А хто там ідзе?

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
А хто там ідзе?
Выданне
Белавы аўтограф
Аўтар Янка Купала
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1905—1907
Дата першай публікацыі 1908
Апублікаваны ў Жалейка
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

«А хто там ідзе?» — верш Янкі Купалы, напісаны ў 1905—1907 гадах у Яхімоўшчыне, дзе паэт працаваў памочнікам вінакура Сасноўскага на бровары ў маёнтку пана Любанскага[1][2]. Упершыню апублікаваны ў зборніку «Жалейка» (1908). Белавы аўтограф без загалоўка, без подпісу, захаваўся добра[3]. Верш напісаны лагаэдам, надзвычай рэдкай разнавіднасцю ўсходнеславянскага верша, што ўзнікла як пераходная форма ад народнай тонікі да сілаба-танічнай сістэмы вершаскладання[4].

Многа пазней, у прамове на ўрачыстым пасяджэнні з нагоды 35-годдзя літаратурнай дзейнасці, Янка Купала тлумачыў задуму свайго твора наступным чынам[5][4]:

" Мне хацелася крыкнуць па ўвесь свет аб тым, як цяжка пакутуе народ пад прыгнётам цара і капіталістаў. Мне хацелася намаляваць вобраз народа, які ідзе з рукамі ў крывавых мазалях, з нагамі ў лапцях і нясе па плячах сваю крыўду. Мне хацелася, каб гераічны і свабодалюбівы беларускі народ знішчыў усіх сваіх крыўдзіцеляў. "

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

У 1910 годзе па просьбе рускага пісьменніка Максіма Горкага (ліст напісаны не пазней 26 (13) верасня 1910 г.) газета «Наша ніва» надаслала пісьменніку, які жыў у гэты час на Капры, тэкст купалаўскага верша з нотамі. Захаваўся водгук М. Горкага, які ў пісьме да М. М. Кацюбінскага ад 7 (20) лістапада 1910 г. пісаў[6][4]:

" У кніжку маю ўкладзены лісток-песня і ноты, нешта накшталт беларускага гімна. Мяне гэта рэч усхвалявала. "

Неўзабаве верш быў перакладзены М. Горкім на рускую мову і змешчаны ў артыкуле пісьменніка «Пра пісьменнікаў-самавукаў», надрукаваным у часопісе «Современный мир[ru]» (1911, № 2, с. 208) з каментарыем аўтара[4]:

" Я звяртаю ўвагу скептыкаў на маладую літаратуру беларусаў — самага забітага народа ў Расіі, — на работу людзей, якія згрупаваліся вакол газеты «Наша ніва». Дазволю сабе прывесці песню, выдадзеную нядаўна «Нашай нівай», словы напісаны беларускім паэтам Янкам Купалам … Каб усвядоміць сабе глыбокі сэнс гэтай песні, — якая, магчыма, на час зробіцца народным гімнам беларусаў, — чытачу трэба было б паглядзець «Нашу ніву» — яна многа цікавага скажа яму. "

Як лепшы ўзор паэзіі Я. Купалы верш поўнасцю прыведзены ў рэцэнзіі Ул. Самойлы «Великий праздник. „Жалейка“ Янука Купалы» («Минский курьер», № 113, 23 жніўня 1908); у нарысе С. Русавай «Возрождение белорусской литературы» (часопіс «Познание России», 1909, № З, с. 115); у працы Д. Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне» («Наша ніва», № 4, 22 (4) студзеня 1909); у артыкуле А. Л. Пагодзіна «Беларускія паэты» (часопіс «Вестник Европы», № 1, 1911); у артыкуле Ежы Янкоўскага «Песняры маладой Беларусі» (часопіс «Przegląd Krajowy», № 7—8, 1909)[4]:

" Чуваць у гэтым вершы водгулле размеранага кроку мільёнаў ног. Веліч пакрыўджанага народа, які ідзе на барацьбу за сваю чалавечую годнасць, на бой за шчасце, уздымае чытача. Песня аб тым вялікім паходзе імпануе, трывожыць, пранізвае пагрозай чакання. Народ ідзе! Песня вырастае да сілы гімна, хоць яна ім не названа. Трэба нарадзіцца ў нашыя дні на берагах Віліі, каб з поўным усведамленнем зразумець той факт, што не кожны гімн ёсць гімнам. Параўнайце вышэй успомнены беларускі верш з так званым „Літоўскім гімнам“ нейкага п. Антона Завішы… і пераканаецеся, што ў значнай ступені паэтычны дар Янкі Купалы перарастае мяжу роднай культуры. "

