Папская тыяра
Тыя́ра (грэч. τιάρα — старажытны персідскі галаўны ўбор) — трайная карона, адметны высокі яйцападобны галаўны ўбор, які ўвянчаны невялікім крыжам і трыма вянкамі і мае ззаду дзве спадаючыя стужкі, які насілі Папы Рымскія з пачатку XIV стагоддзя па 1965 год.
Гісторыя тыяры
[правіць | правіць зыходнік]Першапачаткова простая высокая шапка, у эпоху Сярэднявечча яна набыла тры вянкі і здабыла сваю канчатковую форму напачатку XIV стагоддзя. Вянкі сталі лічыцца сімваламі Тройцы ці трох статусаў Царквы: Рым, хрысціянскі свет і духоўнае валадарства. Тыяра можа быць на Богу-Айцу, больш часта ў раннім нідэрландскім жывапісе; яе можа носіць Аарон, як правобраз святарства.
У старажытнагрэчаскай літаратуры тэрмін азначае персідскі галаўны ўбор з лямца ў форме ўсечанага конусу, але перш за ўсё — карону персідскага цара, упрыгожаную зубцамі і зоркамі. Іншая форма тыяры — мітра з покрывам для рота, якую носіць Дарый III на мазаіцы ў Пампеях, якая адлюстроўвае яго бітву з Аляксандрам Вялікім. Фрыгійскі каўпак, сімвал народаўладдзя падчас Французскай рэвалюцыі, можна таксама расцэньваць як тыяру. У Сярэднявеччы трайная карона Папы тлумачыцца як сімвал улады над трыма сферамі — небам, зямлёй і падземным светам ці над трыма класічнымі часткамі зямлі: Азіяй, Афрыкай, Еўропай (заселенымі нашчадкамі сыноў Ноя: Сіма, Яфета і Хама). Паводле іншых тлумачэнняў тры кальцы (вобады) тыяры ёсць указаннем на царкву, якая пакутуе, змагаецца і перамагае. У такім выглядзе яна малявалася пачынаючы з Папы Урбана V (памёр у 1370 г.). Тыяра лічыцца таксама атрыбутам св. Пятра, Папы Рыгора ці Св. Сафіі. Папы, адхіленыя яшчэ пры сваім жыцці, ці святыя, святасць якіх адмаўлялася, маляваліся з тыярай, якая ляжыць на зямлі. У тыяры з пяці кольцаў паўстае толькі Бог-Айцец на выявах Троіцы.
Тыяра як сімвал
[правіць | правіць зыходнік]Трох’ярусная, у форме пчалінага гнязда, карона Папы Рымскага. Выкарыстоўваецца з XIV стагоддзя як галаўны ўбор, сімвалізуючы тры ўзроўня Папскіх паўнамоцтваў: духоўную ўладу ў свеце, часовую ўладу ў Рыме і вяршэнства над усімі хрысціянскімі кіраўнікамі. У сучасным тлумачэнні папская тыяра паказвае тое, што Папа — айцец Царквы, зямны кіраўнік і намеснік Хрыста. Акрамя таго, тыяра сімвалізуе трайную ўладу Папы: галавы Каталіцкай Царквы; біскупа Рыма; манарха, галавы дзяржавы Ватыкан.
Тыяра — знак папскага валадарства; для літургічных мэтаў Папа апранаецца ў біскупскую мітру. У развіцці тыяры можна вылучыць тры перыяды:
- 1) У VII — VIII стст. Папы насілі камілаўку ці белы фрыгійскі каўпак (магчыма, уведзены ва ўжытак папамі грэчаскага ці сірыйскага паходжання);
- 2) Яшчэ да пачатку XII стагоддзя да яе была дададзена царская дыядэма, якая да канца XIII стагоддзя ператварылася ў зубчастую карону;
- 3) Другі вянок быў дададзены Баніфацыем VIII (памёр у 1303 г.), магчыма, як сімвалічнае адлюстраванне яго поглядаў на дваістасць Папскай улады, духоўнай і свецкай. Першае згадванне пра тры вянкі адносіцца да 1316 г., аднак самая ранняя манументальная выява тыяры з трыма каронамі выяўляецца на статуі Бенедыкта XII (памёр у 1342 г.).
Чаму быў дададзены трэці вянок — невядома, хоць прапаноўваліся розныя інтэрпрэтацыі другой назвы папскай тыяры — лац.: triregnum («трохцарства»), напрыклад, як вобраз улады Папы над нябёсамі, зямлёй і пеклам ці траістых правоў Папы як суддзі, заканадаўца і святара ўсяго каталіцкага свету[1]
Тыяра і сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]Апошнім Папам, які каранаваўся тыярай, быў Павел VI у 1963 годзе. Для яго была спецыяльна створана тыяра Міланскай дыяцэзіяй. Пасля каранацыі Паўла VI тыяра была змешчана на алтар базілікі Святога Пятра, а ў 1968 годзе яна была перададзена ў дар Базіліцы Беззаганнага зачацця ў Вашынгтоне[2]. Пасля гэтага ні Ян Павел I, ні Ян Павел II, ні Бенедыкт XVI, ні Францыск не каранаваліся тыярай (двое апошніх нават прыбралі тыяру з Папскага Герба)[3].
Зноскі
- ↑ П. ф. Винклер. Корона // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ Раздзел Papal Exhibit на сайце Базілікі Бязгрэшнага зачацця Архівавана 25 кастрычніка 2007. (англ.)
- ↑ Герб Бенедыкта XVI (англ.)
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Завальнюк У. М. Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы / У. М. Завальнюк, М. Р. Прыгодзіч, В. К. Раманцэвіч. — Мінск, Изд-во Гревцова, 2013. — 808 с. ISBN 978-985-6954-73-6.