Перайсці да зместу

Каштоўны абклад

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гэты артыкул пра кніжныя абклады. Артыкул пра абклады ікон гл.: Абклад іконы.

Інкруставаная каштоўнымі камянямі крышка Залатога Кодэкса Святога Эмерама, 870
Панэль са слановай косці, напэўна, ад абклада кнігі, са сцэнай з жыцця Святога Рэмігія і хрышчэннем Хлодвіга, Рэймс, канец IX стагоддзя,
Тыповы абклад з ліможскай эмалі  (руск.), каля 1200

Каштоўны абклад — раскошны абклад кнігі  (укр.) з выкарыстаннем металічных дэталяў з золата або срэбра, каштоўных камянёў, слановай косці, магчыма, у дадатак да больш звычайных пераплётных  (руск.) матэрыялаў для вокладак, такіх, як скура, аксаміт ці іншая тканіна. Фактычна пераплетная тэхніка такая ж, як і для іншых сярэднявечных кніг з фоліа, зробленых, як правіла, з вяленю, сшытых разам і прывязаных да драўляных покрыўных дошак. Металічная рама каштоўнага абклада фіксуецца, звычайна на цвікі, да гэтых дошак. Каштоўныя абклады пачалі выкарыстоўваць яшчэ ў позняй антычнасці, хоць такія раннія прыклады і не захаваліся і нават раннесярэднявечныя  (руск.) прыклады вельмі рэдкія. Каштоўныя абклады былі менш выкарыстаныя ў канцы Сярэдневякоўя, але ў невялікай колькасці па-ранейшаму вырабляюцца на Захадзе і па гэты дзень, і ў большай колькасці на тэрыторыях, дзе пераважае праваслаўе. Абклады выкарыстоўваліся галоўным чынам для вялікіх манускрыптаў, асабліва Евангелляў, прызначаных для алтара і выкарыстання ў царкоўных службах, а не для вывучэння ў бібліятэцы.

У пераважнай большасці гэтыя абклады былі пазней знішчаны, а іх золата і каштоўнасці знятыя марадзёрамі або гаспадарамі, якія мелі грашовую патрэбу. Некаторыя захаваліся без упрыгажэнняў, а многія яшчэ і асобна ад рукапісаў ці прымацаваныя да іншага манускрыпта[1]. Некаторыя захаваліся ў буйных бібліятэках, напрыклад у бібліятэцы Моргана  (руск.) ў Нью-Ёрку, бібліятэцы Джона Райландса  (руск.) ў Манчэстэры, Брытанскай бібліятэцы ў Лондане і Нацыянальнай бібліятэцы Францыі ў Парыжы. Паколькі разьбяныя рэльефы са слановай косці, як правіла, было немагчыма перапрацаваць у нешта іншае, то яны захаваліся ў значна большай колькасці, даючы больш поўнае ўяўленне аб колькасці каштоўных абкладаў, якія калі-небудзь існавалі. Іншыя прыклады зафіксаваны ў дакументальных крыніцах, але хоць самі рукапісы захаваліся, іх абкладам пашанцавала меней. Келская кніга страціла свой абклад пасля рабавання, а лёс згубленага без вестак абклада Ліндзісфарнскага Евангелля не зафіксаваны.

Ва Усходняй Праваслаўнай Царквы каштоўныя абклады працягваюць рабіць, у асноўным для богаслужбовых Евангелляў, да сённяшняга дня, і існуюць у самых розных мастацкіх стылях. У некаторых абкладах выкарыстоўваюць каштоўныя камяні і жэмчуг, яны, як правіла, маюць пакрыццё з аксаміту або іншай тканіны, да якой каштоўныя камяні прышытыя ці прымацаваныя іншым спосабам. Часцей за ўсё каштоўныя абклады ствараліся для ўласных кніг знатных людзей, асабліва малітоўнікі і часасловы жаночага дваранства, якія таксама маглі ўключаць вышыўку.

Тэхніка і вытворчасць

[правіць | правіць зыходнік]

Тэхніка вырабу ювелірных пераплетаў развівалася на працягу гісторыі тэхналогіі і метадаў, якія выкарыстоўваліся ў стварэнні кніг. У чацвёртым стагоддзі хрысціянскай эры, рукапісы на скрутках папірусу альбо вяленю ўпершыню сталі рабіцца плоскімі і ператварыліся ў кнігі з разрэзаных старонак, звязаных адна з адной праз зробленыя адтуліны на палях. Пачынаючы з V стагоддзя, кнігі сшываліся такім чынам пры дапамозе скураных рамянёў, каб звязаць лісты больш трывала, а каб кніга даўжэй захоўвалася, стос старонак афармлялі дошкамі, размешчанымі зверху і знізу для таго, каб іх трымаць. Гэтыя раменьчыкі сталі працягваць скрозь дошкі, якія цалкам пакрывалі скурай[2].

Дошкі прадастаўлялі магчымасць для дэкаратыўнага ўпрыгожвання, з металічнымі карпусамі, устаўленымі ў дрэва для ўстаноўкі каштоўных камянёў і ювелірных прадметаў[3]. Матэрыял пакрыцця выкладваўся ўручную і выразаўся па краі абадка, каб паказаць каштоўнасці. Упрыгожаныя манускрыпты, як правіла, з’яўляліся Евангеллямі ці іншымі рэлігійнымі кнігамі, зробленымі для выкарыстання ў царкве. У Сярэднія стагоддзі, адказнасць за стварэнне ўпрыгожаных кніг была ўскладзена не на пераплётчыкаў, на майстроў па метале, якія працавалі з лістамі золата, срэбра або медзі, каб стварыць ювелірныя і эмаляваныя панэлі, якія потым прыбіваліся да драўляных дошак[4].

Металічная кніжная фурнітура  (ням.) таксама ўключала металічныя зашпількі, якія трымалі кнігу закрытай, пакуль ёю не карысталіся, і ізаляваныя металічныя элементы, што ўпрыгожвалі вокладку са скуры ці тканіны, якія былі вельмі распаўсюджаныя ў большай бібліятэк у Познім Сярэдневякоўі. Дэкарытыўныя кніжныя зашпількі або папружкі рабіліся з каштоўнымі камянямі або з выкарыстаннем металапластыкі  (руск.) з XII стагоддзя, у прыватнасці ў Галандыі і Германіі[5]. У Шатландыі і Ірландыі з IX стагоддзя або раней кнігі, якія лічыліся рэліквіямі прападобных лідараў, захоўваліся ва ўпрыгожаных металічных рэлікварыях, званых кумдахі, і пасля такога афармлення, верагодна, ужо не выкарыстоўваліся як кнігі. Іх нават бралі ў бой у якасці своеасаблівага штандарту  (руск.), які насіўся на шыі салдата як ахоўны амулет. Ювелірныя футляры або скрыні таксама выкарыстоўваліся для захавання невялікіх хатніх выданняў Карану на працягу гэтага перыяду часу[4].

Адноўлены абклад XVI стагоддзя з аксамітам, расшытым жэмчугам для Лізаветы I на том царкоўнай гісторыі.
Абклад Лаўрышаўскага Евангелля. XIV стагоддзе

