Чырвоны харчавік
Чырвоны харчавік | |
---|---|
Тып | Адкрытае акцыянернае таварыства |
Заснаванне | 1870 |
Заснавальнікі | Ханон Райцын |
Краіна | |
Размяшчэнне | Беларусь, Магілёўская вобласць, Бабруйск, вул. Бахарава, 145, 213805 |
Адрас | |
Галіна | харчовая прамысловасць |
Прадукцыя | слодычы |
Сайт | zefir.by |
ААТ «Чырво́ны харчаві́к» — прадпрыемства ў Бабруйску, заснаванае ў 1870 годзе.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1870 годзе купец Ханон Райцын адкрыў у Бабруйску дражджавы завод. На ім працавалі 40 чалавек, у год выраблялі каля 400 фунтаў дрожджаў. Першыя будынкі былі драўляныя, пазней дабудаваныя мураваныя баракі для пражывання працаўнікоў.
У 1890 годзе Райцын прадаў завод купцу Зусьману Рабіновічу. У 1892—1897 быў збудаваны мураваны корпус, набытае новае абсталяванне. У 1898 Рабіновіч прадаў ⅗ часткі ўласнасці Ашэру Рабіновічу і Шмерку Галадцу. З 1902 года завод перайшоў ва ўласнасць памешчыкаў Вікенція Козел-Паклеўскага і Карла Незабытоўскага. У 1913 новым уласнікам стаў купец 1-й гільдыі Янкель Разоўскі.
Пасля прыходу бальшавікоў завод перададзены павятоваму Саўнаркаму, яго кіраўніком стаў Геца Фрыд. У 1921 годзе, за новым дырэктарам С. Л. Гінзбургам вытворчасць спынілася. У 1924 годзе завод перададзены Белхарчтрэсту, пачаўся капітальны рамонт. Былі створаныя вытворчыя аддзяленні: квасільнае, вальцавое, заторнае, мачыльнае, прасовачнае, пакавальнае. У наступным годзе завод выпусціў больш за 700 кг дрожджаў, якія пастаўляліся пераважна ва Украіну, а таксама Бабруйскі і Магілёўскі раёны.
У 1928—1930 завод рэканструяваны і перайменаваны ў кандытарскую фабрыку «Чырвоны харчавік». Пачаўся выпуск пасцілы, мармеладу, павідлы. У 1934 годзе ўведзены карамельны цэх, у 1934 — халвічны, у 1937 — дрожджавы. Перад Вялікай Айчыннай вайной фабрыка выпускала 33 віды кандытарскіх вырабаў агульнай масай 7000 тонаў.
У 1944 годзе немцы пры адступленні спалілі фабрыку, частку абсталявання вывезлі. Вытворчасць адноўленая ў 1945, да 1950 дасягнуты даваенны аб’ём прадукцыі. У 1952—1955 гг. адбываецца пераарыентацыя прадпрыемства на выпуск пасціла-мармеладных вырабаў. У 1969—1971 года збудаваная халвічная вытворчасць.
У кастрычніку 1994 г. кандытарская фабрыка пераўтвораная ў адкрытае акцыянернае таварыства. У 1999 г. уведзеныя ў эксплуатацыю лініі па вытворчасці ірысу, мармеладу і цукерак у шакаладнай глязуры з аўтаматычным пакаваннем.
Прадукцыя
[правіць | правіць зыходнік]Фабрыка выпускае больш за 140 відаў прадукцыі: зефір, халва, дражэ, мармелад, ірыс, жэлейныя цукеркі.
-
Зефір «Ванільны»
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйная старонка (руск.) (англ.) (кіт.)
- Гісторыя прадпрыемства(недаступная спасылка) // Магілёўская абласная бібліятэка