012 года. Гурт мае тры студыйныя альбомы: «Гарадзенскі гармідар»[1], «Рэха»[2] і «Радыё "Harodnia"». Гурт пазіцыяніруе сябе як асветніцкая фолк-панк брыгада, якая распавядае пра невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Частка складу «Дзецюкоў» адначасова з’яўляецца ўдзельнікамі гурта «Людзі на балоце».[3] У 2014 годзе музыкі сталі пераможцамі музычнай прэміі ад партала Тузін Гітоў у намінацыі «Героі году».[4]

Ад пачатку актыўнай канцэртнай дзейнасці гурт сутыкнуўся са шматлікімі забаронамі выступаў.[5] Так, былі забаронены канцэрты ў Брэсце[6] і ў Мінску[7].

Гісторыя гурта[правіць | правіць зыходнік]

Гурт быў створаны ў Гродна ў 2012 годзе удзельнікамі гуртоў «КальЯн» і «Людзі на балоце». Амаль адразу музыкі выдалі міні-альбом з чатырох спеваў.[8] Першы паўнавартасны альбом гурта выйшаў у лютым 2014 года пад той жа назвай што і папярэдняя праца — «Гарадзенскі гармідар». Частка тэкстаў альбома была прысвечаная беларускім паўстанцам і партызанам розных часоў: каліноўцам, балахоўцам, «лясным братам» (магчыма памылка, ці проста супадзенне прыдуманай назвы для спева і ляснымых братоў з краін Балтыі. Спеў «Сумнае рэгі» была аб масавых расстрэлах у Курапатах і Хатыні. У плане гучання крытыкі знайшлі музыку падобнай да ірландскага панк-рока. Матэрыял альбома крытыкавалі за пэўную «сыраватасць» і «няроўнасць». На думку музычнага крытыка Сяргея Будкіна гурт стаў ўлюбёнцамі публікі па той прычыне, што заняла нішу нацыянальнаарыентаванага панку, чаго раней не было.[9] Прэзентацыя альбома прайшла ў Мінску ў клубе «Re:Public», аднак наступны канцэрт у Брэсце быў адменены мясцовым аддзяленнем КДБ[10][11]. Затым музыкі адправілася з гастролямі ў Польшчу, Германію, Чэхію, Славакію і Аўстрыю.

У 2014 годзе споўнілася 45 гадоў ансамблю «Песняры» і музычным парталам «Тузін Гітоў» быў арганізаваны запіс трыб’ют альбома «Re:Песняры». Сучасныя беларускія музыкі павінны былі запісаць свае версіі спеваў «Песняроў». «Dzieciuki» ўзялі ўдзел у праекце і запісалі кампазіцыю «а хто там ідзе?» па аднайменым вершы Янкі Купалы. Гэты спеў на верш Янкі Купалы лічыцца рарытэтным, бо ніколі не выдаваўся і быў запісаны «Пяснярамі» спецыяльна для фільма «Раскіданае гняздо» 1982 года. Пазней кампазітар, народны артыст Рэспублікі Беларусь і аўтар арыгінальнай музыкі для гэтага спева Сяргей Картэс запрасіў музыкаў выканаць яе ў Белдзяржфілармоніі на афіцыйным святочным вечары з нагоды свайго 80-годдзя[12].

У сярэдзіне лістапада 2014 года у полі недалёка ад Заслаўя музыкі здымалі кліп на спеў «Хлопцы-балахоўцы». Пасля завяршэння здымак на месца прыехаў аўтазак з АМАПам і павёз усю здымачную каманду з 18 чалавек у аддзяленне міліцыі. Па словах міліцыянтаў іх выклікаў мясцовы жыхар, якога напалохалі ўзброеныя людзі. Музыкі сапраўды былі ўзброеныя рознымі муляжамі і былі апранутыя ў ваенную форму часоў Грамадзянскай вайны ў Расіі. Музыкам таксама было абвешчана, што на арганізацыю гэтага мерапрыемства трэба мець дазвол, без якога іх дзеянні лічацца несанкцыянаванай акцыяй. Затрыманыя былі апытаныя і адпушчаныя праз 3 гадзіны. Зняты матэрыял супрацоўнікі міліцыі забралі на 10 дзён «для высвятлення зместу»[13][14].