Каштоўныя абклады былі раскошай, даступнай толькі багатай эліце, і замаўляліся заможнымі прыватнымі калекцыянерамі, вышэйшым духавенствам, каралеўскай уладай і шляхтай, а таксама часта замаўляліся для прэзентацыі ўладара ці шляхціца[5]. Самыя раннія згадкі пра іх вядомы з ліста Ераніма Стрыдонскага 384 года, дзе ён піша пра «багатых хрысціянак, чые кнігі напісаны золатам на пурпурным пергаменце, і апрануты каштоўнымі камянямі…»[6]. З як мінімум VI стагоддзя яны з’яўляюцца на мазаіках і іншых выявах, такіх як ікона Хрыста Пантакратара Vi стагоддзя з Манастыра Святой Кацярыны і знакамітая мазаіка Юстыніяна I ў базіліцы Сан-Вітале ў Равене. Панэлі са слановай косці, якія часта змяшчаліся ў цэнтры абкладаў, былі адаптаваныя са стылю консульскіх дыпціхаў  (руск.), і пераважная колькасць захаваных дыпціхаў — гэта асобнікі, паўторна выкарыстаныя на каштоўных абкладах Сярэдневякоўя[6]. Некаторыя вокладкі былі створаны, каб утрымліваць рэліквіі святых, і гэтыя вялікія кнігі мелі часам бачныя падвесы з залатых шнуроў і насіліся ў публічных працэсіях візантыйскіх імператараў[7]. Асабліва ў кельцкім хрысціянстве ў Ірландыі і Вялікабрытаніі, асобныя кнігі, што належалі манаскім святым, сталі разглядацца як рэліквіі і атрымалі каштоўны абклад або былі змешчаныя ў кумдах.

Каштоўныя камяні і золата не толькі ствараюць уражанне багацця, хоць, безумоўна, гэта адно з іх прызначэнняў, але таксама служаць прадвесцем каштоўнай прыроды Нябеснага горада  (руск.) ў рэлігійных кантэкстах, а пэўныя тыпы каштоўных камянёў, як лічылі, маюць фактычныя магутныя ўласцівасці ў розных «навуковых», медыцынскіх і магічных адносінах, як выкладзена ў папулярных лапідарных кнігах  (англ.)[8]. Для некаторых богаслужбовых кніг з каштоўнымі абкладамі тэксталагічны аналіз паказаў адсутнасць істотных частак нармальнага тэкставага апарата «рабочай» версіі іх тэксту, сярод іх Келская кніга і Залаты Кодэкс Эхтэрнаха  (англ.). Яны маглі выкарыстоўвацца на службах, але ў манастыры, па сутнасці, былі часткай ўбрання царквы, а не бібліятэкі, напрыклад, запісы з Келскага абацтва  (руск.) паказваюць, што Келская кніга захоўвалася ў рызніцы.

Візантыйскія і заходнія сярэднявечныя каштоўныя абклады часта маюць стылістычную неаднароднасць. Акрамя таго, што яны ствараліся ў розны час і часам у розных краінах, некаторыя элементы маглі выдаляцца або перастаўляцца з адных тамоў на другія, або аднаўляцца з новых дэталяў з цягам часу[9]. Напрыклад, сучасны абклад Евангелля з Ліндау  (англ.) паходзіць з розных частак Паўднёвай Германіі, з ніжняй або задняй вокладкай, створанай у VIII стагоддзі (раней, чым кніга, якую яна цяпер упрыгожвае), і верхняй або пярэдняй вокладкай, зробленай у IX стагоддзі. Абедзве часткі ўключаюць пазалочаны метал, арнаментаваны каштоўнымі камянямі. Невядома, калі яны былі прымацаваныя да гэтай кнігі.[10].

Абклад Евангелля. Ляхавічы. XIX стагоддзе

Па-за манастыроў гільдыі пераплётчыкаў часта былі абмежаваныя заканадаўчымі абмежаваннямі на прымяненне каштоўных камянёў. Хоць гэта істотна не паўплывала на рамяство дэкарыравання кніг, яны санкцыянавалі колькасць каштоўнасцяў, дазволеных у залежнасці ад пасады або рангу камісіянера працы[11]. Наўрад ці якія-небудзь раннесярэднявечныя каштоўныя аклады захаваліся пасля роспуску манастыроў і Рэфармацыі, калі царкоўныя бібліятэкі ў Англіі былі расфарміраваны, а каштоўныя абклады былі знятыя з кніг у адпаведнасці з законам, каб «пазбавіць і заплаціць у каралеўскую казну усё золата і срэбра, знойдзенае на Папскіх кнігах адданасці». Супастаўныя бясчынствы былі не так шырока распаўсюджаныя падчас кантынентальнай пратэстанцкай Рэфармацыі, але большасць ацалелых абкладаў засталося з каталіцкіх абласцей сярод асобнікаў, што перажылі пазнейшыя войны і рэвалюцыі[12].

