Пылю́шнік смярдзючы (Thalictrum foetidum) — від кветкавых раслін роду Пылюшнік (Thalictrum) сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae).
Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 20—70 см з кароткім паўзучым карэнішчам. Сцябло прамастойнае, апушанае. Лісце чаргаванае і ў прыкаранёвай разетцы, тройчы-чатырохраздзельнае, да 20 см у даўжыню і шырыню. Лісцікі круглаватыя, трохзубчастыя, апушаныя знізу. Кветкі шматлікія, чырванавата-бурыя з чатырма пялёсткамі. Тычынкі павіслыя, фіялетава-жоўтыя. Песцікаў 8—12. Калякветнік складаецца з чатырох рана ападаючых лісточкаў яйцападобнай формы. Суквецце — рыхлыя мяцёлка. Плады — сядзячыя шматарэшкі даўжынёй 2—3,5 мм даўжынёй, жалезіста-апушаныя, з прамым носікам.
Расліна ядавітая[3]. У наземных органах расліны маецца каля 0,7 % алкалоідаў, каля 1 % флаваноідаў, да 6,5 % сапанінаў, 1—2 % дубільных рэчываў.
Расліна распаўсюджана на тэрыторыі Еўропы, умераных і трапічных (Бутан, Індыя, Пакістан, Непал, Каўказ, Урал, Усходняя Сібір, Далёкі Усход) абласцей Азіі[4]. Святлолюбівая і ценевынослівая расліна[3]. Ксерафіт, мезафіт, мезатроф[3].
Расце ў горных стэпах і на горных лугах і скалах, узлесках, у хмызняках. У гарах распаўсюджаваенцца да вышыні 4000 м. Цвіце ў чэрвені—ліпені.
Ахоўваецца на тэрыторыі Малдовы, Данецкай, Запарожскай і Хмяльніцкай абласцей Украіны, Амурскай і Цюменскай абласцей Расіі[3].
Лекавая расліна. У народнай медыцыне выкарыстоўваецца як агульнаўмацавальны сродак і пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракту.