Батакі
У гэтага паняцця ёсць іншае значэнне Батакі-негрыта. |
Батакі (Halak Batak) | |
Агульная колькасць | 8466969 (2010 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Суматра |
Мова | батакскія мовы |
Рэлігія | анімізм, індуізм, татэмізм, іслам, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | гаё, ніасцы, ментавайцы |
Бата́кі (саманазва: Halak Batak) — група роднасных аўстранезійскіх народаў, карэнныя жыхары вострава Суматра ў Інданезіі.
Да батакаў адносяць народы пакпак, сімалунгун, ангкола, каро, батакаў возера Тоба, мандайлінг. Усе яны насяляюць горныя раёны, а таксама паўночна-заходняе ўзбярэжжа Суматры. Лічыцца, што агульнае найменне батак было дадзена ім у гонар міфічнага манарха Сі Раджы Батака, які жыў у пачатку XIII ст. Жыхары прыбярэжных тэрыторый называлі батакамі горцаў, прычым гэта назва мела абразлівы характар.
Агульная колькасць у Інданезіі (2010 г.) — 8 466 969 чалавек.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Батакі — нашчадкі старажытных аўстранезійцаў, якія насялілі Суматру каля 2,5 тысяч гадоў таму. Сучасныя генетычныя даследаванні паказваюць, што сярод іх продкаў таксама маглі быць аўстраазіяты. Відавочна, першасным цэнтрам фарміравання батакскай супольнасці былі горныя раёны на ўсход і поўдзень ад возера Тоба. У сярэднявеччы тэрыторыі, населеныя батакамі, значна павялічыліся.
У XVI ст. у даліне каля возера Тоба ўзнікла дзяржаўнае ўтварэнне, што ўмоўна лічылася агульнабатакскім. Мясцовая манархічная дынастыя вяла свой род ад Сі Раджы Батака, легендарнага кіраўніка пачатку XIII ст. Прычым, манархі спавядалі індуізм. У рэчаіснасці, горныя абшчыны захоўвалі незалежнасць, часам фарміравалі тэрытарыяльныя аб'яднанні, якія вялі войны як з суседнімі народамі, так і з іншымі батакамі. Разам з гэтым, батакі актыўна займаліся гандлем, вывозілі ладан і чорны перац.
У другой палове XIX — пачатку XX ст. землі батакаў былі захоплены галандцамі і далучаны да Галандскай Ост-Індыі. У 1907 г. загінуў апошні батакскі манарх Сісінгамангараджа XII. У 1945 г. землі батакаў сталі часткай незалежнай дзяржавы Інданезія.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Асноўным заняткам батакаў здаўна з'яўляецца сельская гаспадарка. Вырошчваюць рыс, цукровы трыснёг, гародніну, для камерцыйных партэб — каву, індыга, спецыі. Прынята адрозніваць землі далін, дзе пераважаюць заліўныя палеткі. На іх займаюцца вырошчваннем рысу, у сухі сезон ператвараюць у пашы для свойскай жывёлы. Другі тып зямель — схілы гор і пагоркаў, часам тэрасаваныя. На іх засноўваюць сады, камерцыйныя плантацыі, вырошчаюць сухадольныя сарты рысу і гародніну. У мінулым зямлю апрацоўвалі драўляным плугам, які цягнулі быкі або буйвалы. Ураджай зжыналі спецыяльным нажом. На горных пашах трымалі маларослых коней, што карысталіся значным попытам на Суматры. Самі батакі амаль не карысталіся гэтымі жывёламі.
Важнымі дадатковымі заняткамі ў мінулым былі збіральніцтва, рыбалоўства і паляванне. Збор мёду, ладану і прыроднай гумы забяспечваў прадуктамі для абмену. Галоўнай вобласцю распаўсюджвання камерцыйнага рыбалоўства да нашых дзён застаюцца землі вакол возера Тоба.
Батакі лічацца выдатнымі рамеснікамі. У мінулым яны славіліся апрацоўкай жалеза, разьбярствам, вырабам керамікі, лодак. Захаваўся выраб афарбаваных палатняных тканін у́лас. Каро аддаюць перавагу фарбаванню ў цёмна-сіні колер, батакі возера Тоба — ў цёмна-аранжавы.
Рыс — аснова мясцовай кухні. Яго ядуць вараным без солі, але ў якасці дадатку ўжываюць вараную гародніну, салёную рыбу, яйкі, радзей мяса. Батакі знакаміты тым, што спажываюць мяса сабак, казурак. У мінулым існаваў рытуальны канібалізм.
Традыцыйны від паселішча — невялікая вёска хута, што ўключае да 20 хацін. Звычайна іх узводзілі на маладасяжных пляцах, умацоўвалі земляным валам і тынам. Жытлы каркасныя на па́лях, з высокім дахам і адтулінай у падлозе, што служыла ўваходам. Звычайна ў кожнай хаціне жыла пашыраная сям'я, якая складалася з блізкіх сваякоў. Акрамя таго, меліся хаціна для супольных сходаў і прыёму гасцей, а таксама абрадавыя хаціна, дзе захоўвалі чэрапы памерлых. Для гаспадарчых патрэб будавалі драўляныя платформы на па́лях. На іх захоўвалі і таўклі рыс, у вольную гадзіну выкарыстоўвалі для спатканняў.