Евангелле з друкарні Мамонічаў. Жабінка. 1838

На Беларусі каштоўныя абклады ўжывалі для такіх Евангелляў, як Аршанскае (XIII стагоддзе, касцяны, захоўваецца на Украіне), Лаўрышаўскае (XIV стагоддзе, сярэбраны, у Кракаве). Выяўлены металічны абклад Евангелля з Ляхавіч (XVIII стагоддзе), пазалочаны металічны абклад Евангелля з Жабінкаўскага раёна (1838), скураны абклад Статута ВКЛ (XVII стагоддзе, усе зберагаюцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ НАН Беларусі). Вядомыя калекцыя драўляных абкладаў XVIII стагоддзя з Ляхавіцкага, Маларыцкага і Камянецкага раёнаў, металічны абклад, аздоблены гравіраванай і чаканенай выявай святога Міколы (Бярозаўскі раён) і інш.

Т. Гесэ. Малюнак абклада Слуцкага Евангелля. 1866

Нягледзячы на камерцыялізацыю кніжнай прадукцыі за конт друкаванага станка, мастацкія традыцыі ювелірнай пераплётнай справы працягнуліся ў Англіі, хоць і радзей, і часта ў больш простых канструкцыях[13]. Раскошныя абклады былі ўпадабаныя Англійскім судом  (укр.), што відаць з запісу на асабістай бібліятэцы каралевы Лізаветы I, якая аддавала перавагу аксамітным вокладкам. Падчас наведвання Каралеўскай бібліятэкі  (англ.) ў 1598 годзе Паўль Хенцнер  (англ.) адзначаў на кнігах «вокладкі з аксаміту розных колераў, хоць пераважна чырвонага, з зашпількамі са срэбра і золата, часам з жэмчугам і каштоўнымі камянямі, замацаванымі на абкладах»[14]. На працягу XVI і XVII стагоддзяў, стыль развіваўся і аклады звычайна рабіліся з выкарыстаннем аксаміту, атласу, шоўку, і палатна, аформленых рэдка каштоўнымі камянямі, а часцей вышыўкай, металічнымі ніткамі, жэмчугам і бліскаўкамі[15].

Пасля таго, як ювелірны пераплёт перажыў свой рэнесанс, практыка заняпала, пакуль не адбылося яе адраджэнне на рубяжы XX стагоддзя ў Англіі. Вялікі ўплыў на аднаўленне гэтага стылю зрабілі Фрэнсіс Сангорскі і Джордж Саткліф з пераплётнай фірмы Sangorski & Sutcliffe  (англ.). Іх абклады выкарыстоўвалі не вялікія неапрацаваныя камяні як у Сярэдневякоўі, а паўкаштоўныя камяні кабашоны  (руск.), устаноўленыя ў прыгожа аформленыя абклады з устаўкамі скуры розных колераў і пазалочанай фурнітурай. Майстэрства гэтых пераплётаў было непераўзыйдзеным; толькі іх канкурэнт Рыўер  (англ.) рабіў абклады падобнай якасці. Адзін з самых вядомых гэтых абкладаў гэта «Вялікі Амар» (англ.: The Great Omar, 1909), створаны для выдання Рубаёў Амара Хаяма  (укр.) ў перакладзе Фіцджэральда  (руск.), які меў залатую фурнітуру, устаўкі рознакаляровай скуры і 1050 каштоўных камянёў, з якіх былі выкладзены выявы трох залатых паўлінаў[16]. Ён затануў разам з «Тытанікам» у 1912 годзе. На сёння захавалася толькі трэцяя рэпрадукцыя гэтага абкладу, паколькі другая, створаная па дызайне Саткліфа яго пляменнікам Стэнлі Брэем, была пашкоджана падчас нямецкіх бамбардзіровак Вялікабрытаніі. Другая спроба Брэя па аднаўленні дызайну абклада захоўваецца ў Брытанскай бібліятэцы з 1989 года[14].

