Перайсці да зместу

Пераклад Новага Запавету Фёдара Клімчука

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Новый Завіт
Аўтар Фёдар Клімчук
Дата напісання 2000 год
Дата першай публікацыі 2010 год
Асобнае выданне 2010
Выдавецтва Мэджык
Колькасць старонак 392

Пераклад Новага Запавету Фёдара Клімчука — пераклад Новага Запавету на гаворку вёскі Сіманавічаў. Першы пераклад Новага Запавету на загародскую гаворку. Пры працы выкарыстоўваліся адпаведныя пераклады на беларускай, расейскай, царкоўнаславянскай, польскай, украінскай. Выданне асвечанае не было. Фёдар Клімчук займаўся перакладам 15 гадоў, скончыўшы яго ў 2000 годзе.

Фёдар Клімчук паўстагоддзя займаўся даследаваннем заходнепалескіх гаворак. Падобным перакладам ён хацеў захаваць гаворкі ў тым выглядзе, у якім яны дайшлі да нас. Спадар Клімчук не бачыў вялікіх перспектыў у дыялектаў, але выступае за тое, каб захаваць спадчыну, якая паступова знікае.

Працу Клімчук пачаў у сярэдзіне 1980-х гадоў, яшчэ пры атэістычнай савецкай уладзе. Спачатку перакладаў на родную гаворку іншыя творы, свецкага зместу, напрыклад, «Слова пра паход Ігараў». А потым знайшоў выданні Бібліі на розных мовах і прыступіў. На нейкі час прыпыніў працу, бо не мог засяродзіцца — трэба было штодзень хадзіць у Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук.

Да перакладу Бібліі ён вярнуўся ў 1993 годзе, калі выйшаў на пенсію. Перакладаў доўга і акуратна, выбіраў кожнае слова. Фёдар Клімчук казаў, што, вярнуўшыся да перакладу Новага Запавету, ён пачаў лепей спаць: замест таго каб таблеткі шукаць, пераклаў некалькі радкоў — і ўжо лепей спіцца.

Клімчук закончыў свой пераклад Евангелля ў 2000 годзе[1].

У 2010 годзе тыражом 200 асобнікаў была выдадзеная першая частка на сродкі Станіслава Арцюшчыка[1]. У яе ўваходзілі Чатырохевангелле, Дзеянні Святых Апосталаў, Першае пасланне да Карынфянаў[2].

Другая частка была надрукаваная ў 2019 годзе накладам 500 паасобнікаў. Новае выданне было большае аб’ёмам на 40 працэнтаў: гэта поўная праца Фёдара Клімчука над перакладам Евангелля. Спадар Клімчук не дажыў да гэтай падзеі ўсяго некалькі месяцаў. Сродкі на выданне збіраліся праз платформу «Ulej». Збор сродкаў і выданне арганізаваў Сяргей Доўгушаў са «Спеўнага сходу» ў рамках праекту «Tradycyja». Заказы на кнігі прыйшлі з розных месцаў Беларусі, а таксама з-за мяжы: з Ангельшчыны і Аўстраліі. Прэзентацыя другога выдання адбылася ў Менску 23 студзеня 2019 года, а 1 сакавіка ў Берасці.

  • Новый Завет Господа нашего Іісуса Хріста / Перевод на западнополесскій говор. — Мінск: Мэджык, 2010. — 392 с. — 200 экз.
  • Новый Завіт : Новы Запавет Госпада Нашага Ісуса Хрыста / пер. на заходнепалескую гаворку Фёдара Данілавіча Клімчука. — Мінск: Медысонт, 2019. — 322 с. — 500 экз. — ISBN 9789857199570.

Зноскі