Як лепшы ўзор паэзіі паэты верш поўнасцю прыведзены таксама ў кнізе «Беларусь» (на нямецкай мове, Берлін, 1919; змешчаны нямецкім славістам Рудальфам Абіхтам пад назвай «Беларуская нацыянальная песня»); у артыкуле славенскага пісьменніка, крытыка і перакладчыка Андрэя Будала «Пра беларусаў і беларускую літаратуру» (зборнік «Luč», верасень 1933; змешчаны арыгінал і падрадковы пераклад верша), дзе твор характарызуецца як «беларускі гімн». У артыкуле А. Гурло «Беларускае ігрышча ў Пецярбургу» («Наша ніва», 20 лютага 1913) расказана і пра выкананне хорам песні «А хто там ідзе?», 3 красавіка 1915 г. у газеце «Вечерняя газета» быў надрукаваны артыкул «Горкі пра беларусаў», падпісаны псеўданімам «Бо-вичь» (гэты артыкул прыпісваецца Л. Гмыраку). Аўтар прывёў ацэнку Горкім творчасці Купалы і яго пераклад на рускую мову верша «А хто там ідзе?». У 1940 г. у часопісе «Интернациональная литература» № 5-6 быў змешчаны ўрывак з артыкула М. Горкага «Аб пісьменніках-самавуках» — «Беларуская песня Янкі Купалы» з поўным перакладам у ім верша Купалы «А хто там ідзе?»[4].

Яўхім Карскі ў сваёй фундаментальнай працы «Белорусы» адзначаў наступнае[4]:

" В стихотворении „А хто там ідзе?“ (Жал., 38), не особенно складном по форме, но сильно идейном по содержанию, выражено желание белорусов:
А чаго ж, чаго захацелась ім,

Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?

Людзьмі звацца.
"

Публікацыі[правіць | правіць зыходнік]

Верш уключаўся і ў іншыя прыжыццёвыя выданні: Зборнікі твораў (1925, т. 1; 1928, т. 1; 1940, т. 4); Выбраныя творы (1935, т. 1); Беларуская рада (З снежня 1917); Дыяменты беларускага прыгожага пісьменства (Кіеў, 1919); Памятка беларусам — палонным (Берлін, 1919); Дэкламатар (Вільня, 1921); Беларускія ведамасці (23 кастрычніка 1921); Выпісы з беларускай літаратуры (Менск, 1923); Дварчанін І. Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (Вільня, 1927); Беларуская крыніца (5 сакавіка 1933); Чырвоная змена (11 снежня 1935); Зара (1940, 8 снеж.); Піянер Беларусі (8 снежня 1940); Камуністычная праца (11 снежня 1935); Нова Білорусь (Харкаў, 1929); Плуг (1928, № 10; на ўкраінскай мове, перакладчык С. Піліпенка)[4].

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Верш «А хто там ідзе?» адразу пасля публікацыі пачаў перакладацца на мовы народаў свету: У 1909 г. М. Шапавалам на ўкраінскую (нарыс «Беларусы» як З0-ты выпуск «Просвітных листків», Львоў), у 1910 г. Людасам Гірам на літоўскую (яго артыкул «З беларускай літаратуры» ў газеце «Viltis», 1 верасня 1910). Людас Гіра назваў гэты верш «сапраўднай жамчужынай сусветнай паэзіі, адным з найпрыгажэйшых гімнаў адраджэння». У 1911 годзе перакладзеным М. Горкім на рускую і А. Чэрным на чэшскую, у 1919 годзе на польскую мову ў зборніку «З аколіц Дзвіны» (Вільня, 1912, с. 185; пераклад падпісаны крыптанімам M. W. S. Есць меркаванне, што M. W. S.-- крыптанім польскага паэта і перакладчыка пач. ХХ ст. Мар’яна Шадурскага). У зборніку да верша пастаўлены эпіграф — чатырохрадкоўе з верша Ф. Багушэвіча «Не цурайся» («А кінь вокам на хату маю…»). ​Р. Зямкевіч у рэцэнзіі на зборнік «З аколіц Дзвіны» («Наша ніва», 8 сакавіка 1912) назваў пераклад гэтага верша з названага зборніка пасрэдным, а ў другой рэцэнзіі («Витебский вестник», 6 і 7 ліпеня 1912) на пераклад верша зусім не звернута ўвагі[4].

У 1982 годзе да 100-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы верш быў выдадзены асобнай кнігай пад назвай «„А хто там ідзе?“. На мовах свету». У кнізе верш надрукаваны ў арыгінале (у т. л. на асобнай уклейцы — факсіміле яго аўтографа) і ў перакладах на 82 мовы народаў свету[4].

