Хатман-Абральёс
Хатман-Абральёс | |
---|---|
англ. Houtman Abrolhos | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 122 |
Найбуйнейшы востраў | Уэст-Валабі |
Агульная плошча | 16,4 км² |
Найвышэйшы пункт | 7 м |
Насельніцтва |
|
Размяшчэнне | |
28°28′07,90″ пд. ш. 113°41′33,40″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Індыйскі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ха́тман-Абральёс (англ.: Houtman Abrolhos) — архіпелаг з 122 малых каралавых астравоў на паўднёвым усходзе Індыйскага акіяна. Уваходзіць у склад аўстралійскага штата Заходняя Аўстралія. Агульная плошча сушы — 16,4 км². Сталага насельніцтва няма.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Архіпелаг Хатман-Абральёс месціцца прыкладна ў 60 км на захад ад узбярэжжа Заходняй Аўстраліі. Выцягнуты з паўднёвага ўсходу на паўночны захад на 90 км. З’яўляецца найбольш паўднёвай групай каралавых атолаў у Індыйскім акіяне.
У складзе архіпелага вылучаюць некалькі самастойных груп астравоў: Валабі, Істэр і Пелсарт. Найбуйнейшы востраў — Уэст-Валабі ў групе Валабі, які займае плошчу 6,21 км².
Лічыцца, што астравы ўзніклі 10 тысяч — 8 тысяч гадоў таму ў выніку ўзняцця ўзроўню акіяна, калі мацерыковыя часткі сушы Заходняй Аўстраліі апынуліся пад вадой. На падводных плато з’явіліся каралавыя рыфы, паступова з арганічных адкладанняў сфарміравалася новая суша.
Клімат трапічны засушлівы. У лютым тэмпература можа дасягаць +28,5 °C, у ліпені і жніўні апускацца да +15,3 °C. Штогадовая колькасць ападкаў — 277 мм.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Флора астравоў Хатман-Абральёс блізкая да флоры мацерыковай Заходняй Аўстраліі. Пераважаюць хмызнякі-ксерафіты і зараснікі салянкі. Разам з гэтым на астравах ёсць мангры. Найбольшая разнастайнасць раслін на востраве Уэст-Валабі, дзе налічваецца 124 віды.
Наземная фаўна бедная, прадстаўлена дробнымі валабі, пацукамі, паўзунамі, марскімі птушкамі, крабамі і казуркамі. Дзякуючы дзейнасці чалавека сюды трапілі каты, мышы і трусы. Апошнія былі ліквідаваны. Вядзецца барацьба з увезенымі грызунамі. Аўстралійскія рыбакі садзейнічалі пашырэнню папуляцыі валабі, калі перавозілі іх на дробныя, раней незаселеныя астравы.
Падводны жывёльны свет вакол астравоў адрозніваецца разнастайнасцю. Вылучаюць 389 відаў рыб, 194 віды каралаў, 44 віды крабаў, 492 віды марскіх малюскаў. Сустракаюцца ластаногія, кіты, марскія чарапахі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Астравы былі выпадкова адкрыты ў 1619 г. галандскай экспедыцыяй на чале з Фрэдэрыкам дэ Хатманам. Мяркуецца, што былі названы ім у гонар паўднёваамерыканскіх астравоў Абральёс, якія Ф. дэ Хатман мог раней наведваць у 1598 г.
4 чэрвеня 1629 г. на рыфах каля астравоў пацярпела крушэнне судна Галандскай Ост-Індскай кампаніі «Батавія». 282 чалавекі здолелі выратавацца і высадзіліся на каралавым востраве. Капітан А. Якабс разам з групай афіцэраў і маракоў пакінулі пацярпелых і на шлюпцы адплылі ў Батавію за дапамогай. Чалец экіпажа Геранім Карнэліс, які ўзначаліў тых, хто застаўся на астравах, планаваў захапіць выратавальны карабель і стварыць на зноў адкрытых землях незалежнае каралеўства. Ён загадаў салдатам Ост-Індскай кампаніі перасяліцца на іншы востраў нібы ў пошуках вады. Прыхільнікі Г. Карнэліса арганізавалі сярод астатніх ацалелых рэпрэсіі. Пры гэтым было забіта некалькі жанчын і дзіця. Паміж мяцежнікамі і салдатамі разгарнуліся баявыя дзеянні. У выніку мяцеж быў задушаны выратавальнай экспедыцыяй на чале з капітанам Ф. Пельсартам.
У 1840 г. астравы Хатман-Абральёс былі даследаваны экіпажам брытанскага карабля «Бігль», які разам з рэшткамі пацярпелых суднаў знайшоў радовішчы фасфатаў. У 1884—1896 гг. прыватная аўстралійская кампанія здабыла на астравах болей за 48 000 тон угнаенняў.
У 1890 г. астравы Хатман-Абральёс былі афіцыйна ўключаны ў склад Заходняй Аўстраліі.
Гаспадарчая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Астравы Хатман-Абральёс сезонна наведваюцца аўстралійскімі рыбакамі, аднак іх дзейнасць рэгулюецца законам. З сярэдзіны 1990-х гг. на рыфах каля астравоў будуюцца аквафермы, акрамя таго, вядзецца пошук нафты.
Астравы вабяць турыстаў, асабліва аматараў нырання з аквалангам. Развіццю турызма замінае забарона на стварэнне сталага жылля. Абмяркоўваецца магчымасць скасавання гэтай забароны.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Знешні выгляд вострава Рэт
-
Яшчарка на востраве Уэст-Валабі
-
Даследаванне астравоў экіпажам карабля "Бігль" у 1840 г.
-
Рэшткі чалавечага жытла на востраве Уэст-Валабі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Abrolhos Islands
- Houtman Abrolhos Islands Архівавана 6 ліпеня 2016.
- Abrolhos Islands Australia's Coral Coast
- Houtman Abrolhos Nature Reserve
- Conservation key to successful Abrolhos Islands tourism say experts
- Batavia's History
- ↑ Houtman Abrolhos // QuickStats — Australian Bureau of Statistics. Праверана 28 чэрвеня 2022.