Су (культура)
Су Жалезны век | |
---|---|
Геаграфічны рэгіён | Цэнтральная Афрыка |
Лакалізацыя | Чад, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, Нігерыя, Камерун |
Датаванне | XVI ст. да н. э. — XVI ст. н. э. |
Тып гаспадаркі | сельская гаспадарка, рамяство |
Даследчыкі | Марсель Грыёль |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Су, таксама со, саа, сао (фр.: Saô, Saou, Sow, So, Sô, Soo, Sao) — археалагічная культура эпохі жалезнага веку ў Цэнтральнай Афрыцы. Ахоплівала перыяд прыкладна XVI ст. да н. э. — XVI ст. н. э.
Вывучэнне
[правіць | правіць зыходнік]Назва су паходзіць з чадскіх моў і адносіцца да легендарных насельнікаў позніх гарадоў гэтай археалагічнай культуры. Згодна з міфалогіяй чадскіх народаў, людзі су мелі вялікі рост і былі аб’яднаны ў супольнасці па патрыярхальнай прыкмеце. Некаторыя звесткі, меркавана пра познюю культуру су, таксама можна сустрэць у сярэднявечных арабскіх крыніцах. У навуковы зварот паняцце культуры су ўвёў французскі этнограф Марсель Грыёль, які наведваў раён на поўдзень ад возера Чад падчас трансафрыканскай экспедыцыі 1931—1933 гг. Толькі ў другой палове XX ст. археалагічныя даследаванні дазволілі выявіць рэгіянальныя і храналагічныя адрозненні ў развіцці культуры, а таксама вылучыць асобныя археалагічныя культуры ў яе складзе.
Фарміраванне
[правіць | правіць зыходнік]Першыя даследчыкі культуры су высунулі гіпотэзы аб яе фарміраванні дзякуючы вонкаваму ўплыву ў выніку перасялення гіксосаў або нават асірыйцаў. Пры гэтым яны абапіраліся на некаторае падабенства найбольш старажытных артэфактаў з паўночнаафрыканскімі, а таксама на факт ранняга распаўсюджання жалеза ў 1 тысячагоддзі да н. э. Да канца XX ст. павелічэнне знаходак прывяло да вылучэння мясцовых адметнасцей культуры. Акрамя таго, сцвердзіўся пункт гледжання, што здабыча і перапрацоўка жалеза ўзнікла ў сахелі незалежна ад еўразійскіх культур. Такім чынам, перавагу атрымаў пункт гледжання, што заснавальнікамі культуры су былі чадскія народы. Але невядома, ці складалі яны адзіную этнічную і моўную супольнасць.
Фарміраванне культуры су не ўяляла сабою паступальнага руху. Традыцыі археалагічнай культуры склаліся ў сярэдзіне 2 тысячагоддзя да н. э., калі ў рэгіён фіргі на поўдзень ад возера Чад, знакаміты сваімі гліністымі глебамі, пачалі перасяляцца плямёны з поўначы, якія займаліся жывёлагадоўляй і рыбалоўствам. Да сярэдзіны 1 тысячагоддзя да н. э. яны асвоілі земляробства, здабычу і выплаўку медзі, бронзы і жалеза, пачалі будаўніцтва прасторных умацаваных паселішчаў, што маглі прэтэндаваць на званне гарадоў. Каля 700 г. да н. э. узнікла традыцыя вырабу буйных керамічных пасудзін, упрыгожаных разьбянымі паяскамі.
Праз 500 гадоў мясцовае насельніцтва вярнулася да перавагі жывёлагадоўлі і пастаральнага ладу жыцця. Ранейшыя буйныя населеныя пункты прыйшлі ў заняпад, але з’явіліся новыя, нават буйнейшыя па плошчы. Некаторыя старыя населеныя пункты працягвалі сваё існаванне. Так, раскопкі ў 1960-я гг. каля Мдагі на захадзе Чада паказалі, што ўмацаванае паселішча там бесперапынна існавала з V ст. да н. э. да XVIII ст. н. э. Новы паступовы пераход да земляробчага сталага ладу жыцця адбыўся ў другой палове 1 тысячагоддзя н. э.
Росквіт і заняпад
[правіць | правіць зыходнік]У другой палове 1 тысячагоддзя — першай палове 2 тысячагоддзя ўздоўж ракі Шары і яе прытокаў сфарміраваўся комплекс гарадскіх культур, які традыцыйна дзякуючы Марселю Грыёлю даследчыкі называюць цывілізацыяй су, хаця сучасныя навукоўцы часцей характарызуюць іх як множнасць грамадстваў са сваёй спецыфікай. Толькі на тэрыторыі Чада і Камеруна захавалася болей за 350 археалагічных помнікаў эпохі су. Вылучаюцца помнікі наступных тыпаў:
- Су 1: малыя нізкія курганы, што меркавана выкарыстоўваліся ў рытуальных мэтах, тут знаходзяць невялікія тэракотавыя скульптуры.
- Су 2: вялікія курганы з глінянымі мурамі, дзе скульптуры сустракаюцца значна часцей, меркавана з’яўляліся некропалямі.
- Су 3: штучныя доўгія курганы без істотных знаходак.
Су былі знакаміты вырабам буйных керамічных пасудзін. Частка з іх выкарыстоўвалася для пахавання. Звычай памяшчаць памерлых у гліняныя збаны практыкаваўся з XII — XIII стст., але адышоў у нябыт каля XV ст. Пахавальны збан зачынялі зверху іншым збанам або невялікім яйкападобным гаршчком. Су таксама выраблялі малыя і вялікія скульптуры з антрапаморфнымі і зааморфнымі рысамі. У адрозненне ад скульптур іншай старажытнай афрыканскай культуры Нок, яны не былі полымі ўнутры. Гліна ўжывалася для вытворчасці пацерак і іншых упрыгожванняў, хаця таксама сустракаліся ўпрыгожванні з медзі, жалеза, латуні і г. д. Галоўнай сельскагаспадарчай культурай было проса. У некаторых раёнах назіралася перавага пастаральнай жывёлагадоўлі.
Паводле арабскіх крыніц, су не мелі адзінай дзяржавы і падзяляліся на самастойныя супольнасці, якія сучасныя гісторыкі вызначаюць як правадырствы, манархіі або гарады-дзяржавы. Іх насельніцтва было сацыяльна распластаваным, вылучаліся людзі з высокім грамадскім статусам, што перадаваўся па спадчыне і залежаў ад прыналежнасці да пэўнага патрыярхальнага роду.
Су прыходзілася абараняцца ад суседніх дзяржаў Канем і Борну. У познім сярэднявеччы частка іх тэрыторый была захоплена, астатнія выплачвалі даніну. Спецыялісты лічаць, што культура су захоўвала свае адметныя рысы да XVI ст., але пасля была ісламізавана. У Чадзе, Камеруне, ЦАР і Нігерыі захоўваюцца этнічныя супольнасці, што атаясняюць су са сваімі прамымі продкамі. Найбольш шматлікая з іх — катока.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Encyclopædia Universalis
- LA CIVILISATION SAO
- Lost in the Mists of Time: The Ancient Sao Civilization in Central Africa
- Dierk Lange The Emergence of social complexity in the southern Chad Basin towards 500 BC: Archaeological and other evidence
- Dierk Lange Immigration of the Chadic-speaking Sao towards 600 BCE
- Magnavita, C. Graham Connah: The So Pots of Central Africa: Memories of the Past. Afr Archaeol Rev 38, 379—381 (2021)