Перайсці да зместу

Геаграфія КНДР

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэльеф Паўночнай Карэі

КНДР — дзяржава ва Усходняй Азіі ў паўночнай частцы Карэйскага паўвострава. Плошча 120 тыс км². Па рацэ Амнакан (кітайская назва Ялуцзян) мяжуе з Кітаем на поўначы. Самы паўночны ўчастак мяжы з Кітаем праходзіць па рацэ Туманган, на ніжняе цячэнне якой на паўночным усходзе прыпадае 17-кіламетравая мяжа з Расіяй. На поўдні мяжуе з Рэспублікай Карэя і аддзяляецца ад яе цяжкафартыфікаванай дэмілітарызаванай зонай. З захаду абмываецца водамі Жоўтага мора, з усходу — Усходне-Карэйскі залівам Японскага мора, якое ў Карэі вядома як Усходняе мора.

Кымгансан або Алмазныя горы — турыстычная славутасць КНДР

Горы займаюць чатыры пятых тэрыторыі КНДР. Горы высокія і нізкія, раздзеленыя, як правіла, вузкімі і глыбокімі далінамі. Мараплаўцы даўніх часоў адзначалі, што праз сіметрычныя валы горных хрыбтоў карэйская зямля нагадвае ім мора ў вялікім хваляванні. Менавіта ў КНДР горы дасягаюць максімальных для Карэйскага паўвострава вышынь — у Паўднёвай Карэі няма гор вышэй за 2000 м. На поўначы краіны знаходзяцца Паўночная-Карэйскія горы з найвышэйшым пунктам усёй Карэі гарой Пэктусан (2744 м) на мяжы з Кітаем. Пэктусан (або Пэкту) — патэнцыйна актыўны вулкан, свяшчэнная гара для абедзвюх Карэй, — чароўным чынам уплецены і ў міфалогію Кімаў. Далей на поўдзень ляжаць Усходне-Карэйскія горы (Тхэбэк), што прасціраюцца да самага поўдня паўвострава. Але менавіта на КНДР прыпадае іх самая прыгожая частка — "алмазныя горы" Кымгансан, вядомыя маляўнічымі краявідамі. Раўнінныя ўчасткі займаюць каля 20 % краіны, пераважна на захадзе, па ўзбярэжжы Жоўтага мора. Нягледзячы на становішча ў складкаватым поясе, Паўночную Карэю амаль не закранаюць землятрусы, што хранічна назаляюць суседнім паўночна-ўсходняму Кітаю і Японіі.

Карысныя выкапні

[правіць | правіць зыходнік]

Карысныя выкапні: антрацыт і буры вугаль, жалезная руда, каляровыя металы (вальфрам, цынк, свінец, золата, нікель, малібдэн), магнезіт, графіт. Маюцца 124 прыродныя гарачыя крыніцы.

Рака Ялуцзян

Клімат умераны мусонны. Зімой халодныя патокі паветра з кантынента прыносяць сухое марознае надвор'е. Летам тэрыторыя знаходзіцца пад уплывам акіянічных паветраных мас, якія прыносяць ападкі. Тэмпература паветра ў студзені каля −11 °C, у ліпені каля 23 °C. Ападкаў ад 600 мм на паўночным захадзе да 1100—1400 мм на астатняй тэрыторыі.

Рэкі горныя, багаты на гідраэнергію. Найбольшыя з іх Тэданган, Туманган. Рака Амнанкан (кітайская назва Ялуцзян) дэмаркуе карэйска-кітайскую мяжу і з'яўляецца самай доўгай карэйскай рэчкай (790 км).

Расліннасць і жывёльны свет

[правіць | правіць зыходнік]

Калісьці лясы займалі тэрыторыю ў 9 млн гектараў. Пачынаючы з 1985 года, паводле дадзеных касмаздымкаў, Паўночная Карэя страціла 40 % лясоў.[1] Сёння лясамі пакрытыя пераважна стромкія схілы гор. Растуць даурская лістоўніца, карэйскі кедр, аянская елка, чырвоная хвоя. Дрэвы перавіты ліянамі, у падлеску шмат папарацей, бамбуку. З лекавых раслін найбольш вядомы жэньшэнь. Жывёльны свет добра захаваўся ў гарах: водзяцца лісіцы, кабаны, гаралы, казулі, плямістыя алені, ізюбры, каланкі, часам можна сустрэць леапарда, рысь і белагрудага мядзведзя. Мора багатае рыбай, трэпангамі, кальмарамі. Створаны рэзерваты — Хвангпо, Янгам.

Зноскі