Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод
Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод | |
---|---|
Тып | адкрытае акцыянернае таварыства |
Заснаванне | 1858 |
Заснавальнікі | Карл Камінскі |
Краіна | Беларусь |
Размяшчэнне | Магілёўская вобласць |
Адрас | Клімавічы, Набярэжная вул., д. 10 |
Ключавыя постаці | Эдуард Арэшка, Андрэй Чышчэня |
Галіна | харчовая прамысловасць |
Прадукцыя | гарэлка, джын, настойка, этанол |
Абарот | ▼ 336,057 млрд недэнам. руб[1] (2015 г.; $20,959 млн) |
Аперацыйны прыбытак | ▼-27,476 млрд недэнам. руб (2015 г.; -$1,714 млн) |
Чысты прыбытак | ▲-667 тыс. рублёў (2017 г.; -$334 тыс.) |
Матчына кампанія | ААТ «Мінск Крышталь» |
Даччыныя кампаніі | Касцюковіцкі спіртзавод |
Сайт | klimlvz.by |
ААТ «Клі́мавіцкі лікёра-гарэ́лачны заво́д» — дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1858 годзе ў Клімавічах шляхціцам Карлам Камінскім.
На 2018 год завод выпускаў гарэлку «Альфа лінія», «Каласы» і «Сярэбраныя ключы», этанол і настойкі, у тым ліку «Клімград» з мацункам 22%. Прадпрыемства было найбольшым у Клімавіцкім раёне паводле колькасці супрацоўнікаў. На яго прыпадала 10% алкагольнага рынку Беларусі. Звыш паловы выручкі завода ішло на падаткі[2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1858 годзе шляхціц Карл Камінскі заснаваў у Клімавічах (Магілёўская губерня) рэктыфікацыйны завод на беразе ракі Лабжанка. На завод паступаў спірт-сырэц з сырцовых заводаў Клімавіцкага павета, якія належалі Камінскаму. Спірт-сырэц дастаўлялі гужавымі павозкамі ў бочках, але вымярэнні ажыццяўлялі ў вёдрах. Выраблены спірт-рэктыфікат адпраўлялі ў Чэрыкаў (Магілёўская губерня), дзе з яго выраблялі гарэлку. У лістападзе 1917 года бальшавіцкі ўрад Расіі нацыяналізаваў завод. У 1934 годзе прадпрыемства пераўтварылі ў пладавінзавод, дзе выраблялі джэм, яблычнае пюрэ і сочыва, пладова-ягаднае віно. У 1935 годзе аднавілі выпуск гарэлкі з разлівам у пляшкі па 0,1 літра, 0,5 літра, 1 літр і 3 літры. У 1937 годзе ўсталявалі канвеер. Пасля ўсталявання 2-га канвеера вытворчасць вырасла да 5000 дэкалітраў за год. У 1939 годзе на канвееры працавала 12 чалавек. Ваду пампавалі з ракі Лабжанкі і артэзіянскай свідравіны пры дапамозе паравых помпаў. У кацельні дзейнічаў кацёл Шухава-Берліна, які забяспечваў завод парай. Крыніцай электраэнергіі служыла паравая машына. Заводу падпарадкавалі гарэлачную краму ў Клімавічах, што да 1939 года належала Цэнтраспірту — саюзнаму аб’яднанню дзяржаўных вінакурняў. У 1943 годзе нямецкія акупацыйныя ўлады вывезлі ў Германію рэктыфікацыйны апарат і падарвалі завод[3].
