Парламенцкія выбары ў Беларусі (2019)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
< 11 верасня 2016  Беларусь
Парламенцкія выбары ў Беларусі
17 лістапада 2019
Constituencies in parliamentary elections in Belarus 2019.svg
Схема аднамандатных акругаў

Парламенцкія выбары прайшлі ў Рэспубліцы Беларусь 17 лістапада 2019 года. Выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі не лічыліся[1]. Прызначаны ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Праходзілі ў два этапы — у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савет Рэспублікі — па розных сістэмах галасавання. ЦВК прызнала, што выбары адбыліся ва ўсіх акругах, а яўка перавысіла 77%. Пры гэтым афіцыйная яўка выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне склала 35,77%. У новы парламент не трапіў ніводзін прадстаўнік апазіцыі[2].

Сярод 63.646 сябраў участковых камісій, якія па законе павінны лічыць галасы выбаршчыкаў, толькі 21 чалавек з'яўляўся прадстаўніком незалежніцкіх сілаў.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання былі прызначаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 жніўня 2019 г. У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і выбары Прэзідэнта павінны былі адбыцца ў 2020 годзе — выбары дэпутатаў не пазней верасня 2020 г., а выбары прэзідэнта не пазней жніўня 2020 г. Яшчэ за два гады да прызначэння выбараў старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заяўляла ў СМІ, што не выключае перанос адной з выбарчых кампаній 2020 г. на больш ранні тэрмін. Паводле Л. Ярмошынай, рашэнне аб пераносе адной з выбарчых кампаній на 2019 г. будзе прымацца кіраўніцтвам краіны.

У красавіку 2019 г. Аляксандр Лукашэнка ў сваім традыцыйным штогадовым Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу заявіў, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Беларусь адбудуцца ў 2019 годзе. Такім чынам правядзенне парламенцкіх выбараў было прызначана на год раней за заканчэнне паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў папярэдняга склікання.

Удзельнікі[правіць | правіць зыходнік]

Сярод удзельнікаў парламенцкіх выбараў афіцыйна зарэгістраваныя партыі Рэспублікі Беларусь, а таксама шэраг незарэгістраваных партый, грамадскіх аб’яднанняў і беспартыйных кандыдатаў.

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

У Палату прадстаўнікоў было абрана 110 дэпутатаў, з іх 21 член палітычных партый.

Партыя Колькасць
Вылучыла кандыдатаў Зарэгістраваныя кандыдаты Абраных дэпутатаў
Ліберальна-дэмакратычная партыя 107 98 1
Аб’яднаная грамадзянская партыя 56 47 0
Партыя БНФ 38 31 0
Камуністычная партыя Беларусі 54 50 11
Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» 33 27 0
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) 43 30 0
Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці 43 40 6
Беларуская патрыятычная партыя 16 10 2
Беларуская партыя «Зялёныя» 7 4 0
Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ 0 0 0
Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» 20 14 0
Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды 1 0 0
Рэспубліканская партыя 6 5 0
Беларуская аграрная партыя 1 1 1
Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя 1 1 0
Партыя свабоды і прагрэсу 0 0 0
Партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя 27 0 0
Беларуская партыя працоўных 0 0 0
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) 0 0 0

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

У межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» назіранне ажыццяўлялася актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна». У аналітычнай справаздачы па выніках назірання за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу было адзначана, што выбары дэпутатаÿ у цэлым не адпавядалі шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама выбарчаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Найперш гэтыя высновы абумоўлены адсутнасцю роўнага доступу да дзяржаўных СМІ для ўсіх кандыдатаў, адсутнасцю бесстаронніх выбарчых камісій, фактамі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу на карысць праўладных кандыдатаў, фактамі прымусу выбарцаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, закрытасцю шэрагу выбарчых працэдур для назіральнікаў. Традыцыйна найбольшыя аргументы для крытыкі даюць непразрыстыя працэдуры падліку галасоў, што дае падставы для сур’ёзных сумневаў адносна адпаведнасці вынікаў такога падліку рэальнаму волевыяўленню выбарцаў[3].

Міжнародныя назіральнікі Парламенцкай асамблеі АБСЕ і БДІПЧ АБСЕ па выніках назірання прыйшлі да высновы, што выбары ў Палату прадстаўнікоў Беларусі не адпавядалі важным міжнародным дэмакратычным стандартам[4]. У сваёй папярэдняй ацэнцы Міжнародная місія БДІПЧ АБСЕ па назіранні за выбарамі заявіла, што парламенцкія выбары характарызаваліся агульным занядбаннем фундаментальных свабод сходаў, асацыяцый і выказвання. Акрамя таго, місія БДІПЧ АБСЕ адзначае, што агітацыйная дзейнасць ажыццяўлялася ў скарочаным аб’ёме і абмежавальных умовах, якія ў цэлым не мелі на ўвазе змястоўнай або канкурэнтнай палітычнай барацьбы[5]. Прэс-сакратар МЗС Беларусі А. Глаз у сваім каментары адказаў, што выбары праводзяцца для сваёй краіны і народа, а не ва ўгоду знешнім сілам[6].

Журналіст Юрый Дракахруст звярнуў увагу на беспрэцэдэнтную кампанію ціску на назіральнікаў на выбарах. Ён адзначыў, што раней Аляксандр Лукашэнка назіральнікам не пагражаў карамі, а Лідзія Ярмошына не заклікала пакараць назіральніка, які зафіксаваў парушэнні[7][8].

Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч заўважыў, як на падзенне даверу насельніцтва да ўладаў апошнія ў адказ уключылі рэпрэсіўны механізм. Ён мяркуе, што, апынуўшыся ў сітуацыі канфлікту з Расіяй, Аляксандр Лукашэнка ўнікае ўсялякага ціску і ўплыву з боку грамадства[9].

Лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў звярнуў увагу, што ў парламент прайшлі прадстаўнікі маладога пакалення. Напрыклад, стала дэпутатам дачка былога віцэ-прэм'ера Аляксандра Папкова, адбылася перадача Ліберальна-дэмакратычнай партыі ад бацькі да сына. Такім чынам, паводле яго меркавання, адпрацоўваецца схема перадачы ўлады на самым высокім узроўні ад бацькі да сына[10].

Выявы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі