Пратэразой

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пратэразой (грэч. πρότερος — першы, найстарэйшы, грэч. ζωή — жыццё) — геалагічная эпоха, якая ахоплівае перыяд ад 2500 да 541,0 ± 1,0 млн гадоў назад. Разглядаецца як асобны геалагічны эон, што прыйшоў на змену архею і стаў самым працяглым у гісторыі Зямлі[1]. Таксама разам з археем уключаецца ў дакембрый. Вызначаецца і як асобная пратэразойская акратэма (акрон)[2] або эра[3].

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Эазой, эазойскі перыяд (стар.-грэч.: ἕως — світанак, эазой — світанак жыцця) — цяпер састарэлы тэрмін, прапанаваны ў 1865 годзе нямецкім геолагам Бернгардам Кота [4] (1808—1879), прафесарам Фрэйбергскай Горнай Акадэміі, у кнізе «Геалогія нашага часу» ў якасці элемента геахраналагічнай шкалы.[5] Выкарыстоўваўся Dawson, 1868 для абазначэння ўсіх дакембрыйскіх утварэнняў, галоўным чынам пратэразойскіх.[6] Уласна тэрмін пратэразой быў прапанаваны ў 1888 годзе амерыканскім геолагам Э. Эмансам[7]

Перыядызацыя[правіць | правіць зыходнік]

Пратэразой падзяляецца на 3 эры:

З пункту гледжання развіцця жыцця архейская ды пратэразойская эры аб'ядноўваюцца ў эон — крыптазой, калі жывёльны свет быў прадстаўлены бесшкілетнымі формамі. Каля 570 млн гадоў таму назад распачынаецца новы эон — фанеразой, калі ў жывёльным свеце развіваюцца шкілетныя формы.

Найбольш значныя падзеі[правіць | правіць зыходнік]

  • Кіслародная катастрофа ў палеапратэразоі, з'яўленне азонавага слою планеты. Раней існавала здагадка, што праз 600 млн гадоў пасля пачатку пратэразою, каля 2 млрд гадоў назад, утрыманне кіслароду дасягнула так званага «пункта Пастэра» — каля 1 % ад яго ўтрымання ў атмасферы, сучаснай нам. Вучоныя лічаць, што такая канцэнтрацыя кіслароду дастатковая для таго, каб забяспечыць устойлівую жыццядзейнасць аднаклетачных аэробных арганізмаў. Цяпер, аднак, даказана, што не пазней 2,4 млрд гадоў назад утрыманне кіслароду ў атмасферы ўжо дасягнула прыкладна 10 % ад сучаснага — адбылася кіслародная катастрофа [1] Архівавана 9 мая 2013., [2] Архівавана 30 верасня 2011..
  • Фармаванне сучаснага аб'ёму сусветнага акіяна[8].
  • Найбольш працяглае ў гісторыі Землі гуронскае зледзяненне (2,4-2,1 млрд гадоў назад); некалькі эпох глабальнага зледзянення ў познім неапратэразоі;
  • З адкладаў раннепратэразойскай групы вядомы страматаліты — прадукт жыццядзейнасці сіне-зялёных водарасцяў. Затым адбылося з'яўленне шматклетачных арганізмаў: губкі, грыбы. Канец пратэразою (венд) можна назваць «векам медуз»[9].
  • Вынікам жыццядзейнасці пракарыётаў (бактэрый і аднаклеткавых водарасцей, якія жылі, відаць, і на сушы, у плёнках вады паміж мінеральнымі часціцамі ў зонах частковага затаплення каля вадаёмаў) стала ўтварэнне глебы.

Геатэктанічнае развіццё[правіць | правіць зыходнік]

Да пачатку пратэразою завяршылася кратанізацыя зямной кары. Скучванне яе глыб прывяло да ўтварэння гіганцкага адзінага кантынента Пангея-0 (гл. Пангея). На працягу карэлію развіваліся протагеасінкліналі, якія падзялілі Пангею-0 на вялікую колькасць протаплатформ. У канцы карэлію (1,8—1,7 млрд г. назад) протагеасінкліналі моцна спаялі протаплатформы складкавымі сістэмамі. Утварыўся суперкантынент Пангея-1, які ў познім рыфеі распаўся на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію.

