Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі (2014)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі 27-га склікання адбыліся 23 сакавіка 2014 года. На месцы ў 1328 Саветах дэпутатаў будзе абрана 18 816 прадстаўнікоў. Акрамя мясцовых выбараў, у Гомельска-Навабеліцкай выбарчай акрузе №36 адбудуцца выбары дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, бо перад парламенцкімі выбарамі 2012 года кандыдат ад улады быў зняты з выбараў, а адзіны кандыдат, які застаўся, не здолеў атрымаць неабходную колькасць галасоў[1].

Агульная інфармацыя[правіць | правіць зыходнік]

Загад пра правядзенне выбараў Аляксандр Лукашэшка падпісаў 16 снежня 2013 года[2]. 17 снежня Цэнтральная выбарчая камісія зацвердзіла каштарыс расходаў у памеры 100 мільярдаў рублёў, з якіх 60% плануецца накіраваць на выплаты ўдзельнікам выбарчых камісій; расходы на выбары дэпутата ў Гомелі зацверджаны ў памеры 1,25 мільярдаў рублёў[3].

З 18 816 дэпутатаў 1328 мясцовых Саветаў дэпутатаў большасць будзе прадстаўляць сельскія саветы:

  • Сельскія саветы — 1160 саветаў і 13 638 месцаў;
  • Пасялковыя саветы — 19 саветаў і 237 месцаў;
  • Саветы гарадоў раённага падпарадкавання — 14 саветаў і 248 месцаў;
  • Саветы гарадоў абласнога падпарадкавання — 10 саветаў і 368 месцаў;
  • Раённыя саветы — 118 саветаў і 3913 месцаў;
  • Абласныя саветы і Мінскі гарадскі савет — 7 саветаў і 412 месцаў[4].

За тыдзень да зацверджання загада пра правядзенне выбараў, 8 снежня 2013 года, увайшлі ў сілу папраўкі ў выбарчае заканадаўства, і новыя выбары пройдуць ужо у адпаведнасці з новымі правіламі. У прыватнасці, будзе забаронена агітацыя за байкот выбараў, а кандыдаты павінны будуць друкаваць агітацыйныя матэрыялы за ўласныя сродкі, якія, аднак, абмяжоўваюццца 1,3 ці 3,9 мільёнамі рублёў у залежнасці ад узроўня савета[1].

Вылучэнне кандыдатаў. Выбарчая кампанія[правіць | правіць зыходнік]

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты пачалося 12 студзеня 2014 года і доўжылася да 10 лютага. Рэгістрацыя кандыдатаў праводзілася з 11 да 20 лютага; пасля яе заканчэння пачалася агітацыйная кампанія, якая доўжылася да 22 сакавіка. Датэрміновае галасаванне праводзілася з 18 да 22 сакавіка[5].

На 18 816 месцаў было пададзена 23 799 заяў, з якіх было ўхвалена 22 784. Такім чынам, у сярэднім па Беларусі на адно дэпутацкае месца прыпадае 1,2 кандыдата. Найменшая канкурэнцыя — на месцы ў сельсаветах і пасялковых саветах (1,1 кандыдата на месца), крыху вышэй — у саветы гарадоў раённага падпарадкавання (1,2) і раённыя саветы (1,3). У астатніх саветах канкурэнцыя значна вышэйшая: у саветы гарадоў абласнога падпарадкавання — 2,1, у абласныя саветы — 2,3. Найбольшая канкурэнцыя назіраецца ў Мінску, дзе на 57 месцаў пададзена 345 заяў і зарэгістравана 270 кандыдатаў — 4,7 кандыдата на месца[6].

63,8% кандыдатаў у дэпутаты было вылучана грамадзянамі з дапамогай збору подпісаў, 32,7% — працоўнымі калектывамі, 3,4% — палітычнымі партыямі. З партый больш за ўсіх вылучылі Камуністычная партыя Беларусі (277), Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі (159), Беларуская партыя аб'яднаных левых «Справядлівы свет» (119), Аб'яднаная грамадзянская партыя (111), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (51), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (50) і Партыя БНФ (35)[6].

47,3% кандыдатаў з'яўляюцца дзеючымі дэпутатамі мясцовых саветаў, колькасць жанчын сярод кандыдатаў — 46,3%, грамадзян маладзей за 30 год — 5,2%. Найбольшая колькасць кандыдатаў працуе ў сацыяльнай сферы (адукацыя, культуры, навука, ахова здароўя) — 28,2% і сельскай гаспадарцы — 22,7%. У органах дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных установах працуе 11,8% кандыдатаў, у прамысловасці, транспарце і будаўніцтве — 9,7%. Сярод кандыдатаў у Мінскі гарадскі савет, аднак, 24,1% прадстаўляе сацыяльную сферу, 20,7% — прамысловасць, транспарт і будаўніцтва, 16,3% — прадпрымальнікаў[6].

У Гомельска-Навабеліцкай выбарчай акрузе №36 на адзінае месца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прэтэндуе 7 кандыдатаў[7].

Партыя Колькасць
Вылучыла кандыдатаў Абраных дэпутатаў
Ліберальна-дэмакратычная партыя 125 0
Аб'яднаная грамадзянская партыя 67 0
Партыя БНФ 42 0
Камуністычная партыя Беларусі 308 206
Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» 85 0
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) 44 0
Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці 64 34
Беларуская патрыятычная партыя 3 0
Беларуская партыя «Зялёныя» 0 0
Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ 0 0
Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» 0 0
Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды 3 0
Рэспубліканская партыя 0 0
Беларуская аграрная партыя 6 6
Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя 3 2
Партыя свабоды і прагрэсу 0 0
Партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя 0 0
Беларуская партыя працоўных 0 0
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) 0 0


Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]