Перайсці да зместу

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі (1999)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 1999 года — палітычная акцыя па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая адбылася 16 мая 1999 года.

Пасля рэферэндума 24 лістапада 1996 года ў Беларусі склалася сітуацыя суіснавання легітымных безуладных і нелегітымных пануючых органаў улады. Створаны паводле ўведзенай у дзеянне пасля рэферэндума канстытуцыі двухпалатны парламент — Нацыянальны сход — не быў прызнаны міжнароднай супольнасцю, а легітымны Вярхоўны Савет, хоць і дзейнічаў, але згубіў магчымасць выконваць заканадаўчыя і прадстаўнічыя функцыі, бо ажыццяўленне яго пастаноў нічым не забяспечвалася.

Тым не менш, Вярхоўны Савет працягваў дзейнічаць як прызнаны Еўрапарламентам заканадаўчы орган Беларусі. З лютага 1997 года максімальная колькасць дэпутатаў на пасяджэннях Вярхоўнага Савета не перавышала 50 чалавек, а тэрмін «парламентскія сесіі» саступіў перавагу больш сціпламу вызначэнню — «дэпутацкія сходы».

Працягваючы выконваць Канстытуцыю 1994 года, Вярхоўны Савет не прызнаў працягнення паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі на два гады (паводле ўведзенай у дзеянне канстытуцыі 1996 года прэзідэнцкі тэрмін адлічваўся з 1996 года тэрмінам на пяць год). Такім чынам, паўнамоцтвы прэзідэнта сканчаліся 20 ліпеня 1999 года. На гэтай падставе дэпутаты Вярхоўнага Савета прызначылі прэзідэнцкія выбары на 16 мая 1999 года.

Ход выбарчай кампаніі

[правіць | правіць зыходнік]

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў сутыкнуўся з супрацьдзеяннем уладаў. Беларускае тэлебачанне паказала шэраг прапагандысцкіх перадачаў, у якіх на зборшчыкаў подпісаў «палявалі» супрацоўнікі міліцыі. Міністэрства юстыцыі за ўдзел у правядзенні прэзідэнцкіх выбараў вынесла афіцыйныя папярэджанні партыям Беларускі народны фронт, АГП і Беларускаму Хельсінкскаму камітэту. Дзяржаўны камітэт у справах друку выносіў папярэджанні сродкам масавай інфармацыі за інфармацыйную падтрымку выбараў.

31 сакавіка абедзве ініцыятыўныя групы прадставілі ў ЦВК сабраныя за кандыдатаў подпісы: за кожнага каля 130 тысяч. У той самы дзень Зянон Пазняк і Міхаіл Чыгір былі зарэгістраваны кандыдатамі. На наступны дзень, 1 красавіка, Міхаіл Чыгір быў арыштаваны па абвінавачанні ў эканамічных злачынствах, нібыта ўчыненых у 1993—1994 гадах, калі ён узначальваў «Белаграпрамбанк».

У сувязі з немагчымасцю арганізацыі стацыянарных участкаў для галасавання ЦВК прыняў рашэнне правесці галасаванне з 6 па 16 мая шляхам абыходу выбаршчыкаў. Такім чынам, выбары не маглі адпавядаць стандартам АБСЕ, і стала немагчымым запрасіць назіральнікаў ад гэтай арганізацыі, а разам з тым і атрымаць міжнароднае прызнанне вынікаў галасавання.

Пасля пачатку галасавання Зянон Пазняк зняў сваю кандыдатуру на падставе «шматлікіх парушэнняў» з боку кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара цягам падрыхтоўкі і правядзення выбарчай кампаніі[1]. Пасля гэтага выбары канчаткова згубілі сэнс, а рашэнне Пазняка выклікала крытыку часткі партыйцаў і ў далейшым раскол у БНФ.

19 мая былі падведзены вынікі выбараў. Паводле звестак старшыні ЦВК, удзел у выбарах прынялі 53% выбаршчыкаў, але пераможца не быў абвешчаны.

Па сутнасці, спроба правесці выбары стала палітычнай акцыяй, якая паказала, што існуе неабходнасць ператварэнняў грамадства на падставе Канстытуцыі 1994 года. Адбылася актывізацыя беларускага грамадства і якасныя змены ў дэмакратычнай апазіцыі.

Восенню 1999 года крызіс, які ўзнік пасля выказванняў Зянона Пазняка на адрас старшыні ЦВК Віктара Ганчара, скончыўся расколам БНФ на дзве структуры: партыю БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі і Кансерватыўна-Хрысціянскую партыю — БНФ на чале з Зянонам Пазняком.

Дзейнасць самога Вярхоўнага Савета была дэзарганізаваная ад’ездам яго старшыні Сямёна Шарэцкага ў Літву. Выконваць абавязкі старшыні ўзяўся Віктар Ганчар, але яго знікненне ў верасні 1999 года фактычна паклала канец дзейнасці Вярхоўнага Савета.

21 жніўня 1999 года дэпутаты Вярхоўнага Савета, верныя Канстытуцыі 1994 года, прызначылі Сямёна Шарэцкага выконваючым абавязкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Зноскі

  1. Гісторыя Партыі БНФ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 лютага 2018. Праверана 20 сакавіка 2018.