Касцёл Святога Казіміра (Уселюб)
Каталіцкі храм | |
Касцёл Святога Казіміра | |
---|---|
53°43′04″ пн. ш. 25°48′18″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Аграгарадок | Уселюб |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Дэканат | Навагрудскі |
Архітэктурны стыль | готыка |
Заснавальнік | Род Неміровічаў |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касцёл Святога Казіміра — рымска-каталіцкі храм у аграгарадку Уселюб Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці Беларусі. Знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі, каля парку. Быў бадай што першым гатычным мураваным храмам у Вялікім Княстве Літоўскім, збудаваным не вялікім князем ці кімсьці з яго родных, а набліжаным да Вітаўта феадалам.
Храм некалькі разоў на працягу сваёй гісторыі змяняў назву. У 1642 годзе ён быў асвечаны ў імя Святога Казіміра[1], затым перыядычна змяняў імя, у сувязі з чым у некаторых крыніцах называецца таксама «Касцёлам Узвіжання Святога Крыжа»[1] і «Касцёлам Святога Яна Хрысціцеля»[2]. У 1991 годзе храм быў пераасвечаны пасля рэканструкцыі пад імем Святога Казіміра[2] і цяпер афіцыйна называецца менавіта так[3].
З’яўляецца ў сваёй аўтэнтычнай аснове найбольш раннім узорам готыкі з вядомых на тэрыторыі Беларусі помнікаў мураванага каталіцкага храмабудаўніцтва[2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню Уселюб згаданы ў 1422 годзе на пячатцы Ян Няміры, канюшага Вітаўта Вялікага[4]. Каталіцкі храм у гатычным стылі быў, верагодна, пабудаваны або самім Янам Нямірам, або яго сынам Андрэем[2]. Першае пісьмовае сведчанне пра існаванне парафіі датуецца 1489 годам, сярод сведкаў аднаго дакумента згаданы ўселюбскі плябан Багуслаў[5]. Гэтую дату часам можна сустрэць у літаратуры як дату заснавання касцёла.
Так ці інакш, каменны касцёл быў пабудаваны тут у першай палове XV ст. і асвечаны пад тытулам св. Яна Хрысціцеля. Першапачатковы выгляд святыня не захавала, але хутчэй за ўсё гэта быў прамавугольны залавы бязвежавы храм з пяціграннай апсідай, арыентаванай на ўсход, з адной сакрыстыяй з паўночнага боку. Сцены былі выкладзены з вонкавай цэглы ў тэхніцы гатычнай муроўкі і ўмацаваны контрфорсамі. Інтэр’ер перакрывалі зорчатыя скляпенні, якія абапіраліся на слуп у цэнтры малітоўнай залы. У тоўшчы сцен паўднёва-заходняга кута была зроблена лесвіца на хоры (і далей на паддашак), якія да канца XVIII ст. былі драўлянымі, а потым мураванымі. У сярэдзіне XVI ст. тагачасны ўладальнік Уселюба полацкі ваявода Станіслаў Давойна зафундаваў бакавыя алтары — Найсвяцейшай Тройцы (1543) і св. Юрыя (1545), утварыўшы пры іх альтарыі.
Пасля смерці ў 1573 годзе Станіслава Давойны мястэчка перайшло ў рукі Мікалая Радзівіла «Рудога». Апошні, быўшы шчырым кальвіністам, ператварыў уселюбскі храм у кальвінскі збор[6]. За час знаходжання ў кальвіністаў храм зведаў перабудову, гатычныя скляпенні былі заменены драўлянымі, а контрфорсы паменшаны[6], счасалі нервюры скляпенняў апсіды і сакрыстыі. Сцены звонку атынкавалі, дах накрылі пляскатай (пазней была заменена на хвалістую) чарапіцай.
У 1642 годзе храм быў вернуты каталікам і асвечаны ў імя Святога Казіміра[1][6]. Пасля гэтага архітэктура зведала яшчэ шэраг змен — вузкія спічастыя гатычныя вокны былі пашыраны, алтарная частка была выраўнавана па вышыні з асноўным аб’ёмам будынка.
У 1710-я гады да галоўнага ўвахода дабудавалі крухту, на дзвярах якой быў намаляваны св. Міхал Арханёл. Адноўлены касцёл 1 лістапада 1788 года пад тытулам Святога Казіміра, патрона ВКЛ, асвяціў канонік інфляндскі і смаленскі кс. Тадэвуш Лаппа.
