Перайсці да зместу

Сібірскае ханства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Сібірскае ханства
Себер ханлыгы
1495 — 1598

Сталіца Кашлык
Афіцыйная мова Old Tatar[d]
Форма кіравання манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сібі́рскае ханства (татар.: Себер ханлыгы) — дзяржава сібірскіх татараў у Заходняй Сібіры (14901598 гг.).

Цюменскае ханства

[правіць | правіць зыходнік]

У XIII ст. цюркі поўдня Заходняй Сібіры трапілі ў склад улуса Джучы. Ужо пры жыцці Бату-хана ў яе складзе вылучыўся ўлус яго брата Шыбана[ru], што займаў тэрыторыю сучасных Заходняй Сібіры і захаду Казахстана. Нашчадкі Шыбана карысталіся значнай аўтаноміяй. З другой паловы XIV ст. Шыбанідам прыходзілася абараняць свае валоданні ад іншых чынгізідаў. У выніку проціборства ў сярэдзіне XIV ст. вылучылася Цюменскае ханства, першапачаткова залежнае ад Залатой Арды. Пасля паражэння ад Тамерлана ў 1396 г. сюды збёг хан Тахтамыш.

У 1464 г. у Цюменскім ханстве ўладу захапіў шыбанід Ібак. З дапамогай шлюбу ён здолеў пашырыць свае валоданні ў Заходняй Сібіры і пачаць актыўную знешнюю палітыку, у тым ліку паходы на ўсход Еўропы, выступаў у якасці пасрэдніка паміж нагайцамі і Вялікім Княствам Маскоўскім. Аднак у 1495 г. ён быў забіты Магметам, валадаром паселішча Кашлык.

Фарміраванне Сібірскага ханства

[правіць | правіць зыходнік]

Відавочна, сібіры, што насялялі сярэдні Іртыш і Табол не ўваходзілі ў склад Цюменскага ханства. Яны падпарадкоўваліся валадарам «тайбугіна роду». Тайбугін магло значыць асабістае імя мясцовага мурзы, але большасць даследчыкаў лічыць, што гэта быў тытул прадстаўніка Тахтамыша або Едыгея. Ібак ажаніўся з дачкой тайбугінскага правадыра Мара, забіў яго і далучыў яго землі да Цюменскага ханства. Унук Мара, Магмет, заснаваў на хантыйскіх землях умацаванне Кашлык (Сібір, Ібір). У 1495 г. ён атрымаў перамогу над Ібакам.

Наступны цюменскі князь Мамук імкнуўся пры падтрымцы нагайцаў заняць прастол Казанскага ханства. Супраць гэтага выступіла Вялікае Княства Маскоўскае. У 1499 г. быў арганізаваны паход маскоўскіх войск у Заходнюю Сібір. Яго ўдзельнікі спустошылі некалькі княстваў ханты і мансі, акрамя таго

ваяводы пайшлі па рацэ Таўдзе міма Цюмені ў Сібір, і шмат заваявалі, і палону прывезлі многія тысячы[1]

У 1505 г. апошні вядомы цюменскі хан Кулук-Салтан пацярпеў паражэнне ад рускіх на рацэ Сылва. Меркавана пасля гэтага Цюменскае ханства паступова ўвайшло ў склад Сібірскага.

Тытул валадароў «тайбугіна роду» не вядомы. Яны здолелі падпарадкаваць сабе частку суседніх зямель ханты і мансі, башкіраў, аднак самі знаходзіліся ў стане вайны з айратамі і нашчадкамі Ібака, якія арганізоўвалі паходы з поўдня. У 1555 г. тайбугінскі валадар Едыгер прызнаў сваю залежнасць ад Івана Грознага, але ў 1563 г. ён і яго суправіцель Бекбулат, былі забіты Кучумам, унукам або пляменнікам Ібака.

Сібірскае ханства Кучума

[правіць | правіць зыходнік]

Апошні валадар Сібірскай дзяржавы з цэнтрам у Кашлыку, Кучум (15631582 гг.) меў тытул хана. У рускіх граматах зваўся царом. Ён прыйшоў да ўлады з дапамогай свайго сваяка Абдулы-хана, валадара Бухары і фармальна залежаў ад яго. Кучум падтрымліваў шчыльныя зносіны з нагайцамі і качэўнікамі Цэнтральнай Азіі. Пры падтрымцы Абдулы-хана праводзіў ісламізацыю.