Да пачатку позняга пратэразою ў складзе Пангеі сфарміраваўся крышталічны падмурак усіх старажытных платформ. На працягу позняга пратэразою на платформах намнажаліся разнастайныя комплексы парод асадкавага чахла. Мацярык Пангея, які меў ужо магутную грана-гнейсавую аснову, раскалоўся глыбіннымі разломамі на глыбы (пліты). Там, дзе краі гэтых пліт разыходзіліся, зноў пачалі развівацца палеаакіяны (геасінклінальныя паясы). У будове сучаснай зямной кары глыбы грана-гнейсавага складу ўяўляюць сабой падмуркі старажытных платформ, што з'яўляюцца каранямі тагачасных гор. З фарміраваннем паміж кантынентальнымі глыбамі новых палеаакіянаў пачаўся якасна іншы плітны этап у развіцці Зямлі — неагей, які характарызаваўся дыферэнцыраваным геасінклінальна-платформенным тэктанічным рэжымам.

У познім пратэразоі ўзніклі і развіваліся старажытныя акіяны (Вялікія геасінклінальныя паясы): Палеаарктычны акіян (Арктычны геасінклінальны пояс), Палеаазіяцкі акіян (Урала-Мангольскі геасінклінальны пояс), Палеаатлантычны акіян (Атлантычны геасінклінальны пояс), акіян Тэціс (Міжземнаморскі геасінклінальны пояс), па краі Ціхага акіяна развіваецца па сёняшні час аднаіменны геасінклінальны пояс.

Да заканчэння позняга пратэразою з праявай байкальскага тэктагенезу, які меў дзве фазы: раннебайкальскую (позні рыфей) і познебайкальскую (венд — ранні кембрый), на месцы познепратэразойскай акіянічнай зямной кары ўзнікла маладая байкальская складкаватасць. У выніку далейшай эвалюцыі на большасці байкальскіх складкаватых сістэм заклаліся новыя геасінклінальныя паясы. Устойлівыя байкаліды ў будове сучаснай зямной кары разам са старажытнымі платформамі утварылі дакембрыйскія платформы.

У познім пратэразоі, з праявай байкальскага тэктагенезу, закончылі сваё развіццё і больш старажытныя Малыя геасінклінальныя паясы: Унутрыафрыканскі і Бразільскі, у выніку чаго канчаткова кансалідаваўся паўдневы мацярык Гандвана. У будове сучасных мацерыкоў, якія ўзніклі пасля расколу Гандваны, вылучаюць Амерыканскую, Афрыканскую, Iндастанскую, Аўстралійскую і Антарктычную платформы. Старажытнымі называюць іх умоўна, правільна ж іменаваць дакембрыйскімі. Да праявы байкальскага тэктагенезу платформы існавалі ў іншым выглядзе: Паўднёва-Амерыканская; Усходне-Бразільска-Паўночна-Афрыканская; Паўднёва-Афрыканска-Iндастанска-Аўстралійска-Антарктычная. Пасля таго як Гандвана праіснавала ўвесь палеазой у выглядзе цэльнага мацерыка, у мезазоі яна распалася па рыфтавых структурах.

Арганічны свет[правіць | правіць зыходнік]

Мяркуюць, што арганічны свет ранняга пратэразою быў даволі разнастайны. Абагачэнне атмасферы кіслародам за кошт жыццядзейнасці водарасцяў напачатку пратэразою справадзіла з'яўленне мнагаклетачных арганізмаў яшчэ без дыферэнцыраваных тканак. Найбольш прымітыўнымі з іх былі парыферы, пазней паявіліся кішачнаполасцевыя, што мелі экта- і эндадэрмы, якія ў далейшым далі пачатак розным тканкам.

У познім пратэразоі сіне-зялёныя водарасці былі асноўнымі пародаўтваральнымі арганізмамі вапнякоў. Верагодныя рэшткі жывёл вядомы толькі з адкладаў венду (вярхоў верхняга пратэразою), у якіх яны ўжо прадстаўлены амаль усімі тыпамі беспазваночных, праўда, прымітыўнымі формамі, без шкілетных утварэнняў. Палеанталагічны матэрыял, што знаходзіцца ў навукоўцаў, складаецца з адбіткаў мядуз, каралаў, трубачак чарвякоў, праблематычных прымітыўных іголкаскурых, двухстворкавых ракавін нейкіх ракападобных і розных арганізмаў нявысветленага паходжання з мікрасферычнымі шкілетамі. Пратэразой характарызуецца хуткай эвалюцыяй беспазваночных, да пачатку палеазою жывёльны свет прайшоў вельмі складаны і працяглы шлях развіцця.