У 1944 годзе на заводзе аднавілі вытворчасць гарэлкі са спірту-сырцу, які прадавалі ў бочках. У 1947 годзе пабудавалі кацельню з 2 катламі на торфе. У 1948 годзе аднавілі разліў гарэлкі ў пляшкі. У 1950 годзе аднавілі цэх рэктыфікацыі, пабудавалі лікёрны ўчастак і аддзяленне посуду. У 1953 годзе ўкаранілі аўтаматычную лінію разліву на 3000 пляшак за гадзіну, сталі выпускаць гарэлку трох мацункаў — 40 %, 50 % і 56 % — а таксама лікёры і настойкі. У 1955 годзе ўсталявалі пляшкамыйную машыну. У 1958 годзе рэктыфікацыйны апарат замянілі на новы магутнасцю 750 дэкалітраў за содні з адначасным аддзяленнем сівушнага алею і эфіраальдэгіднай фракцыі (ЭАФ). Цэх разліву налічваў 4 аўтаматычныя лініі, на трох з якіх разлівалі ў паўлітровыя пляшкі. На яшчэ адной лініі разлівалі ў пляшкі па 0,25 літра. У 1959 годзе ўсталявалі пляшкамыйную машыну на 6000 пляшак за гадзіну і прыпынілі выраб гарэлкі мацункам 40 %. У 1960 годзе лікёрны цэх пераабсталявалі ў вінны магутнасцю 8000 дэкалітраў за месяц. У 1966 годзе пабудавалі дадатковую артэзіянскую свідравіну з выдаткам 60 м³ вады за год. У 1967 годзе налічвалася 312 супрацоўнікаў, з іх 274 работнікі, 24 інжынеры і тэхнікі, 14 службоўцаў. У 1968 годзе ўсталявалі 5 аўтаматычных ліній разліву гарэлкі магутнасцю на 6000 пляшак за гадзіну. У 1980 годзе ўзвялі будынак з рэктыфікацыйнай устаноўкай на 2000 дэкалітраў за содні і 3-павярховы адміністрацыйны корпус. У 1984 годзе магутнасць віннага цэха дасягула 1,41 млн дэкалітраў за месяц. У красавіку 1987 года Клімавіцкаму лікёра-гарэлачнаму заводу падпарадкавалі Касцюковіцкі спіртзавод. У 1987 годзе ў Клімавічах наладзілі выраб безалкагольнага кактэйлю «Рубінавы». У будынках аўтабазы стварылі кандытарскі цэх, дзе пачалі выпускаць такія ўсходнія ласункі, як фруктовы лукум (250 тонаў за год) і газінакі (100 тона). У 1989 годзе прадпрыемства налічвала 310 супрацоўнікаў[3].
У 1992 годзе пабудавалі цэх з прэс-формамі для вырабу скрыняў з поліэтылену нізкага ціску. У 1994 годзе пусцілі нямецкую аўтаматычную лінію «Нагема» на 6000 пляшак за гадзіну з укупоркай «пад шруб». У 1996 годзе скончылі будаўніцтва спіртасховішча на 150 000 дэкалітраў. Уласны аўтапарк дастаўкі сыравіны налічваў 68 грузавікоў. У 1997 годзе пусцілі аўтаматычныя майстэрні. У 1999 годзе кацельню перавялі з вадкага паліва на прыродны газ. У 2001 годзе ўсталявалі італьянскую лінію разліву «Маг» для пляшак ад 0,25 літра да 1 літра з магчымасцю прымяняць кроненкорку для ўкупоркі і 2-пазіцыйнай этыкеткі. Таксама паставілі лінію разліву віна. У 2002 годзе паставілі 3 прэсы «Бухер» для перапрацоўкі 15 тонаў яблыкаў за гадзіну і вакуум-выпарную ўстаноўку для вырабу канцэнтраванага соку. У 2004 годзе набылі газавы храматограф для вызначэння мікрадамешкаў у спірце і гарэлцы. У 2005 годзе заклалі сад на 110 гектараў з 7 відамі раслін: алыча, вішня, чарнаплодная рабіна, чорныя і чырвоныя парэчкі, яблыня. У 2006 годзе УП «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» быў 2-м паводле велічыні вытворцам гарэлкі ў Беларусі. Вытворчая магутнасць завода складала: па спірце-сырцы — 2,87 дэкалітраў за содні і 876 000 дэкалітраў за год; па спірце-рэктыфікаце — 4000 дэкалітраў за содні і 1,25 млн дэкалітраў за год; па гарэлцы — 2,5 млн дал за год; па настойках — 180 000 дал за год; па вінаградным віне — 271 200 дал за год. Гадавая магутнасць па вырабе ўсходніх ласункаў складала 204 тонаў, у тым ліку грыльяжу, газінакаў і лукуму. Гадавая магутнасць па выпуску поліэтыленавых скрыняў складала 280 000 адзінак[3].