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

Васіль Шаранговіч. Ілюстрацыя да верша «А хто там ідзе?». 1976. ДзЛМЯнК. Літаграфія ўяўляе сабой у пэўным сэнсе трыпціх, дзе ў цэнтры выяўлены беларускія творцы — уласна сам Янка Купала, а таксама Францыск Скарына, Кастусь Каліноўскі, Якуб Колас, Францішак Багушэвіч, Васіль Цяпінскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Максім Багдановіч ды іншыя. Злева «беларусы, што на худых плячах нясуць сваю крыўду», а справа — тыя, хто хоча «людзьмі звацца» ў вобразе касінераў.

Як харал твор выконваўся, у прыватнасці, у трупе Ігната Буйніцкага (пытанне спяваў саліст, адказваў хор). У 1910 годзе кампазітар Л. Рагоўскі паклаў верш на музыку, і яго як неафіцыйны беларускі гімн выконвалі да Кастрычніцкай рэвалюцыі, а ў Заходняй Беларусі да 1939 года. Верш Я. Купалы з нотамі Л. М. Рагоўскага газета «Наша піва» надрукавала асобнай лістоўкай (Вільня, 1910) на беларускай мове і лацінкай. Верш Купалы з нотамі Л. М. Рагоўскага быў надрукаваны таксама ў «Беларускім календары „Нашай нівы“» на 1910 г[4].

Тэкст верша быў выкарыстаны ў харавой песні «А хто там ідзе?» Уладзіміра Тэраўскага, які змясціў яе ў 1922 годзе ў зборніку «Беларускі лірнік». Верш увайшоў у цыкл хораў a cappella (1981) А. Мдывані. Р. Пукст напісаў кантату «А хто там ідзе?» на вершы Купалы, М. Клімковіча, П. Труса і К. Кірэенкі; К. Цесакоў стварыў араторыю «Мы — беларусы» на словы Я. Купалы, П. Панчанкі і М. Танка, дзе ў пралогу і эпілогу гучыць верш «А хто там ідзе?», М. Чуркін — хор. У БДАМЛіМ у Мінску захоўваецца аўтограф кантаты Р. Пукста «А хто там ідзе?» для хору, салістаў і сімфанічнага аркестра[4].

Паводле матываў верша З. Азгур выканаў эскіз скульптурнай кампазіцыі (загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны), Пётра Сергіевіч жывапісныя палотны «А хто там ідзе?» і «Беларусы», У. Гоманаў — трыпціх «А хто там ідзе?», «Паланянкі», «Зямля родная», Я. Раманоўскі і В. Шаранговіч — графічныя карціны, В. Ціхановіч — ілюстрацыю, Б. Цітовіч застаўкі да верша ў кнізе Купалы «Песня ў імя свабоды» (Кішынёў, 1982), М. Савіцкі ілюстрацыі ў кнізе «„А хто там ідзе?“ На мовах свету» (Мн., 1982)[4].

Уплыў[правіць | правіць зыходнік]

Водгалас галоўнай думкі і вобразнага ладу верша адчуваецца ў вершах: А. Куляшова «Крыўда» (1931), А. Звонака «Беларусы» (1968), А. Грачанікава «Людзьмі звацца» (1973)[4].

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

У 1982 г. каля в. Гаеўцы Маладзечанскага раёна была знойдзена гільза ад вінтовачнага патрона, у якой невядомы салдат бярог лісток адрыўнога календара з вершам «А хто там ідзе?» (дата лістка невядомая)[4].

Да гэтага верша і выказанага ў ім жадання беларусаў «людзьмі звацца» апеляваў у час судовага працэсу над Беларускай сялянска-работніцкай грамадой у 1928 годзе яе кіраўнік Браніслаў Тарашкевіч[4].

Зноскі

  1. Яхімоўшчына на сайце iatp.by (10 кастрычніка 2011).
  2. Янка Купала і Маладзечаншчына (10 кастрычніка 2011).
  3. ДзЛМЯнК, ф. А, воп. 1-р 1, адз. зах. 6-а, л. 1
  4. 4,00 4,01 4,02 4,03 4,04 4,05 4,06 4,07 4,08 4,09 4,10 4,11 4,12 4,13 4,14 4,15 Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 1. Вершы, пераклады 1904—1907 / Прадм. У. Гніламёдава / Янка Купала. — Мн.: Маст. літ., 1995. — 462 с. — ISBN 5-340-01094.
  5. Я. Купала. 36. тв. У 7 т. Мн., 1976. Т. 7. С. 319
  6. М. Горький. Собр. соч.: В 30 т. М., 1955; Т. 29. с. 138—139

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]