Хаціслаў
Аграгарадок
Хаціслаў
| ||||||||||||||||||||||
Хаці́слаў[1] (трансліт.: Chacislaŭ, руск.: Хотислав) — аграгарадок у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Хаціслаўскага сельсавета. 360 гаспадарак, 1033 жыхары (2005).
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паселішча размешчаны за 10 км на поўдзень ад Маларыты, 4 км ад чыгуначнай станцыі Хаціслаў (на лініі Брэст—Ковель), 62 км ад Брэста.
Хаціслаўскі блок геалагічнага фундамента адносна прыўзняты, тут блізка да паверхні залягаюць карысныя выкапні. Хаціслаўскаае радовішча мелу знаходзіцца за 5,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, пластападобны паклад звязаны з пародамі сантонскага яруса і належыць да мелавога перыяду. Ва ўскрышы торф, пяскі, супескі[2]. Пластападобны паклад пяскоў звязаны з флювіягляцыяльнымі адкладамі часу адступання дняпроўскага ледавіка[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Па пісьмовых крыніцах Хаціслаў вядомы з XVI ст. Упамінаецца ў апісанні мяжы паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай у 1546 годзе. Паводле юрыдычных актаў 1566 годзе, сяло Хаціслаў Олтушскага войтаўства Палескай воласці Берасцейскага староства, меўся вадзяны млын.
Паводле інвентароў Брэсцкай эканоміі, у 1668 годзе — сяло, 24 валокі зямлі, 1 валока належала новапабудаванай царкве, 35 аселых гаспадарак; у 1682 годзе — 24 валокі зямлі, 2 належалі царкве, 56 аселых гаспадарак.
Паводле прывілея Аўгуста III у 1759 годзе 2 валокі зямлі ў Хаціславе падараваны Міхаілу і Сафіі Здзітавецкім. У 1782 годзе кароль Станіслаў Аўгуст даў прывілей на парафію Хаціслаўскай царквы святару Васілю Харламповічу. У 1789 годзе сяло Збуражскага ключа Брэсцкай эканоміі, 65 аселых гаспадарак.
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі. 18 жніўня 1795 года Кацярына II падаравала сяло генерал-маёру Мікалаю Данскому. У 1799 годзе пабудавана Спаса-Праабражэнская царква. У другой палове 19 ст. сяло ў Олтушскай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні. Згодна з рэвізіяй 1850 года с. Хаціслаў у складзе маёнтка Олтуш.
У 1860-я г. адносілася да маёнтка Олтуш, Хаціслаўскай сельскай грамады. У 1874 годзе адкрыта земскае народнае вучылішча (у 1886 — 46 вучняў, у т.л. 11 дзяўчынак, у 1900 — 50 вучняў). У 1886 годзе дзейнічалі праваслаўная царква, земскае народнае вучылішча, капліца, карчма.
Апрача земляробства і жывёлагадоўлі жыхары займаліся ткацтвам, кавальскім, кравецкім і інш. промысламі.
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]У 1921—39 гг. у складзе Польшчы. Вёска ў Олтушскай гміне Брэсцкага павета Палескага ваяводства. Працавала пачатковая школа (у 1937 — 80 вучняў). Дзейнічала ячэйка КПЗБ. З верасня 1939 года ў БССР. 3 12 кастрычніка 1940 года вёска — цэнтр сельсавета Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1940 годзе працавалі пачатковая школа і магазін.
У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 года да 20 ліпеня 1944 года Хаціслаў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Вёска спалена ў 1941 годзе, загінулі 42 мірныя жыхары. На франтах загінулі і прапалі без вестак 22 вяскоўцы. Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».
20 студзеня 1950 года арганізаваны калгас «Запаветы Леніна». У 1962—65 гг. вёска ў Брэсцкім раёне. У 1998 годзе цэнтр калгаса «Запаветы Леніна».
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XVI стагоддзе:
- 1566 год — 13 двароў, 34 сям’і.
- XVIII стагоддзе:
- 1795 год — 223 душы мужчынскага і 175 жаночага полу.
- XIX стагоддзе:
- 1850 год — 362 душы мужчынскага і 377 жаночага полу.
- 1860-я год — 504 рэвізскія душы.
- 1886 год — 63 двары, 688 жыхароў.
- XX стагоддзе:
- 1905 год — 1016 жыхароў.
- 1921 год — 83 двары, 432 жыхары.
- 1940 год — 140 двароў, 560 жыхароў.
- 1959 год — 1742 жыхары.
- 1970 год — 646 жыхароў.
- 1998 год — 360 гаспадарак, 1080 жыхароў.
- XXI стагоддзе:
- 2005 год — 360 гаспадарак, 1033 жыхары.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Працуюць сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, урачэбная амбулаторыя, музычная школа, кафэ, аддзяленне сувязі, ашчадны банк, магазін.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Спаса-Праабражэнская царква
- Помнік землякам і савецкім актывістам
- Курган Славы ў гонар воінаў 75-й стралковай дывізіі
- Мемарыяльная дошка ў гонар старшыні Хаціслаўскага с/с Я. Г. Бенесюка і яго намесніка І. М. Лук’янчука, якія загінулі ад рук бандытаў у 1946 і 1948 гг.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ Хаціслаўскаае радовішча мелу // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.
- ↑ Хаціслаўскаае радовішча пяскоў // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2004—2021.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Хаціслаў