У 2007 годзе набылі аўтаматычны станок для прастаўлення этыкетак і акцызных марак. У 2008 годзе адрамантавалі свідравіну і паставілі ўстаноўку змякчэння вады і фільтар абезжалезвання. У 2009 годзе на Касцюковіцкім спіртзаводзе замянілі 3-калонную брагарэктыфікацыйную ўстаноўку на 6-калонную. У чэрвені 2010 года ў Касцюковічах увялі новае варачнае аддзяленне. У верасні 2010 года пусцілі ўстаноўку сярэбранай фільтрацыі. У студзені 2011 года паставілі ўстаноўку паліравальнай фільтрацыі. У верасні 2013 года УП «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» асвоіла выпуск спірту з найвышэйшай у Беларусі ступеняй ачысткі «Белальфа», што прадугледжвала змяшчэнне не больш як 0,003 % бясколернай атруты метылавага спірту ў пераліку на бязводны спірт. Пагатоў дагэтуль выкарыстоўвалі спірт вышэйшай ачысткі, дзе дапускалася 0,03 % бясколернай атруты метылавага спірту[4]. 17 ліпеня 2015 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 326 «Аб стварэнні і дзейнасці холдынгу па вытворчасці алкагольнай прадукцыі» пад кіраўніцтвам ААТ «Мінск Крышталь», якому падпарадкавалі ААТ «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод»[5]. На час уключэння ў холдынг «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» быў 2-м найбольшым падаткаплатнікам Магілёўскай вобласці. 16 мая 2018 года Магілёўскі абласны суд зацвердзіў 1,5-гадовы план санацыі завода ў сувязі з неплатаздольнасцю па запазычанасці на 59 млн рублёў[2].
Кіраўнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Камінскі (1914—1917)
- Цехін (1929)
- Арлоўскі (да 1935 года)
- В. К. Мянькоў (1935—1941)
- Арсеній Дзянісаў (1944—1948)
- Языкоў (1948)
- Кавалёў (1-я палова 1950-х)
- Лявонаў (2-я палова 1950-х)
- С. І. Анжэнка (да 1962 года)
- Нічыпар Гнедчык (1962—1970)
- Уладзімір Патоцкі (1970—1981)
- Міхаіл Белавусаў (1981—2003)[3]
- Вячаслаў Рамашкевіч (2003—2005)
- Мікалай Бялко (8 чэрвеня 2010 — красавік 2014 года)
- Алег Буянаў (красавік 2014 — люты 2017)
- Мікалай Акулік (люты — жнівень 2017)[6]
- Эдуард Арэшка (са жніўня 2017 года)
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ "Справаздача аб дзейнасці ААТ за 2015 год"(руск.). Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь. 23 мая 2016. Праверана 3 снежня 2018.
- ↑ а б На Магілёўшчыне ратуюць лікёра-гарэлачны завод . Радыё «Свабода» (16 мая 2018). Праверана 3 снежня 2018.
- ↑ а б в г Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод(недаступная спасылка). Магілёўская абласная бібліятэка (5 лістапада 2006). Архівавана з першакрыніцы 27 лютага 2021. Праверана 3 снежня 2018.
- ↑ Коратка // Звязда : газета. — 19 верасня 2013. — № 176 (27541). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ↑ А. Лукашэнка. Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2015 г. № 326 «Аб стварэнні і дзейнасці холдынгу па вытворчасці алкагольнай прадукцыі» (руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт партал Рэспублікі Беларусь (22 ліпеня 2015). Праверана 3 снежня 2018.(недаступная спасылка)
- ↑ Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод заявіў пра банкруцтва . Радыё «Свабода» (24 жніўня 2017). Праверана 3 снежня 2018.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Электронная форма звароту грамадзян (руск.)(недаступная спасылка). ААТ «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» (5 лістапада 2018). Архівавана з першакрыніцы 9 снежня 2018. Праверана 3 снежня 2018.