Сярод іншых пераплётных кампаній, якія працавалі ў гэтым стылі, Rivière  (англ.) і Zaehnsdorf  (англ.). Самая вялікая калекцыя гэтых шэдэўраў належала Фібі Бойл: больш за 100 каштоўных абкладаў былі прададзеныя ў 1923 годзе. Каштоўныя абклады часам з’яўляюцца на аўкцыёнах, але літаратуры аб іх на дзіва мала з улікам іх выбітнай якасці.

У 1998 годзе Роб Шэферд з Shepherds Bookbinders[17] купіў Zaehnsdorf і Sangorski & Sutcliffe. У цяперашні час абклады з каштоўнымі камянямі рэдкая практыка, а малыя і вялікія пераплётныя кампаніі шукаюць новыя мастацкія формы і становяцца менш жыццяздольнымі ў сучасным грамадстве.[19] прывязак, якія існуюць на сённяшні дзень знаходзяцца ў прыватных калекцыях і могуць быць знойдзены ў бібліятэках і музеях па ўсім свеце[18]. Абклады, ацалелыя да сёнешняга часу, цяпер знаходзяцца ў бібліятэках і музеях па ўсім свеце.

Зноскі

  1. Глядзі, напрыклад, Евангелле з Ліндау  (англ.); паколькі зняцце і ўстаноўка абкладу адносна прастыя, такія перамяшчэнні паміж кнігамі, верагодна, былі дастаткова звычайнымі ва ўсе перыяды. У апошнія 200 гадоў многія арт-дылеры лічылі кнігу і абклад рознымі аб’ектамі і аддавалі перавагу іх раздзяленню
  2. Johnson, Pauline (1990). Creative Bookbinding. New York: Dover Publications. pp. 8.
  3. Johnson, Pauline (1990). Creative Bookbinding. New York: Dover Publications. pp. 11.
  4. а б Marks, P.J.M. (1998). The British Library Guide to Bookbinding: History and Techniques. Toronto: University of Toronto Press. p. 56.
  5. а б Foot Miriam M., Robert C. Akers. Bookbinding // Oxford Art Online.
  6. а б Needham, 21
  7. Diehl, Edith (1980). Bookbinding: Its Background and Technique Vol. 1. New York: Dover Publications. p. 19.
  8. Metz, 26-30
  9. Prideaux, Sarah Teverbian; Edward Gordon Duff (1893). An Historical Sketch of Bookbinding. London: Lawrence and Bullen. p. 179.
  10. Needham, 24-29
  11. Diehl, Edith (1980). Bookbinding: Its Background and Technique Vol. 1. New York: Dover Publications. p. 52.
  12. Prideaux, Sarah Teverbian; Edward Gordon Duff (1893). An Historical Sketch of Bookbinding. London: Lawrence and Bullen. p. 2.
  13. Davenport, Cyril (1898). Cantor Lectures on Decorative Bookbinding. London: William Trounce. p. 8.
  14. а б Marks, P.J.M. (1998). The British Library Guide to Bookbinding: History and Techniques. Toronto: University of Toronto Press. p. 57.
  15. Marks, P.J.M. (1998). The British Library Guide to Bookbinding: History and Techniques. Toronto: University of Toronto Press. p. 59.
  16. Middleton, Bernard (1996). A History of English Craft Bookbinding Technique (4th ed.). London: The British Library. pp. 125–126.
  17. Shepherds Bookbinders
  18. Severs, John (27 March 2009). "A Model, Modern Artisan". Printweek: 22–23.
  • Metz, Peter (trans. Ilse Schrier and Peter Gorge), The Golden Gospels of Echternach, 1957, Frederick A. Praeger, LOC 57-5327
  • Paul Needham (1979). Twelve Centuries of Bookbindings 400–1600. Pierpoint Morgan Library/Oxford University Press. ISBN 978-0-192-11580-5.