Галоўнай грамадскай адзінкай з'яўляецца пашыраны экзагамны род марга. Яго чальцы лічацца нашчадкамі аднаго мужчыны-заснавальніка. Так, у батакаў тоба такіх родаў усяго 19, а ў каро — толькі 5. Звычайна жыхары кожнай хута — прадстаўнікі аднаго марга. Нават у нашы дні, калі многія батакі жывуць у гарадах, чальцы марга імкнуцца сяліцца не далёка адзін ад іншага, аказваюць пратэкцыю суродзічам пры прыёме на працу або на службе. Сацыяльны статус роду вызначаецца колькасцю апрацаваных зямель, паколькі марга фармальна валодаюць імі. Знутры марга маюцца прывелеяваныя сем'і, з якіх паходзіць раджа — афіцыйны кіраўнік роду. Тытул раджы таксама прысвойваецца вясковым старастам, хаця іх улада выбарная. Да сярэдзіны XX ст. вясковыя абшчыны звычайна ўступалі ў саюз з іншымі вёскамі. На чале такіх аб'яднанняў стаялі рады вясковых раджаў. Існавалі саюзы розных, не абавязкова сваяцкіх сем'яў марсіадапары адной або некалькіх вёсак. Яны аказвалі ўзаемную дапамогу. Марсіадапары адыгрывалі выключную ролю ў гандлі, былі пасрэднікамі падчас войн. У нашы дні так часцей называюць вясковыя кааператывы.
Традыцыйная сям'я пашыраная, складаецца з сям'і бацькі і маці, а таксама сем'яў іх сыноў. На чале пашыранай сям'і стаіць мужчына. Раней жаніцьба знутры свайго марга была забаронена. Найлепшым лічыўся шлюб са сваячніцамі маці. Наогул, жаніцьба для батака ўяўляе сабою важную жыццёвую стратэгію. Ён імкнецца атрымаць сваяцкія сувязі з уплывовым марга і замацаваць сувязі са сваім родам. Вяселлю папярэднічае выкуп нявесты. Пасля вяселля жонка пераязджае ў дом бацькоў мужа, бярэ іх прозвішча, але пры гэтым захоўвае прозвішча сваёй сям'і. Палігінія не з'яўляецца рэдкасцю, але сустракаецца толькі сярод заможных батакаў. Дашлюбныя сексуальныя сувязі хлопцаў і дзяўчат не забараняюцца, народжаныя да шлюбу дзеці выхоўваюцца на роўні з астатнімі, але могуць быць пазбаўлены часткі бацькоўскай спадчыны.
Батакі маюць багатую вусную народную спадчыну: казкі, легенды, паданні, змястоўныя генеалагічныя апавяданні, песні пра каханне. Маладыя людзі арганізуюць жартоўныя спаборніцтвы красамоўцаў. Часцяком выклад фальклору адбываецца пад акампанімент музычных інструментаў. Асабліва папулярны барабаны, лютня, флейты. Музыка суправаджае вясельныя і святочныя танцавальныя забавы.
-
Традыцыйная хаціна каля возера Тоба
-
Хаціна батакаў-каро
-
Вытворчасць тканін жанчынай ангкола
-
Традыцыйны барабан
Мовы
[правіць | правіць зыходнік]Батакі размаўляюць на 6 розных мовах, што маюць адзінае паходжанне і адносяцца да аўстранезійскай моўнай сям'і. Кожная з іх падзяляецца на шэраг дыялектаў. Пісьмовасць на аснове індыйскага пісьма палава ўзнікла ў познім сярэднявеччы. У канцы XIX — пачатку XX ст. хрысціянскія місіянеры распрацавалі пісьмовасць для мовы батакаў возера Тоба на аснове лацінкі. У нашы дні яна часцей выкарыстоўваецца для напісання носьбітамі розных батакскіх моў.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Найстаражытнейшая рэлігія батакаў уяўляе сабою шматлікія анімістычныя практыкі, заснаваныя на веры ў духаў прыроды і продкаў. У перыяд сярэднявечча значны ўплыў на іх аказаў індуізм. Фармальна індуізм спавядаўся манархамі зямель вакол возера Тоба да пачатку XX ст.
Батакі вераць, што існуюць духі-заступнікі самбаон, духі блізкіх памерлых сваякоў сумангот, нейтральныя прыродныя духі ханту і злыя духі бегу. Апошнія лічацца асабліва небяспечнымі з-за імкнення выкрадаць душы жывых людзей тонды. У такім разе чалавека чакае хвароба і смерць. Для лекавання звяртаюцца да шамана. Яго звычайным атрыбутам з'яўляецца доўгі драўляны кій з разны́мі ўпрыгожваннямі, часам полы знутры для захавання гаючых парашкоў і травы. У мінулым існаваў звычай пазбаўляццца ад тонды ворагаў шляхам іх паядання. Вышэй за духаў стаяць багі. Найбольш шануемая з іх — Сідаянг, багіня рысу.
Шаманы і вясковыя раджы арганізуюць святочныя рытуалы. Так, абавязкова арганізуецца свята ў гонар самбаон, яно суправаджаюцца тэатральнымі пантамімамі танцораў з маскамі. Для шанавання памерлых сваякоў будуюць спецыяльныя мемарыяльныя хаціны, дзе захоўваюць іх чэрапы. У раёне возера Тоба распаўсюджаны спецыяльныя будынкі-магільні.
З XVI ст. сярод вернікаў пачаў распаўсюджвацца іслам. Найбольшая колькасць мусульман сустракаецца сярод ангкола і мандайлінг. У другой палове XIX ст. галандскія місіянеры заснавалі пратэстанцкую місію каля возера Тоба. Яна мела асаблівы поспех сярод маладых людзей, паколькі давала школьную адукацыю. У нашы дні болей за палову батакаў Тоба спавядаюць хрысціянства.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Батакі на Вікісховішчы |