Пераклад Бібліі Гадлеўскага
Чатыры Эванэліі і Апостальскія Дзеі | |
---|---|
Поўная назва | Čatyry Ewanelii i Apostalskija Dziei |
Мова | беларуская |
НЗ выдадзены | 1939 |
Аўтар(ы) | Вінцэнт Гадлеўскі |
Канон | каталіцкі |
Вэб-старонка | Беларуская палічка, Библия Онлайн |
Перакла́д Гадле́ўскага — чатыры беларускамоўныя Евангеллі і Апостальскія дзеянні, выдадзеныя лацінкай у 1938 годзе ў перакладзе ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага.
Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]У 1930 выйшла з друку «Historyja świataja abo Biblijnaja Staroha Zakonu», а праз два гады — «Historyja świataja abo Biblijnaja Nowaha Zakonu», якія з’яўляліся аўтарскай інтэрпрэтацыяй тэкстаў Бібліі. Адным з першых Гадлеўскі паказаў лінгвістычныя магчымасці беларускай мовы ў жанры біблейскай гісторыі. Гэтая праца стала для яго падрыхтоўчай у справе перакладу на беларускую мову Бібліі[1].
У сувязі з выхадам пратэстанцкага перакладу Новага Запавету (Дзекуць-Малей/Луцкевіч) група каталіцкіх святароў звярнулася да Папы Рымскага Пія XI з мемарандумам пра тое, што «народ можа стаць ахвяраю „сектанцкіх“ уплываў, калі каталіцкія святары ў Беларусі і далей не мецьмуць магчымасці карыстацца роднай мовай»[1]. Паводле згадкі Гая Пікарды, Вінцэнт Гадлеўскі пачаў працу над перакладам у 1933 годзе, «каб проціпаставіцца поспеху нядаўна выдадзенага перакладу гэтай кнігі[заўв 1], зробленага метадыстамі, які мае дагматычныя памылкі, а таксама шматлікія недасканаласці ў беларускай мове»[1].
Пераклад
[правіць | правіць зыходнік]Пераклад быў зроблены з лацінскага тэксту Вульгаты, а таксама з нямецкіх, польскіх, французскіх і грэчаскіх тэкстаў[1]. «Čatyry Ewanelii i Apostalskija Dziei» былі падрыхтаваны ў 1938 годзе і выдадзеныя лацінкай у 1939. Перакладчык выкарыстоўваў уласцівую для польскай мовы рэлігійную тэрміналогію і карыстаўся польскай тапанімікай.
Гай Пікарда, параўноўваючы гэты пераклад з варыянтам Луцкевіча[заўв 2], называў яго больш дакладным, але ж горшым у літаратурным сэнсе; пазнейшыя ж пераклады Пятра Татарыновіча і Яна Станкевіча, без сумневу, саступалі варыянту Гадлеўскага[1].
Вінцэнт Гадлеўскі пачаў працу над перакладам і Старога Запавету, аднак загінуў падчас савецка-нямецкай вайны ад рук гестапа. Ягоную працу працягнуў Пётр Татарыновіч, выдаўшы ў 1954 у Рыме каментаваныя «Sviatuju Evaneliju i Apostolskija Dziei», а ў 1974 — «Listy Sviatych Apostalau». Аднак яго пераклад, зазнаўшы значны ўплыў выдання Гадлеўскага, таксама моцна насычаны паланізмамі.
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Wincent Hadleǔski. Historyja Świataja abo Biblijnaja Staroha Zakonu. — Wilnia: Biełaruskaje Katalickaje Wydawiectwa, 1930. — 151 с.
- Wincent Hadleǔski. Historyja Świataja abo Biblijnaja Nowaha Zakonu. — Wilnia: Biełaruskaje Katalickaje Wydawiectwa, 1932. — 186 с.
- Čatyry Ewanelii i Apostalskija Dziei / Pierałažyǔ i padaǔ wyjaśnieńni ks. Wincent Hadleǔski Mahistar Teolohii. — Wilnia, 1939. — 417 с.
- Нядзельныя Евангеліі. — Другое выданне без змен. — Лондан, 1948.
- Чатыры Эванеліі / Пераклад кс. В. Гадлеўскага. — Гродна: Гродзенская Рымска-Каталіцкая дыяцэзія, 1998. — 120 с. — ISBN 985-6270-21-9.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д І.І. Трацяк. Шлях да беларускамоўнай Бібліі // Біблія ў кантэксце беларускай культуры: Вучэб. дапам.. — Гродна: ГрДУ, 2003. — С. 44-45. — ISBN 985-417-454-9.