У XVIII ст. касцёл уяўляў сабой ужо атынкаваную звонку і ўнутры святыню з цаглянай падлогай і сутарэннямі пад ёй. Малітоўная зала была перакрыта плоскай драўлянай столлю, прэзбітэрый і сакрыстыя захоўвалі старажытныя скляпенні. Святыня была накрыта гонтай. Над высокім дахам узвышалася вежачка-сігнатурка. Галоўны ўваход бязвежавага фасада быў пазначаны крухтай. Інтэр’ер святыні ўпрыгожвалі тры алтары, створаныя па фундацыі Антонія Навасельскага, кашталяна навагрудскага: галоўны — Укрыжавання, левы — тытульны св. Казіміра (з абразом Маці Божай, які быў адзначаны 22 вотамі), правы — св. Яна Хрысціцеля. Трошкі пазней пры сцяне быў усталяваны чацвёрты алтар, прысвечаны св. Антонію. Пад касцёлам знаходзілася крыпта. Побач з касцёлам, насупраць брамы, стаяла драўляная званіца з трыма званамі: «вялікім, сярэднім і малым». Драўляная плябанія была пабудавана ў 1804 годзе.
Касцёл ізноў рэканструяваўся ў 1790—1810 гадах. Галоўны фасад набыў сучасны неагатычны выгляд. Над прытворам узнеслася стромкая двух’ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая вежа-званіца. Бакавыя схілы фасада завяршаліся востраканцовымі пінаклямі. Верагодна, у той час была дабудавана і паўднёвая сакрыстыя. Хоры над уваходам абапіраліся на дзве «дарычныя» калоны, там быў усталяваны арган на 10 галасоў.
У 1897 годзе да галоўнага фасада храма прыбудавалі трох’ярусную вежу-званіцу, якая, нягледзячы на тое, што амаль на 500 гадоў маладзейшая за асноўную частку, цалкам гарманічна спалучаецца з ёй[6].
У 1930 годзе касцёл св. Казіміра рэканструявалі на сродкі графа О’Рурка, дах быў пакрыты бляхай. Касцёльны ўчастак быў абнесены бутавай агароджай з трохпралётнай уваходнай брамай перад фронтам касцёла. Злева ад святыні стаяла драўляная васьмігранная барокавая званіца.
У гады панавання савецкай улады старажытны касцёл быў зачынены (парафія была знята з рэгістрацыі ў 1960 годзе) і з часам ператварыўся ў руіны. Узор сапраўднай готыкі не быў нават залічаны да помнікаў гісторыі і культуры Беларусі.
У 1980-я гады былі праведзены архітэктурныя і археалагічныя даследаванні помніка. У 1986 годзе ў будынку адбыўся моцны пажар. З 1988 па 1991 год ішла рэстаўрацыя. Паўторнае асвячэнне храма ў імя Святога Казіміра адбылося 14 верасня 1991 года[3].
У 2003 годзе былі нанова створаны алтары касцёла, якія прысвячаліся: галоўны — Укрыжаванню, левы бакавы — Маці Божай, правы — св. Казіміру. Перад уваходам у касцёл у 2002 годзе была зроблена каплічка-грот з фігурай Маці Божай Лурдскай, перад якой кленчыць св. Бернадэта. Агароджа з буту падноўлена, уваходная брама ў выглядзе чатырох слупкоў цяпер знаходзіцца па баку вуліцы[7].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Сёння пад шматлікімі напластаваннямі цяжка ўбачыць гатычную даўніну ўселюбскага касцёла, але пра яго старажытнасць сведчыць будаўнічая тэхніка. Падмурак пабудовы заглыблены на 2 м адносна тагачаснага ўзроўню зямлі, яго ніжнія і сярэднія рады выкладзены з буйных валуноў насуха, у верхняй частцы звязаны вапнава-пясчанай росчынай і ўстаўкамі з цэглы. Сцены змураваны з гладкай цэглы ў тэхніцы лусковай муроўкі з гатычнай перавязкай. Поласці ўнутры сцен запоўнены дробным бутам і росчынай. Месцамі бессістэмна выкарыстана перапаленая цэгла і цагліны з сеткавым арнаментам на гранях, што адлюстроўвае пошукі новых дэкаратыўных сродкаў[2].
Набліжаны да квадрата ў плане асноўны аб’ём (23,5 х 13 м) накрыты 2-схільным дахам з заломам, што ўступам пераходзіць у пластычнае пакрыццё гранёнай апсіды (надбудавана на мяжы XVI—XVII ст.).