Адначасовае паяўленне шкілета ў многіх груп жывёл, якія знаходзіліся на розных узроўнях эвалюцыі, азначае грунтоўную перабудову арганізмаў, што, павінна, было выклікана звонкавымі з'явамі. На іх перабудову, магчыма, уплывала змяненне газавага складу атмасферы ў бок памяншэння колькасці вуглякіслага газу і павелічэння кіслароду. Гэта абумовіла мяжу паміж дакембрыем і фанеразоем. Вучоныя мяркуюць, што дакембрыйскія воды адрозніваліся перанасычэннем хлорам, аміяком ці вуглякіслым газам і няўстойлівым салявым рэжымам. У такім асяроддзі, падпарадкоўваючыся чыста хімічным заканамернасцям, шкілет не мог сфарміравацца. Акісленне тагачасных атмасферных газаў першымі порцыямі кіслароду паўплывала на змяненне характару марского асяроддзя, якое стала хларыда-вапнава-фасфатным. З другога боку, утварэнне азонавага слоя забяспечыла зніжэнне ўзроўню ўльтрафіялетавай радыяцыі. Названыя фактары, верагодна, і садзейнічалі паяўленню шкілетаў у жывёл напачатку фанеразою.

Стратыграфія[правіць | правіць зыходнік]

Пароды пратэразою разам з архейскімі складаюць фундамент старажытных платформ і выходзяць на паверхню на шчытах (Украінскі, Балтыйскі, Алданскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах.

Паводле саставу, ступені метамарфізму і характару складкавасці пароды ніжняга пратэразою падобныя на архейскія, пераважна адпавядаюць амфібалітавай і зяленасланцавай фацыям метамарфізму, у меншай ступені праявіліся гранітызацыя і мігматызацыя; часцей трапляюцца карбанатныя пароды, розныя гнейсы і сланцы. Пароды ніжняга пратэразою прарваны інтрузіямі гранітаў і габроідаў. Для завяршальнага этапу магматызму ў пратэразоі на Балтыйскім шчыце і ў фундаменце Рускай пліты характэрны граніты рапаківі, прымеркаваныя да мяжы карэлію і рыфею.

Пароды верхняга пратэразою больш блізкія да палеазойскіх і прадстаўлены неметамарфізаванымі і слабаметамарфізаванымі тэрыгеннымі (пясчанікі, кварцыты, кангламераты, гліны, аргіліты), карбанатнымі (вапнякі, мармур) і вулканагеннымі адкладамі.

У асадкавых пародах пратэразою пашыраны (пераважна ў верхнім пратэразоі) арганічныя рэшткі — прадукты жыццядзейнасці бактэрый, цыянабактэрый і сіне-зялёных водарасцей (страматаліты, анкаліты, фіталіты). У познім рыфеі прысутнічаюць рэшткі мікрафлоры, у вендзе — мнагаклетачных бесшкілетных жывёлін — чарвей, медузоідаў і інш.

Карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

Ранні пратэразой быў часам жалезаруднага назапашвання (напрыклад, Крыварожскі жалезарудны басейн, Курская магнітная анамалія, Аколаўскае радовішча жалезных руд.

На поўдні Афрыкі ў гэты ж час утвараліся золата-ўрана-пірытавыя кангламераты.

Позні пратэразой вядомы жалезнымі рудамі (напрыклад, Урал), медна-поліметалічнымі рудамі (напрыклад, Аўстралія), а таксама ўранавымі, кобальтавымі, меднымі, алавянымі рудамі.

Зноскі

  1. Міжнародная стратыграфічная шкала (версія за жнівень 2017) на сайце Міжнароднай камісіі па стратыграфіі
  2. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
  3. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
  4. Котта, Бернгард // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  5. О биосфере Земли — Планета и царства природы — Среда обитания — ru-mo — Персональный сайт ru-mo
  6. ЭОЗОЙСКАЯ ГРУППА, ЭОЗОЙ
  7. Докембрий(недаступная спасылка)
  8. Гісторыя атмасферы і гідрасферы
  9. Пратэразойская эра Архівавана 10 лютага 2009.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]