Некалькі разоў у саюзе з мансі Кучум рабіў паходы за Урал, дзе рабаваў землі Строганавых[ru]. У адказ, у 1581 г. Ярмак разам з казакамі ўварваўся ў Сібірскае ханства і захапіў Кашлык. У 1582 г. Сібірскае княства фармальна было прынята ў склад Расіі. Аднак Кучум працягваў барацьбу. У 1585 г. падчас нападу Кучума загінуў Ярмак. Хан канчаткова адмовіўся ад далейшай барацьбы пасля паражэння ў 1598 г.

Землі, што ўвайшлі ў склад Сібірскага ханства, знаходзіліся на рознай ступені развіцця. Сібіры, што насялялі Барабінскую нізіну, берагі рэк Іртыш і Табол, былі качэўнікамі-жывёлагадоўцамі, трымалі коней і авечак, займаліся паляваннем і рыбалоўствам. Частка насельніцтва вяла аселы лад жыцця. Пры раскопках гарадзішч на месцы былых крэпасцяў археолагамі знойдзена сталае жытло ў форме паўзямлянак з каркасам, абмазаным глінай, і глінянымі печкамі. Тут меліся шматлікія керамічныя вырабы, рамесныя прылады для апрацоўкі воўны, ткацтва, гарбарства. У Кашлыку знойдзены пабудовы з цэглы з вокнамі з празрыстага лушчаку, каля яго — рэшткі прылад працы для земляробства. Разам з адносна развітай качавой і гарадской гаспадаркай меліся дробныя групы паляўнічых і рыбаловаў, накшталт чулымцаў, ханты і мансі.

Фармальна зямля знаходзілася ва ўласнасці абшчын або кіраўнікоў улусаў. Хан, ханскія слугі і кіраўнікі ўлусаў валодалі рабамі, мелі залежных ад іх абшчыннікаў. Большасць насельніцтва складалі асабіста свабодныя абшчыннікі, так званыя «чорныя людзі», што знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад хана і кіраўнікоў улусаў. Яны былі абавязаны выплочваць ясак футрам, прадуктамі качавой гаспадаркі, а таксама служыць у войску.

Дзяржаўны лад

[правіць | правіць зыходнік]

Сібірскае ханства складалася з дробных улусаў на чале бекаў і мурзаў, якія знаходзіліся ў той ці іншай ступені залежнасці ад манарха. Акрамя таго, у залежнасці або ў саюзных адносінах у дачыненні да ханства знаходзіліся суседнія дзяржаўныя ўтварэнні ханты, мансі і селькупаў — Пелымскае, Кодскае, Ляпінскае, Абдорскае, Бардакаўскае, Кандынскае, Белагорскае княствы, Рабая Арда і г. д. Падначаленыя былі абавязаны выплочваць ясак, а таксама аказваць ваенную дапамогу. Валадары «тайбугіна роду» атрымоўвалі ясак ад заваяваных імі ўлусаў і залежных дзяржаўных утварэнняў. Тарханы, кіраўнікі ўлусаў, што лічыліся саюзнікамі і блізкімі памагатымі, былі пазбаўлены ад выплат. Пры хане Кучуме ясак выплочвалі ўсе ўлусы. Цэнтральныя ўлады амаль не ўмешваліся ва ўнутранае жыццё ўлусаў.

Дзяржаўны апарат уключаў самога хана, візіра карачы, блізкіх вяльмож, ясаўлаў (ахоўнікаў парадку), зборшчыкаў ясака — даругаў.

Армія складалася з войск, што накіроўвалі прадстаўнікі ўлусаў і невялікага асабістага войска хана. Пры Кучуме мелася асабістая гвардыя хана з прафесійных воінаў і асабістае ханскае войска з паўднёвых качэўнікаў. Кашлык, сталіца Сібірскага ханства, з’яўляўся добра ўмацаваным горадам. Умацаваныя цэнтры знаходзіліся таксама ў Тон-Туры на беразе ракі Ом, дзе кіраваў намеснік Буян-Бій, умацаванае паселішча на возеры Чаны, крэпасці на рацэ Іртыш, што ахоўвалі Сібірскае ханства ад айратаў.

Зноскі