Першапачатковы выгляд касцёла быў значна зменены перабудовамі XVI—XX стст. У прыватнасці былі счасаны бакавыя контрфорсы каталікона і апсіды, абваліліся ў час пажару ў 2-й палавіне XVI ст. гатычныя скляпенні. Цалкам зменены галоўны заходні фасад, пасярэдзіне якога цяпер узвышаецца трох’ярусная неагатычная вежа-званіца (васьмярык на 2 чацверыках). З бакоў да прэзбітэрыя прыбудаваныя дзве сакрысціі (правая мае позняе паходжанне). Контрфорсы захаваліся на галоўным фасадзе. Плоскасць галоўнага фасада завершана спічастым, крапаваным нішамі шчыпцом. У тоўшчы сцяны галоўнага фасада зроблены вітыя лесвіцы на хоры і падцашак. Апсіда адкрываецца ў залу шырокім арачным прасветам.
Першы касцёл пачатку XV ст. меў выразна гатычныя рысы, пра што кажуць г. зв. «гатычная сістэма муроўкі», буйнапамерная цэгла, сам план помніка, а таксама наяўнасць у мінулым нервюрных і зорчатых скляпенняў. Роўніца заходняга франтона паводле інвентарных апісанняў да пабудовы вежы завяршалася трохвугольным франтонам, галоўным элементам якога быў відарыс крыжа выкладзенага з цэглы-жалезняка. Унутры памяшканні асвятляліся праз стральчатыя вокны. З бакоў заходні фасад умацоўвалі два магутныя вуглавыя контрфорсы. Ёсць звесткі пра існаванне з аднаго боку фасаду вежы, якая абвалілася яшчэ ў XVII ст. У суадносінах прасторы і масы сцен, характары пакрыцця, гранёных формах алтарнай часткі касцёла разам з рысамі «цаглянай готыкі» відавочны ўплыў традыцый мясцовага драўлянага дойлідства.
Паводле найстарэйшых інвентароў касцёл меў белечнае перакрыццё без унутраных апор. Але мяркуецца пра наяўнасць у першапачатковым варыянце апорнага слупа ў цэнтры каталікона, на які абапіраліся пяты крыжовых скляпенняў, і падмурак якога быў вынайдзены ў час археалагічных раскопаў. Такім чынам, першапачаткова ўселюбскі касцёл меў нескладаную аднаслупавую структуру, распаўсюджаную ў тагачасным каталіцкім храмабудаўніцтве Паўночнай Еўропы[8].
Капліца-пахавальня
[правіць | правіць зыходнік]Па-за касцёлам у 1837 годзе (дата на фундаменце — 1839) апошні ўладальнік мястэчка Юзаф О’Рурк пабудаваў капліцу-пахавальню. Гэта цагляны і атынкаваны будынак у стылі класіцызм, галоўны фасад пазначаны чатырохкалонным порцікам.
Зноскі
- ↑ а б в Касцёл Узвышэння Святога Крыжа
- ↑ а б в г д Габрусь Т. В. «Саборы помняць усё. Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі». Мінск, «Беларусь», 2007 г. ISBN 978-985-01-0714-5
- ↑ а б Афіцыйны сайт Каталіцкай царквы ў Беларусі
- ↑ Przemysław Nowak, Piotr Pokora. Dokumenty strony polsko-litewskiej pokoju mełneńskiego z 1422 roku. — Poznań, 2004. S. 83.
- ↑ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej / Codex diplomaticus ecclesiae cathedralis necnon Dioeceseos Vilnensis. T. 1, Krakow, 1948. Дакумент № 361
- ↑ а б в г Суровая прыгажосць гатычнай архітэктуры: храмы ва Уселюбе, Ішкалдзі і Гнезна Архівавана 26 чэрвеня 2015.
- ↑ slowo.grodnensis.by
- ↑ radzima.org
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Баравы Р. Невядомы помнік беларускай готыкі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі — 2/1987.
- Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. ISBN 5-85700-078-5
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакрал. архітэктура бел. барока / Рэд. кал. Малашэвіч Я. В. і інш. — Мн.: Ураджай, 2001. ISBN 985-04-0499-X
- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
- Габрусь Т. В. Саборы помняць усё. Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі. — Мн.: Беларусь, 2007. ISBN 978-985-01-0714-5
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святога Казіміра (Уселюб)
- Касцёл Святога Казіміра (Уселюб) на сайце Radzima.org
- Касцёл Святога Казіміра (Уселюб) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- slowo.grodnensis.by
- Храмы паводле алфавіта
- Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
- Касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі
- Храмы Вялікага Княства Літоўскага
- Збудаванні Беларусі ў гатычным стылі
- Збудаванні Вялікага Княства Літоўскага ў гатычным стылі
- Збудаванні Беларусі ў неагатычным стылі
- Касцёлы Навагрудскага раёна
- Уселюб
- Храмы Святога Казіміра
- Неміровічы