Музычны партал «Тузін Гітоў», які па выніках года штогод прысуджае ўзнагароды ў намінацыях «Адкрыццё года» і «Героі года», назваў «героямі года—2014» гурт «Dzieciuki».

На пачатку 2016 года выйшаў другі альбом гурта — «Рэха». У адрозненне ад папярэдняга гэты альбом быў цалкам прысвечаны гістарычнай тэматыцы. Гукарэжысёрам выступіў Андрэй Баброўка, які працуе з гуртам «Brutto». Крытыкі аднагалосна адзначылі творчы рост гурта. Конрад Ерафееў асобна вылучыў гумар, які звычайна не ўласцівы беларускаму нацыянальнаарыентаванаму року. Канцэрт-прэзентацыя новага альбома ў Мінску адмянялася і пераносілася тры разы. У рэшце рэшт ідэалагічнае кіраванне Мінгарвыканкама запатрабавала тэксты спеваў гурта, а пасля прыняло рашэнне не дазваляць канцэрт па прычыне «экстрэмізму»[15][16]. На працягу 2016 года неаднаразова выступалі ў Польшчы з сумеснымі канцэртамі з гуртам «Brutto».

Таксама ў пачатку 2016 года «Dzieciuki» прынялі ўдзел у міжнародным трыб’юце «Tribute To The Pogues», прысвечаным англа-ірландскаму фолк-панк-гурту «The Pogues», якія лічацца заснавальнікамі кельцік-панка. Для альбома была запісаная кампазіцыя «Не саскочу!» (беларуская версія спева «Streams of Whiskey»).

25 сакавіка 2017 года бралі ўдзел у здымках праграмы «Belsat Music Liv» на канале «Белсат».

У кастрычніку 2017 года споўнілася 80 гадоў з дня расстрэлаў 29 кастрычніка 1937 года НКУС больш за сотню дзеячаў беларускай культуры. Партал «Тузін Гітоў» падрыхтаваў трыб’ют-альбом «(Не) расстраляная паэзія», куды ўвайшлі спевы на вершы забітых паэтаў. «Dzieciuki» ўзялі ўдзел у праекце і запісалі спеў «Бунтар» на верш Міхася Чарота.

27 красавіка 2019 года гурт прэзентаваў кліп на спеў «Калі над лугам бусел праляцеў» з будучага новага альбома. Відэа было знятае ў польскай вёсцы Чарна Бухта на мяжы Польшчы, Літвы і Беларусі. На наступны дзень 28 красавіка ў мінскім клубе «Re:Public» адбыўся вялікі сольны канцэрт гурта. Гэта быў першы за апошнія тры гады сольны канцэрт гурта «Dzieciuki», дазволены ў Мінску. На канцэрце музыкі прэзентавалі спевы з новага альбома. Сам альбом пад назвай «Радыё «Harodnia»» павінен быў выйсці ў гэтыя ж дні, аднак з-за тэхнічных прычын, рэліз быў перанесены на пачатак восеня. Альбом стаў даступны для праслухоўвання 2 верасня. Павел Трублін, адзін з вакалістаў гурта, пасля завяршэння працы над запісам альбома, пакінуў калектыў, каб пачаць працаваць над сольным праектам. Яго месца заняў Улад Бернат. 21 снежня 2019 года ўпершыню за сем год існавання гурта ўлады дазволілі Dzieciuk’ам даць сольны канцэрт у Гродне. Ён адбыўся ў клубе BIG BAR і сабраў больш за 200 наведвальнікаў.[17]

Пасля выбараў 2020 года ўдзельнікі гурта трапілі пад рэпрэсіі[18]. Запланаваны на 2020 год альбом запісаць не атрымалася, музыкі пакінулі краіну, ратуючыся ад крымінальнага пераследу. За мяжой аднавілі выступы. У 2023 годзе ў Польшчы выпусцілі міні-альбом «Зямля, вагонь ды вада». З папярэдняга складу ў гурце засталіся трое: Алесь Дзянісаў, Аляксей Пудзін і Уладзіслаў Бернат. На бубнах грае гродзенец Цімафей Штароў, на дудзе — Дзяніс Шматко з гурта Lity Taler, на бас-гітары і акардыёне граюць палякі, арганізацыйнымі пытаннямі займаецца Пётр Дудановіч.[19]

Дыскаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Удзел у зборніках[правіць | правіць зыходнік]

  • Re:Песняры (2014), трэк «А хто там ідзе»
  • Tribute To The Pogues (2016), трэк «Не саскочу!»
  • (Не) расстраляная паэзія (2017) (спеў «Бунтар»)

Відэаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Склад[правіць | правіць зыходнік]

Былыя ўдзельнікі[правіць | правіць зыходнік]

Паша «Трабл»: вакал, валынка, бэк-вакал (2012-2018)

Зноскі

  1. а б КАРОТКІ КУРС ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ АД ГАРАДЗЕНСКІХ ПАНКАЎ Архівавана 26 лютага 2019. / Tuzin.fm
  2. а б Dzieciuki выдалі канцэптуальны альбом "Рэха" (+слухаць/+спампаваць) / Experty.by
  3. DZIECIUKI: «КРЫТЫКІ ПРОЙДУЦЦА ПА НАШЫМ АЛЬБОМЕ НАЖДАКОМ» / Tuzin.fm
  4. "Героі 2014": Leibonik і Dzieciuki (+слухаць) / Experty.by
  5. DZIECIUKI ПАПОЎНІЛІ «ЧОРНЫ СЬПІС» (+КАМЭНТАР ГУРТУ) / Tuzin.fm
  6. КАНЦЭРТ ГУРТА DZIECIUKI ЗАБАРОНЕНЫ БЕРАСЬЦЕЙСКІМ КДБ (ВІДЭА І КАМЭНТАР ГУРТА) / Tuzin.fm
  7. ІДЭОЛЯГІ ПРАЦЯГВАЮЦЬ ВАЙНУ СУПРАЦЬ «ДЗЕЦЮКОЎ», А BRUTTO ПАДТРЫМАЛІ ДЗЯРЖАЎНЫЯ ПРАФСАЮЗЫ / Tuzin.fm
  8. Будзьма беларусамі! Dziеciuki: нараджэнне супергурта (фотарэпартаж)
  9. Dzieciuki «Гарадзенскі гармідар» (+аўдыё) | Experty.by — белорусская музыка(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2017. Праверана 13 чэрвеня 2017.
  10. Канцэрт гурта Dzieciuki забаронены берасьцейскім КДБ (відэа і камэнтар гурта). Тузін Гітоў. Слушны музычны партал
  11. У Брэсце адмянілі канцэрт гурта «Dzieciuki» Архівавана 1 мая 2021.
  12. Кампазітар Сяргей Картэс запрасіў гурт Dzieciuki выступіць на сваім юбілеі | euroradio.fm
  13. Милиция объяснила, почему задержала музыкантов во время съемок клипа Архівавана 1 мая 2021.
  14. Гурт Dzieciuki ў поўным складзе затрымаў АМАП (онлайн, фота, аўдыё). Тузін Гітоў. Слушны музычны партал
  15. Dzieciuki папоўнілі «чорны сьпіс» (+камэнтар гурту). Тузін Гітоў. Слушны музычны партал
  16. Ідэоляг Скалабан адкажа за «Дзецюкоў» у судзе. Тузін Гітоў. Слушны музычны партал
  17. Dzieciuki далі першы сольны канцэрт у Гродне і сабралі 200 наведвальнікаў . Hrodna.life - навіны Гродна (28 лютага 2024). Праверана 28 лютага 2024.
  18. HL. Вакаліста гурта Dzieciuki Алеся Дзянісава адпусцілі з ІЧУ. Але ўсё роўна будуць судзіць . Hrodna.life - навіны Гродна (12 жніўня 2020). Праверана 28 лютага 2024.
  19. а б "Стыхіі супраць вайны". Гродзенскі гурт Dzieciuki прэзентаваў міні-альбом . Hrodna.life - навіны Гродна (28 лютага 2024). Праверана 28 лютага 2024.
  20. ПАША ТРАБЛ: «ВЕЛЬМІ ДРЭННА, КАЛІ З ГІСТОРЫІ НЯ РОБЯЦЬ ВЫСНОВАЎ» (ВІДЭА) / Tuzin.fm

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]